З дабром і душой да кожнага пацыента

Здоровье Люди и судьбы

адносяцца урач Зіновій Пятровіч Дзянько і яго жонка, медыцынская сястра Ніна Ільінічна.
Лёсы іх былі падобныя з дзяцінства: абодва рана засталіся без бацькі…

Ніна Ільінічна свайго бацьку не бачыла ніколі – ён загінуў на фронце. Бацька Зіновія Пятровіча таксама рана пайшоў з жыцця. Маці засталася адна з трыма дзецьмі. Старэйшаму Зіновію было ўсяго сем гадоў…
У кожнага быў свой шлях у медыцыну, пакуль лёс не звёў іх аднойчы ў Калініградскай вобласці, горадзе Баграціёнаўску.
Зіновій Пятровіч нарадзіўся ва Украіне, у горадзе Стрый. Пасля заканчэння школы, як адзін з лепшых выпускнікоў, па набору ваенкамата паступіў у медыцынскае вучылішча на спецыяльнасць “ваенны фельчар”. Скончыў яго ў 1964 годзе і адразу пайшоў на тэрміновую вайсковую службу. Трапіў у полк урадавай сувязі ў г.Баграціёнаўск Калініградскай вобласці. Служыў фельчарам. Тут і пазнаёміўся са сваёй Нінай.
— Прыгажуня яна была. Адна ўсмешка чаго каштавала! — пяшчотай свецяцца вочы Зіновія Пятровіча.
Ніна Ільінічна ўраджэнка Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіла ў Лунінецкае медыцынскае вучылішча. Атрымала спецыяльнасць медыцынскай сястры. Аднойчы, падчас водпуску паехала адпачываць у Калініградскую вобласць у горад Баграціёнаўск. А там ваенны гарадок быў. Выпадкова даведалася, што патрэбныя медыцынскія кадры. Яе ўзялі на работу ў паліклініку.- Цудоўны быў малады чалавек: сумленны, ветлівы… — прыгадвае Ніна Ільінічна. – Так і па жыцці – у згодзе і павазе прайшлі нашы сумесныя гады. Больш за пяцьдзесят гадоў мы разам…
Скончылася служба Зіновія Пятровіча, пажаніліся. Некаторы час жылі ў Баграціёнаўску, працавалі ў “хуткай дапамозе”. Медыцына захапіла маладога фельчара. Вырашыў паступаць вучыцца далей. Абраў Мінскі медыцынскі інстытут, які параіла яму калега. У Ніны Ільінічны ў Мінску было шмат родных. А ў маладой сям’і ўжо нарадзіўся першынец, сын Ігар.
І хаця пасля заканчэння школы прайшло дзевяць гадоў, Зіновій Пятровіч усе іспыты вытрымаў і паступіў. Далі інтэрнат. Неўзабаве і Ніна Ільінічна з першынцам прыехала ў Мінск. Працавала медсястрой у паліклініцы. У вучобе і працы прайшлі студэнцкія гады. Інтэрнатуру праходзіў малады доктар ў Вілейцы, затым яго размеркавалі ў Чэрвень. І Ніне Ільінічне месца знайшлося ў паліклініцы.
У Чэрвень сям’я Дзянько пераехала ў жніўні 1976 года. Прыехаў доктар сюды як хірург, затым прайшоў спецыялізацыю па ўралогіі і вёў анкалагічных хворых. Пазней спецыялізаваўся і па анкалогіі, шмат гадоў працаваў на гэтай спецыяльнасці, ажно да 2017 года.
За шмат гадоў работы ўсялякага бывала. Прыгадвае Зіновій Пятровіч, як у вёсцы Раванічы бацька выстраліў у сына з драбавіка. Трапіў у жывот. Была вельмі цяжкая аперацыя – доўгі час давялося “латаць” чалавека. Шмат жыццяў выратаваў урач. А вось сына малодшага страцілі… Гэтыя моманты яны прыгадваюць з горыччу ў сэрцы…
Імкліва пралятае час. За плячыма Зіновія Пятровіча і Ніны Ільінічны вялікі вопыт работы ў медыцыне, у кожнага больш за пяцьдзесят гадоў працоўнага стажу. Свой вопыт яны з задавальненнем перадаюць маладым. У мінулым годзе прыехала па размеркаванню малады спецыяліст – анколаг. Зіновій Пятровіч працягвае весці прыём пацыентаў як хірург, бывае на дзяжурствах.
— Дзякуй усім людзям, да нас добра ставяцца, я гэта адчуваю, — гаворыць Ніна Ільінічна. — Ды і я заўсёды старалася з душой падыходзіць да людзей. Па меры маіх магчымасцей нікому ні ў чым не адмаўляла. Лічу, што чалавека неабходна цярпліва выслухаць, з дабром адносіцца да кожнага. Так імкнулася жыць і працаваць…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *