«НЕ ШКОДЗЬ ПРЫРОДЗЕ, ЖЫВІ З ЁЙ У ЗГОДЗЕ»

Общество

Як вядома, гэты год аб’яўлены ў Беларусі Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. Пэўную работу ў гэтым накірунку праводзіць і наша бібліятэка.

Нядаўна старшакласнікаў СШ №2 г.Чэрвеня і іх класнага кіраўніка Ірыну Пятроўну Хендогіну мы запрасілі на сустрэчу «Не шкодзь прыродзе, жыві з ёй у згодзе» — з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцінам Пузанковым (на здымку).

Наш госць распавёў прысутным пра раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, якія растуць і водзяцца на Чэрвеньшчыне. Ён узгадаў пра баранец звычайны, лінею паўночную, цыбулю мядзведжую, а таксама пра вялікага бугая і чорнага бусла.

Валянцін Васільевіч засяродзіў увагу прысутных на біялагічным заказніку мясцовага значэння «Іванаўскі», батанічных помніках прыроды рэспубліканскага значэння «Сосны чорныя смілавіцкія» і «Парк Раванічы», мясцовага значэння — парк «Смілавічы» і «Убель», а таксама на гідралагічным помніку прыроды мясцовага значэння — «крыніца Галкоўскага».

Тэма сустрэчы настолькі зацікавіла старшакласнікаў і іх класнага кіраўніка, што пытанняў Валянціну Васільевічу задавалі шмат. Пра стан пітной вады, ці праўда, што ў нас развялося шмат ваўкоў, ці будзе ў Чэрвені пабудавана станцыя абезжалезвання, у якіх рэках і азёрах у летні перыяд можна купацца ды іншыя.

Зазначу, што цэнтральная бібліятэка здаўна падтрымлівае цесныя сувязі з інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Штогод мы атрымліваем адтуль кнігі ў падарунак, а таксама новую інфармацыю па стане навакольнага асяроддзя ў нашым горадзе і раёне.

Каб прыцягнуць увагу наведвальнікаў, жыхароў горада да праблем экалогіі, у бібліятэцы пастаянна дзейнічае экалагічны цэнтр «Экалогія і сучаснасць». Падчас сустрэчы бібліятэкары звярнулі ўвагу старшакласнікаў на гэты цэнтр, дзе размешчана літаратура не толькі аб экалагічным стане Беларусі ў цэлым, але і тая, што мае дачыненне да Чэрвеньшчыны.

Па традыцыі кожны год абавязкова прысвячаецца якойсьці птушцы. Сёлета птушкай года выбраны экстравагантны ўдод. Прычым не за яго яркую «вопратку», а ў сувязі з сур’ёзнымі праблемамі, якія ўзнікаюць у гэтай птушкі на тэрыторыі Беларусі.

Напрыканцы сустрэчы вучням была прапанавана экалагічная віктарына, падчас якой яны ахвотна адказвалі на пытанні. Гэтае мерапрыемства сталася пазнавальным і карысным для ўсіх яго ўдзельнікаў.

Святлана ЖДАНОВІЧ, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Чэрвеньскай ЦРБ.

Фота аўтара

 

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *