Нашым навучэнцам не было роўных

Спорт

Восьмы раз праводзіўся ў Віцебску  рэспубліканскі фестываль “Студэнцкая аграрная вясна 2013 года”. У ім удзельнічалі студэнты і навучэнцы беларускіх сельскагаспадарчых  вышэйшых навучальных устаноў і каледжаў.

Фестываль стаў сапраўднымі агледзінамі ведаў і творчых магчымасцей моладзі, якая рыхтуецца працаваць у вёсцы. Кожны раз спаборнічала і каманда Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Другі год запар яна займае першыя месцы. Але сёлета асабліва паспяхова выступілі смілаўчане. Акрыленыя перамогай, навучэнкі Дар’я Міцінёва, Аксіння Шацікава рапартавалі дырэктару ўстановы Тамары Канстанцінаўне Сень: “Нам не было роўных ва ўсіх чатырох конкурсах. У кожным з іх мы заваявалі Дыпломы першай ступені”.

Менавіта гэтыя словы найбольш яскрава характарызуюць перамогу навучэнцаў каледжа. Выхаванцы паказалі выдатныя веды па спецыяльным прадмеце ў конкурсе “Што, дзе, калі?” Неўзабаве яны прыйдуць у гаспадаркі кваліфікаванымі кадрамі.

Першага месца дабіліся таксама ў спартыўных спаборніцтвах, спартландыі, якая атрымалася вельмі відовішчнай.

Ніякіх шанцаў не пакінулі іншым камандам і ў канцэртнай праграме. Акрамя гэтага, Дыпломамі першай ступені адзначаны нашы навучэнцы і ў асобных намінацыях. У прыватнасці, Сандра Высоцкая прызнана лепшай вядучай фестывалю. Вызначылася ў адцісканні Кацярына Мец.

У інтэлектуальнай гульні паказалі высокі ўзровень Марына Маслава, Аксіння Шацікава, Аляксей Харытончык. Яны сталі пераможцамі.

З вялікай перавагай выхаванцы каледжа перамаглі сапернікаў у чэмпіянаце “Свая гульня” — аб жыцці раслін. Таму заслужана Міцінёва  атрымала  Ганаровую грамату.

Ніхто не змог скласці канкурэнцыю нашым у брэй-рынгу. Большасць складалі навучэнцы ветэрынарнага аддзялення. Акрамя названых  вышэй, варта адзначыць Вікторыю Баркову, Марыну Маславу, Марыю Раманюк, Івана Давыдзенку.

Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзмітрыя Андрэевіча Аўраменкі педкалектыў каледжа выканаў вялікую падрыхтоўчую працу.

Выкладчыкі дадатковай адукацыі Лідзія Эдуардаўна Мыцько, Анжэла Эдуардаўна Букатко шмат уклалі майстэрства, натхнення, выдумкі ў стварэнне запальваючых вакальных і танцавальных нумароў.

Поспех спартыўнай праграмы забяспечваў кіраўнік фізічнай культуры і здароўя Віктар Аляксеевіч Галубовіч. Выкладчык Канстанцін Уладзіміравіч Груздоў рыхтаваў удзельнікаў інтэлектуальных гульняў.

У выніку агульных намаганняў каманда Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа стала абсалютнай пераможцай. Ёй уручаны галоўны Дыплом фестывалю, Дыпломы першай ступені ва ўсіх конкурсах і намінацыях, а таксама 8 Кубкаў.

Настрой навучэнцаў баявы і на фестываль у 2014 годзе.

Іван ЯРАШЭВІЧ, г.п.Смілавічы

На здымках — удзельнікі фестывалю

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *