Асуджаным акажуць садзейнічанне ў вырашэнні праблем

Общество

Дапамагчы беспрацоўным людзям з судзімасцю — такую мэту ставілі ініцыятары акцыі «Не ўпусці свой шанц» і ўдзельнікі пасяджэння назіральнай камісіі, арганізуючы гутарку раённых спецыялістаў з грамадзянамі, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. На сустрэчы прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька, пракурор раёна Аляксандр Шабалінскі, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Чэрвеньшчыны і іншыя зацікаўленыя асобы.

Па словах начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ігара Шыманскага, асноўныя прычыны, па якіх людзі з судзімасцю аказваюцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзве: злоўжыванне алкаголем і нежаданне працаваць. Таму ўдзельнікі пасяджэння неаднаразова падкрэслівалі, што без намаганняў з боку асуджаных поспеху не будзе і заклікалі іх зрабіць першыя крокі да працаўладкавання.

Галоўны спецыяліст аддзела занятасці Інэса Грышчанка агучыла некаторыя вакансіі ў раёне, частка прафесій не патрабавалі ад кандыдатаў спецыяльнай падрыхтоўкі. У прыватнасці, працоўныя рукі неабходны райаграсервісу (кіроўца аўтамабіля, трактарыст, жывёлавод, заатэхнік, рабочы па догляду за жывёламі, кухар, падсобны рабочы, слесар па рамонту сельскагаспадарчых машын, электрагазазваршчык, электраманцёр), аўтапарку (кіроўца аўтамабіля, машыніст мыйнай устаноўкі, мыйшчык-прыбіральнік рухомага саставу, слесар па рамонту аўтамабіляў, слесар-электрык, электразваршчык), лясгасу (кіроўца аўтамабіля, вальшчыкі лесу, леснікі, лесарубы, рубшчыкі сукоў, рамшчыкі, станочнікі дрэваапрацоўчых станкоў, трактарысты, укладчыкі піламатэрыялаў), ЖКГ (машыністы бульдозера, аператары кацельні, слесары аварыйна-аднаўленчых работ, муляры, цесляры, трактарысты, электрагазазваршчыкі, электраманцёры) і іншым.

Акрамя таго, аддзел занятасці аказвае беспрацоўным садзейнічанне ў бясплатным перанавучанні на новую прафесію, патрабаваную на рынку працы: слесара па рамонце аўтамабіляў, машыніста аўтавышкі, машыніста крана, кіроўцу пагрузчыка, аператара базавай кацельні, электрагазазваршчыка, электраманцёра, мантажніка, стропальшчыка, маляра, тынкоўшчыка, кухара, кандытара, цырульніка і інш. На базе Чэрвеньскага раёна дзейнічаюць курсы  па падрыхтоўцы вадзіцеляў катэгорыі С. Група набіраецца двойчы ў год. Новы набор плануецца ў жніўні. У мінулым годзе перанавучанне прайшлі два чалавекі з судзімасцю.

Адказваючы на пытанні прысутных, Інэса Грышчанка заўважыла, што пры звароце ў цэнтр занятасці неабходна мець пры сабе пашпарт з раённая прапіскай (рэгістрацыяй) і працоўную кніжку. Гэта неабходныя дакументы для пастаноўкі грамадзяніна на ўлік як беспрацоўнага.

— А калі я ў Мінску прапісаны, а пражываю ў вёсцы Турэц? — удакладніў адзін з прысутных.

— Вам павінен аказваць садзейнічанне ў працаўладкаванні і перанавучанні аддзел занятасці па месцы прапіскі, — адказала яна.

Пра дапамогу, якую прадастаўляюць асуджаным у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, распавялі псіхолаг Святлана Аношка і спецыяліст аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Вольга Стараносава. У цэнтр можна звярнуцца за трыма відамі помачы: гуманітарнай, псіхалагічнай і дзяржаўнай сацыяльнай адраснай. Апошняя прадастаўляецца ў выглядзе аднаразовай і (альбо) штомесячнай дапамогі, кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў, аплаты тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі і забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Па словах Вольгі Стараносавай, сацыяльная адрасная дапамога аказваецца па месцы прапіскі і пры пэўных умовах: калі чалавек па аб’ектыўных прычынах аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, калі ў сям’і сярэднедушавы даход не перавышае бюджету пражытачнага мінімуму (з 1 мая ён складае 974 110 рублёў) і інш.

За больш падрабязнай інфармацыяй спецыялісты параілі звяртацца ў індывідуальным парадку ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які знаходзіцца па адрасе вуліца Ленінская, 38 (насупраць дома-інтэрната).

На сустрэчы асуджаныя агучылі праблемы, з якімі яны сутыкнуліся пасля вяртання з месцаў пазбаўлення волі і падчас самастойных пошукаў працы. Так, у жыхара Заполля ўзніклі цяжкасці з працаўладкаваннем. Неаднаразова судзімы за крадзяжы, сёння мужчына адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысутных ён запэўніў, што жаданне працаваць ёсць (трэба карміць сям’ю), аднак работадаўца, які б дапамог яго здзейсніць, знайсці цяжка. На гэтай падставе назіральная камісія, якую ўзначальвае Ала Шахоцька, хадайнічала перад ААТ «Запольскае» аб працаўладкаванні асуджанага.

Па словах старшыні камісіі, усе праблемныя пытанні, агучаныя падчас пасяджэння, будуць узяты на кантроль. У іх вырашэнні асуджаным акажуць садзейнічанне.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *