Ігуменка — рака майго жыцця

Общество

Як звяры ведаюць свае норы, а  птушкі свае гнёзды, як рыбы чуюць свае віры, а пчолы бароняць свае вуллі — гэтак і людзі маюць вялікую ласку да таго месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваныя з Богам.  Гэтыя Скарынавы словы як нельга лепей перадаюць пачуцці  кожнага чалавека, які за сваё жыццё душою зросся з палямі і лясамі, рэкамі і азёрамі, старадаўнімі руінамі і новабудоўлямі роднага краю.

Ігумень і ваколіцы Мапа 1866. Лікі ля назваў населеных пунктаў -- колькасць двароў.

З якога ўзросту чалавек пачынае сябе помніць?  Дакладна не магу сказаць, але здаецца, што памятаю шмат падзей, якія адбываліся ў свеце, калі мне было  гады тры-чатыры:  арктычная экспедыцыя папанінцаў, пералёт Чкалава, грамадзянская вайна ў Іспаніі.  І падзей нязначных для сусветнай гісторыі, якія адбываліся тут, каля дому.

 

Калі летам да нас зайшлі сяброўкі маёй маці, настаўніцы  з дзецьмі, каб ісці на рэчку, то маці ўпершыню ўзяла  мяне. Па Градцы (цяпер вуліца Мяснікова) і вуліцы Замятоўскай выйшлі на старую Замятоўскую дарогу, а перад Глінішчам і Курганамі  звярнулі ўлева, да Ігуменкі. У рэчку я не палез, бо было страшна, і маці, трымаючы мяне за абедзве рукі, пагойдала, каб мае ногі датыкаліся да вады.  Я пішчаў, як парася… Якраз тады, а быў гэта трыццаць восьмы год, вяліся работы па спрамленню рэчышча Ігуменкі. Хто іх выконваў? Былы дырэктар Чэрвеньскай вячэрняй школы Мікалай Іванавіч Барысевіч быў сведкам, як тут капалі зямлю зняволеныя, якіх вартавалі байцы НКУС. А мой сусед Васіль Макаравіч Шыбко сцвярджае, што працавалі  «стараверы з Магілёва». Так, я ўзгадваю гэтых людзей. Неяк падвечар да дзеда зайшлі чатыры барадатыя чалавекі.  Што ім патрэбна было ў дзедавай хаце? Ну, пэўна, спатрэбіліся шклянкі ці закусь, каб выпіць гарэлкі. Гэтыя людзі, як я потым даведаўся, умацоўвалі новае рэчышча: ля самага берага заганялі ў дно калы і абпляталі іх галлём.

Басейн Ігуменкі. Мапа 1982 года.

Пасля вайны, у саракавыя-пяцідзясятыя, я вельмі часта прыходзіў на Ігуменку. Па пясчанаму  дну, а вады летам ледзь вышэй за калена, даходзіў да Фёдараўска. Спярша ішла цёплая вада, а далей, ля лесу,  яна рабілася сцюдзёнай: білі крыніцы.  А вось адна прабілася з берагу:  п’ю з гэтага фантанчыка чысцюткую гаючую ваду.  Але самымі цікавымі месцамі былі два старыкі — кавалкі старога рэчышча, гэтак званыя купальні. Глыбіня больш за два метры. З ластамі і маскаю я тут бавіў час, плаваючы, ныраючы сярод жоўтых гарлачыкаў і чародаў рыбак у цёплай, як гарбата, вадзе. Ігуменка падзяляла землі саўгаса «Натальеўск» і калгаса «Бальшавік», таму моцы сельгастэхнікі хапіла, каб хутка загарнуць, знішчыць гэты цуд.

 

А цікава, як апісаў Ігуменку наш  знакаміты краязнавец Аляксандр Ельскі (1834-1916) ?  У трэцім томе «Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх» (Варшава, 1882 год)  на старонцы 254 чытаем: «Ігуменка, багністая невялікая рака ў Ігуменьскім павеце, мае пачатак за мілю (адна літоўская міля прыблізна роўная  васьмі кіламетрам — У.Д.) на поўнач ад Ігуменя, у балотах паміж вёскамі Слабодка і Зарэчча; цячэ ў кірунку з паўночнага усходу на паўднёвы захад недалёка ад фальварку Тэадароўка (Фёдараўск  —  У.Д.), затым каля горада Ігуменя ўтварае невялікую сажалку- стаў  ля млынавай грэблі- плаціны, і за Ігуменем, прыняўшы ў сябе  з правага боку рэчку Аўсішча, упадае ў раку Волма з левага боку. Берагі гэтай рачулкі, асабліва ў ніжнім цячэнні, —  найдзічэйшая мясцовасць Ігуменьшчыны, рыбай небагатая.»

Набліжаемся да Натальеўска. Пад намі безыменны прыток Ігуменкі.

Мой любімы занятак у вольны час — спампоўваць з інтэрнэту і вывучаць тапаграфічныя мапы Беларусі. Ёсць тут і дарэвалюцыйныя і савецкія, і польскага і германскага генеральных штабоў. Вось Ігумень на мапе 1866 года. Які невялікі ў той час быў наш горад… Пачынаю разглядаць з дзвюх вуліц, што сходзяцца пад вострым вуглом. Гэта сёняшнія Карла Маркса і Луначарскага. Адмысловымі ўмоўнымі знакамі пазначаныя касцёл і праваслаўная царква. А вось і стаў, пра які пісаў А.Ельскі, ля вуліцы, якая цяпер носіць імя Мікалая Зяневіча, і вадзяны млын пры ім. І яшчэ адзін млын, ветраны, па дарозе да фальварка Натальеўск. Відаць трое могілак — Астраўскія і  яўрэйскія (пазначаныя літарамі «Кл.» — кладбище) і гарадскія хрысціянскія, што ў той час былі яшчэ далёка за горадам. Мінская вуліца была застроена ўсяго да  Ігуменкі, далей стаяла толькі адна хата насупраць яўрэйскіх могілак, там, дзе цяпер ліцэй будаўнікоў, — засценак Дымкі.

Мост на вуліцы Мінскай. Кадр з фільма "Адзінаццатага ліпеня" (1938 год).

На мапе 1982 года не знойдзеш назву «Ігуменка»: новыя  «хозяева страны» палічылі яе заганнай, «идейно чуждой».  Рэчка стала «Червенкой». На мапе добра відаць, адкуль яна жывіцца вадой, відаць усе яе  прытокі. Вось утварэнні савецкага часу — меліярацыйныя каналы —  канавы, якія нясуць ваду з балотаў ад Калодзежаў і Камісарскага Саду. Перад вёскаю Плецявішча ў балоце —  возера Дзікае, плошчаю каля дванаццаці гектараў. Першы раз я патрапіў сюды семікласнікам, пазней наведваў яго шмат разоў. Перад возерам дзейнічала торфапрадпрыемства «Чэрвеньскае». Яго пасёлак  —  некалькі хат у лесе непадалёку ад горада. Пазней, у васьмідзесятыя, побач з пасёлкам торфзавода узнік дачны пасёлак. Дык вось з возера выцякае рачулка, якая нясе ваду на поўнач, у Ігуменку. Там, дзе яна перасякае Замятоўскую дарогу, быў драўляны мост, які ў вайну спалілі партызаны. Цяпер рачулка праходзіць пад дарогай  у  бетоннай трубе. Не спаліш! Яшчэ адзін безыменны прыток пачынаецца ля вёскі Шалашы, ідзе паўз Натальеўск, перасякае Магілёўскую шашу і ўліваецца ў Ігуменку. На пачатку васьмідзесятых  тут, у басейне Ігуменкі, выкапалі вялізнае вадасховішча плошчаю каля чатырох гектараў — Натальеўскае возера. Яно стала выдатным месцам адпачынку чэрвенцаў. Але… Вада не церпіць нецвярозых. Ды і ў цвярозага можа здарыцца сутарга, тады канец. Таму я не рашаюся адплываць далёка ад берага, хоць, здаецца, хапіла б сілы, каб пераплыць туды і назад.

Паўтараста гадоў таму ў сваім «Путешествии по Полесью и Белорусскому краю» вядомы этнограф, краязнаўца і падарожнік Павел Шпілеўскі (1823-1861) пісаў: «… основание Игуменя относится к древнейшим временам, потому что близ него именно в десяти верстах (руская вярста роўная 1052 метры — У.Д.), по течению речки Игуменки, есть селение Городище, которое своими окопами, курганами и находимым в них жженым кирпичом, а главное сохранившимся между жителями преданием, что здесь прежде был город Игумень, ясно говорят в пользу древнего его происхождения.»

На тым беразе была крыніца, дзе святар на Вадохрышча асвячаў ваду.

Павел Міхайлавіч памыліўся.  Справа ў тым, што Ігуменка ля вёскі Гарадзішча ніколі не працякала. Таму археолагі С.Я.Рассадзін і Т.С.Скрыпчанка ў 1992 годзе, даследуючы ўзбярэжжа Ігуменкі, анічога там не выявілі, ды і выявіць не маглі.

А цяпер аб тых прытоках, што праходзяць у  межах горада. Адзін пачынаецца ў канцы вуліцы Беларускай, агінае горад з усходу, перасякае Замятоўскую дарогу ў самым яе пачатку, затым трапляе ў Ігуменку. А вось другі — збірае талую, дажджавую, а можа і крынічную ваду з вуліц  Д.Беднага, Рэвалюцыйнай, Караленкі і прылеглых, перасякае ля Чырвонай школы Бабруйскую вуліцу (цяпер Гарбачова), ідзе ўздоўж вуліц Касмадзем’янскай і Шаўчэнкі, перасякае Савецкую вуліцу і ўпадае ў Ігуменку. Менавіта ў сувязі з гэтым прытокам мне ёсць што ўспомніць. Цёплым майскім днём сорак першага года мы, першакласнікі, на вялікім перапынку з шумам, з лямантам бегалі па каменьчыках пад драўляным мастом, што быў тады ля Чырвонай школы. Вылезшы з-пад маста я стаў гутарыць з Жэням Пратасевічам. Раптам зразумеў, што нікога з аднакласнікаў  на вуліцы няма. «Дзе ж яны?» «На уроку, — патлумачыў Жэня. — Скора скончыцца». «А ты чаму не на ўроку?». «А я ў другую змену».  Калі я ўвесь мокры зайшоў у клас, наша настаўніца Алена Венядзіктаўна адправіла мяне дахаты: «Хай цябе пераапрануць, бо захварэеш». Так я першы раз у жыцці прагуляў урок. А пасля вайны ў гэтай канаве ля маста на Градцы я лавіў кашом уюноў і знаўшоў у гразі дзве плыты, грампласцінкі, пра што я ўзгадваў ужо ў адным са сваіх абразкоў («Раённы веснік», 11 жніўня 2012 года).

Ля Натальеўскага возера.

У межах горада праз Ігуменку пабудаваныя масты, важнейшыя з іх — на магістральных дарогах, на вуліцах Мінскай і Зяневіча. Іншыя масты — на вуліцах Урыцкага і Луначарскага,  і пешаходны — ў канцы завулка К.Лібкнета. На пачатку саракавых ля маста па Бярэзінскай вуліцы (цяпер Зяневіча) біла крыніца, дзе святар на Вадохрышча асвячаў ваду. А побач уздоўж ракі  —  калючы дрот і надпісы «Міны!»: акупанты баяліся партызанаў.

Нарэшце трэба спыніцца на самым буйным прытоку Ігуменкі, які мае ўласную назву —  Аўсішча. Вось што  напісў  пра яго Аляксандр Ельскі: «Аўсішча, малая рэчка ў Ігуменьскім павеце, правы прыток Ігуменкі (Валмянскай); бярэ пачатак у лясістых балотах ля засценку Верасоўка; спачатку цячэ пару вёрст у заходнім кірунку, затым каля селішча  Захар’еў Мост, перасекшы дарогу, якая ідзе з вёскі Вайніловічы  праз засценак Астравы да Ігуменя, рэзка паварочвае  на поўдзень, цячэ каля засценкаў Аўсішча і Астравы, далей перасякае мінска-ігуменьскі паштовы тракт  паблізу карчмы Хвойнікі і ніжэй вёскі Хвойнікі ўпадае ў Ігуменку ў некалькіх вярстах ніжэй Ігуменя. Даўжыня  большая  за сем вёрст, цячэ  сярод лясістай, дзікай мясцовасці». («Слоўнік геаграфічны…», том 7, стар. 783. Варшава, 1886)

Усё цячэ, усё змяняецца. Не засталося следу  ад  засценка Аўсішча, што быў паблізу Магілёўскай шашы. Змяніліся назвы населеных пунктаў:  Верасоўка стала Ляжнёўкаю, Захар’еў Мост — гэта наша Захароўка, а Вайніловічы — Вайнілава, дзе ў школе я працаваў два гады. І купаючыся сорак гадоў таму ў рэчцы Аўсішча, я не ведаў яе назву. А яна цячэ і будзе цячы яшчэ доўга, доўга…

А вусце Ігуменкі я вывучаў у сярэдзіне дзевяностых, калі з Уладзімірам Паўлавічам Адамовічам на роварах прыязджалі сюды вудзіць рыбу. Нецікава клюе карась: заглыне кручок і стаіць. Затое як клюе ёрш!..

PS. Акрамя нашай Ігуменкі, Валмянскай, ёсць другая Ігуменка, Балачанская. Яна таксама апісана А.Ельскім. Працякае яна недалёка, у Пухавіцкім раёне. На яе берагах  размешчаны вёскі Убарок, Слабодка, Снусцік, Французкая Грэбля, Падкоссе. Можа чулі?..

Уладзімір Дарагуж,

краязнаўца

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *