МАЯ АКТЫЎНАЯ АДНАВЯСКОЎКА

Люди и судьбы

Паважаная рэдакцыя! Шлю вам найлепшыя пажаданні і зноў пішу невялічкі аповед пра актыўную чытачку нашай «раёнкі» і маю аднавяскоўку — Рэгіну Васільеўну Шалупенка. Яна — колішні работнік  культуры. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост (нядаўна Рэгіна  Васільеўна адзначыла 75-гадовы юбілей) часта па сваёй ініцыятыве дапамагае нам ладзіць выставы, арганізоўваць розныя мерапрыемствы. Вось і цяпер у нашай Лучскай бібліятэцы ладзіцца выстава «Крыніца настрою» рэтра-здымкаў, якія яна падаравала бібліятэцы. Акрамя гэтага, аздобіла яе  сваімі вышыванымі рушнікамі.

Сама Рэгіна Васільеўна — ураджэнка вёскі Клімаў Лог. Скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і па накіраванню трапіла  працаваць у Рэчкаўскі клуб загадчыцай. Адпрацаваўшы тут 11 гадоў, вырашыла паступаць завочна ў педагагічны інстытут, пасля якога  была  ў Рэчкаўскай школе настаўніцай нямецкай мовы і спеваў. Дзякуючы ёй, з нашай школы  выйшлі добрыя настаўнікі замежных моў і  певуны. Дарэчы, да гэтага часу Рэгіна Васільеўна не адмаўляецца паспяваць падчас святаў, што ладзяцца ў нашай вёсцы.

Хаця і не заўсёды весела ў нашай Васльеўны на душы. У свае 40 гадоў пахавала мужа, засталася з двума дзецьмі. Затым гора, бы ішло за ёй па пятах. Памёр сярэдні брат, затым — малодшы. А зусім нядаўна  пахавала свайго сына Віктара. Але яна стараецца ніколі не заставаццая сам-насам са сваёй бядой. Васільеўна заўсёды сярод людзей, актыўна займаецца хатняй гаспадаркай, гародчыкам.  У многім ей дапамагае  сын Васіль, які жыве побач. А яшчэ — сяброўкі, якіх у яе шмат, і з якімі яна часта сустракаецца.

Рэгіна Васільеўна — актыўная  чытачка  нашай бібіліятэкі. З задавальненнем чытае М.Лужаніна, П.Броўку, У.Караткевіча, любіць разгадваць красворды і …пісаць лірычныя вершы. Дарэчы, іх назбіралася ў яе  амаль цэлая кніга.

… Калі часам іду па вячэрняй заснежанай Рэчкаўскай вуліцы, грэе душу, калі ўдалечыні цепліцца агеньчык у вакне маёй аднавяскоўкі. Ведаю: гэта Рэгіна Васільеўна ўключыла свяцільню — чытае. Няхай яшчэ доўга свеціцца гэты агеньчык у яе вокнах, будзе заўсёды  цёпла і ўтульна ў яе гасцінным доме і на сэрцы.

Таццяна ЖДАНОВІЧ, бібліятэкар Лучскай бібліятэкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *