ВЯЛІКАЯ ТАЙНА

Общество

(альбо вялікая навука).

Марыі БЯЖАН, г. Чэрвень.

Заўтра я іду ў разведку да бабулькі Волькі. Гэтак яе называюць таму, што яна адзіная на сяле павівальная бабка. Мне даручана разнюхаць, дзе стаіць пастка. Гэтае даручэнне я атрымала ад хлопцаў намнога старэйшых за мяне. Яны — падлеткі, і мяне перапаўняе гонар ад даручанага задання. Але гэта — вялікая тайна, і мне патрэбна трымаць язык за зубамі. Я, канешне ж, запытала дзеля чаго ўсё гэта патрэбна, але Міша адказаў, што аб тым гаварыць рана і, хіхікаючы, дадаў:

— Даведаешся, калі на дыверсію пойдзем, а пакуль што займіся разведкай. I вось я, набіўшыся ў памочніцы да бабулькі Волькі, дапамагаю ёй палоць грады і ўсё вынюхваю. Позна ўвечары чацвёра хлопцаў і я на гарбу ў Мішы адпраўляемся на дыверсію. Вова пералез цераз плот, Міша ўжо перадае мяне Вову. У яго ў руках вялікая палка, і ён тыкае ёю перад сабой,  а я  паказваю,  дзе  прыкладна ўстаноўлена п а с т к а. Раздаецца ляск.

— Усё, міна знішчана! — скаліцца Вова і перадае мяне Мішу, а той хутка адносіць мяне дадому, загадаўшы не вякаць аб убачаным і хутка знікае за дзверы.

Раніца наступнага дня. Я сяджу на грубцы, гуляю з лялькай. Маці штосьці шые на швейнай машыне. Да нас зайшла бабулька Волька і нешта паказвае маці. Яна ледзь не плача і просіць прыпомніць, каму шыла сукенку гэткага колеру. Ноччу нейкія галаварэзы абтрэслі салодкую яблыню, абламаўшы шмат галля, а пастку, якую ставіў дзед ад няпрошаных гасцей, закінулі ў вулку ў лужыну, у ёй быў гэты паясок.

— Сляды вялікіх ног навокал, ды патоптаныя грады, -ужо плача яна.

— Дык гэта ж мой! — ледзь не выпаліла я, пазнаўшы свой паясок.

Мяне пранізаў холад. Атрымліваецца, што ніякая я не разведчыца, а здрадніца. Вось як я аддзякавала бабу Вольку за гасцінцы, якія яна давала, тоячыся ад скупога дзеда. I дзеля чаго яны палезлі ў тыя яблыкі? У нас жа гэткая салодкая яблыня і тых яблыкаў хапае. Ніхто не забараняе ні Мішу, ні Вову ірваць колькі захочацца. На маё шчасце, баба Волька не дужа прыглядалася да майго адзення, калі я ёй дапамагала. Хоць мая сукенка і з ласкутоў рознага колеру, але ж каўнерык, карманы і паясок былі аднакаляровыя.

Калі яна пайшла, маці пачала допыт, але я сказала, што дапамагала палоць, вось і згубіла.

— Дык чаго ж ты сядзела такая напалоханая, калі не мела да таго аніякага дачынення? — запытала маці.

Шыццё яна закінула і ўжо качала бялізну, седзячы на падлозе, нібы супакоіўшыся. Я з палёгкай уздыхнула.

— Слава Богу! — пранесла.

I вось маці ўжо іншым лагодным галаском просіць мяне:

— Нясі, дачушка, сукенку ляльчыну, пакачаем, каб прыгажэй была.

Я і купілася, а маці, ухапіўшы мяне за каршэнь, ужо качае не сукенку ляльцы, а прасуе мой худы зад. Адцерабіла яна мяне той качалкай так, што я доўга не маг л а карыстацца сваей сядзёлкай. Я нават рухацца не магла, так было балюча.

— Гэта табе дзеля таго, каб ты наперад добра падумала, а потым здзяйсняла задуманае, — павучала яна мяне.

А пасля маці галасіла яшчэ болей за мяне. I хоць хлопцаў я не залажыла, але вырашыла адпомсціць ім за падставу пры першым зручным выпадку.

— Цвёрда трымаўся юнак на дапросе! — скаліў зубы Вова, убачыўшы мой пасінелы зад.

Гэта было ўжо, калі я пачала пакрыху выходзіць з хаты і зайшла падзякаваць братца за падставу. Вова хадзіў у пяты клас і тады-сяды фарсіў спадабаўшыміся фразамі.

Урок, які прыпадала мая маці, запомніўся мне на ўсё жыццё. Я дала сабе зарок: ніколі не паводзіць сябе гэтак бяздумна.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *