ПРАБЛЕМНЫЯ ПЫТАННІ І ІХ ВЫРАШЭННЕ

Общество

Адбылося першае ў гэтым годзе пасяджэнне раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў. У ім узялі ўдзел начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, прадстаўнікі Чэрвеньскіх РАУС, ЦРБ, старшыні пасялковага і сельвыканкамаў.

Разглядаліся чатыры пытанні — «Выкананне мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па пераадоленні і папярэджанні п’янства і алкагалізму, дасягненне вынікаў у 2012 годзе», «Арганізацыя прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх», «Арганізацыя работы па пераадоленні і папярэджанні п’янства на тэрыторыі Смілавіцкага пасялковага савета», «Аб мерапрыемствах па выкананні пастановы камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў Мінскага аблвыканкама ад 12 снежня 2012 года №3.1».

Сакратар камісіі Таццяна Нагорная праінфармавала, што на Чэрвеньшчыне мае месца тэндэнцыя зніжэння ўзроўню ўжывання алкаголю ў пераліку на абсалютны алкаголь на аднаго жыхара з 14,4% у 2011 годзе да 11,9% у 2012-ым, у тым ліку він пладовых — на 13%, піва — на 5,8%.

На зніжэнне спажывання алкаголю накіраваны наступныя меры: абмежаванне часу продажу ў святочныя дні, забарона на рэалізацыю ў дні дзіцячых святаў, прафілактычныя акцыі.

Знаходжанне работнікаў на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення выяўляецца непасрэдна на вытворчасці адказнымі за гэта і супрацоўнікамі РАУС пры правядзенні рэйдавых праверак. Летась адбыўся адзін няшчасны выпадак на вытворчасці па прычыне знаходжання работніка ў стане алкагольнага ап’янення (у 2011-ым было 2).

За 2012 год зафіксавана тры выпадкі смерці з-за атручвання алкаголем (у 2011-ым — 11). Зменшылася з 7 да 6 колькасць тых, хто перанёс алкагольны псіхоз, і з 112 да 81 — колькасць хранічных алкаголікаў. Значна знізілася — з 48 да 23 — колькасць непаўналетніх, якія ўжываюць алкаголь са шкоднымі наступствамі. А вось агульная колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, павялічылася са 130 да 139.

За мінулы год праведзена 106 рэйдаў па выяўленні асоб, якія займаюцца вырабам, захоўваннем і рэалізацыяй самагону і іншых вадкасцяў, якія ўтрымліваюць спірт. Знішчана 14 самагонных апаратаў.

За распіццё спіртных напояў і з’яўленне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе да адказнасці прыцягнута 607 грамадзян, выяўлена 39 нецвярозых падлеткаў, 7 фактаў продажу спіртнога непаўналетнім. На прафілактычным уліку ў наркалагічным кабінеце Чэрвеньскай ЦРБ знаходзяцца 380 грамадзян, на дыспансерным — 789.

Прафілактыку п’янства і алкагалізму праводзяць усе зацікаўленыя ў гэтым, у тым ліку — Чэрвеньскі РАУС, урач псіхіятр-нарколаг, структурныя падраздзяленні з падведамаснымі ўстановамі і арганізацыямі.

У раёне дзейнічаюць 9 камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам пры пасялковым і сельвыканкамах, 15 — у сельскагаспадарчых арганізацыях, 22 — у іншых арганізацыях, установах, на прадпрыемствах. За мінулы год імі праведзена 174 пасяджэнні, на якіх разгледжаны 243 работнікі, якія мелі дачыненне да п’янства. Кіраўнікі выкарыстоўваюць такія меры дысцыплінарнага ўздзеяння, як вымова, звальненне, метады матэрыяльнага пакарання.

На прафілактычнай рабоце з непаўналетнімі засяродзіў увагу ўдзельнікаў пасяджэння начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС Андрэй Мірановіч. З яго выступлення прысутныя даведаліся, што за мінулы год на тэрыторыі раёна непаўналетнімі было здзейснена 12 злачынстваў (у 2011-ым — 26), з іх у п’яным выглядзе — 2 (у 2011-ым — 6). За парушэнне антыалкагольнага заканадаўства быў затрыманы 51 падлетак. З усіх затрыманых 45 прайшлі абследаванне ва ўрача-нарколага, 23 былі пастаўлены на ўлік з дыягназам «Ужыванне алкаголю са шкоднымі наступствамі», адзін падлетак прайшоў курс лячэння ва ўмовах стацыянару ў Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы.

Супрацоўнікі Чэрвеньскага РАУС сумесна з зацікаўленымі ведамствамі прымалі ўдзел у разнастайных мерапрыемствах з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця, прафілактыкі алкагалізму, наркаманіі, таксікаманіі і курэння. Ва ўстановах адукацыі асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанню занятасці непаўналетніх, якія знаходзяцца на рознага віду ўліках. Так, 48 навучэнцаў наведваюць гурткі мастацкага накірунку, 27 — фізкультурна-спартыўнага, 9 — культурна-адпачынкавага, 12 — эколага-біялагічнага, 12 — гурткі камп’ютарных гульняў. Па стану на 1 студзеня гэтага года на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС знаходзяцца 18 навучэнцаў з 7 устаноў адукацыі.

Аналіз фактаў здзяйснення злачынстваў паказвае, што адной з прычын з’яўляецца адсутнасць кантролю бацькоў за правядзеннем іх дзецьмі вольнага часу, бо ўсе злачынствы і правапарушэнні здзейснены, у асноўным, у вячэрні і начны час. Рост назіраецца таксама і падчас вакацый.

Аб арганізацыі работы па пераадоленню і папярэджанню п’янства на тэрыторыі пассавета распавяла старшыня Смілавіцкага пасялковага выканкама Ірына Марціновіч. Яна зазначыла, што камісія па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, якая працуе пры пасялковым выканкаме, каардынуе работу ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый, ажыццяўляе кантроль за захаваннем існуючага антыалкагольнага заканадаўства. Члены камісіі праводзяць індывідуальна-выхаваўчую работу з асобамі, якія злоўжываюць алкаголем. Летась на тэрыторыі Смілавіцкага пассавета 24 чалавекі ў п’яным выглядзе ўдзельнічалі ў сямейна-бытавых скандалах (у 2011-ым — 30), 52 — аштрафаваны за распіццё спіртнога і з’яўленне ў грамадскіх месцах у п’яным выглядзе (у 2011-ым — 56). З імі праведзены прафілактычныя гутаркі, прымаліся індывідуальныя меры — кадзіраванне, працаўладкаванне.

Члены камісіі наведваюць сем’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Такіх на тэрыторыі пассавета — 7 (16 дзяцей).

Сумесна з работнікамі Чэрвеньскага РАУС праводзяцца рэйды па выяўленні фактаў самагонаварэння і продажу вадкасці, што ўтрымлівае спірт. За мінулы год выяўлена 4 чалавекі, за 2011-ы — 2. Разам з адміністрацыяй навучальных устаноў ладзяцца сустрэчы з навучэнцамі па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Ажыццяўляецца патруляванне месцаў масавага адпачынку моладзі.

Старшыня раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў Ала Шахоцька звярнула ўвагу прысутных на высокі ўзровень ужывання алкаголю насельніцтвам раёна, вялікую колькасць суіцыдаў, павелічэнне дарожна-транспартных здарэнняў, здзейсненых вадзіцелямі ў стане алкагольнага ап’янення, недастатковую скаардынаванасць дзеянняў дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый, накіраваных на прафілактыку, ды іншае. Яна падкрэсліла, што неабходна праводзіць прафілактычную работу па папярэджанні негатыўных фактаў, а не толькі пасля іх выяўлення.

Па кожнаму з чатырох разгледжаных пытанняў дадзены канкрэтныя даручэнні ўсім зацікаўленым ведамствам.

 

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *