Футбол: чэрвеньскі «Колас» перамог лідара чэмпіянату вобласці (фота)

Актуальное Спорт

Учора футбалісты чэрвеньскага «Коласа» ў хатнім матчы чэмпіянату Мінскай вобласці згулялі з камандай «Клецк». Лідар чэмпіянату да прыезду ў Чэрвень меў стопрацэнтны вынік — чатыры перамогі ў чатырох матчах.

Першы тайм сустрэчы скончыўся з мінімальнай перавагай «Коласа» — 1:0. Пенальці за знос ў штрафной пляцоўцы «Клецка» Аляксея Ганчарыка на 9-й хвіліне рэалізаваў Аляксандр Мрынскі.

У другім тайме, на 71-й хвіліне гаспадары поля атрымалі права на яшчэ адзін пенальці: гэтым разам кляччане парушылі правілы ў сваёй штрафной супраць Аляксандра Даніліка. Удар Аляксандра Мрынскага з 11-мятровай адзнакі зноў быў дакладным — 2:0. 

На 75-й хвіліне сустрэчы «Колас» застаўся ўдзесяцёх: чырвоную картку атрымаў Аляксандр Качаргін. Госці, скарыстаўшы колькасную перавагу, неўзабаве скарацілі разрыў у ліку — 2:1. Аднак ўжо ў дададзены да асноўнага час удар Уладзіміра Хурсіка зняў усе пытанні наконт пераможцы сустрэчы — 3:1.

Пасля пяці тураў «Колас» з дзесяццю ачкамі займае трэці радок у турнірнай табліцы групы «Б». На два ачкі больш маюць «Клецк» і капыльскі «Будаўнік».

У нядзелю, 30 чэрвеня,наша каманда зноў згуляе на сваім полі. Сапернік — «Старыя Дарогі». Пачатак сустрэчы — у 14 гадзін.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *