Весткі з бібліятэк

Общество

Чэрвеньскай цэнтральнай

 

НА «ВЕТРАЗІ»…

Лютаўскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» мы пачалі з узгадак пра юбілейную дату Мінскай вобласці — 75-годдзе з дня заснавання. Бібліятэкары падрабязна распавялі пра гісторыю і сучаснасць Міншчыны, на якія карысныя выкапні багатая гэтая зямля, колькі размешчана ахоўных прыродных тэрыторый, пра ролю аграпрамысловага комплексу і прамысловасці, знешнегандлёвую дзейнасць ды іншае.

Як вядома, у вобласці прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай знамянальнай даты. Ну, а мы аформілі ў чытальнай зале бібліятэкі кніжную выставу «Міншчына — наш родны край».

Сто восемдзесят дзявятым угодкам англійскага паэта-рамантыка Джорджа Байрана быў прысвечаны фільм «Энцыклапедыя «Джордж Гордан Байран» — з відэатэкі старшыні клуба «Ветразь» Уладзіміра Дарагужа. Пасля яго прагляду колішняя настаўніца замежнай мовы Аляксандра Несцяровіч прачытала вершы паэта на англійскай мове і ў перакладзе на рускую.

Да 75-годдзя з дня нараджэння беларускай паэткі Дануты Бічэль-Загнетавай была прымеркавана літаратурная гасцёўня «Я тутэйшая, я звычайная». Пра яе жыццё і творчасць падрабязна распавялі бібліятэкары. А сябра клуба, колішні выкладчык роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч прадэманстраваў першы зборнік Дануты «Дзявочае сэрца», які ён набыў яшчэ ў юнацтве. Яўген Антонавіч зазначыў, што вершы паэткі ўражваюць сваёй вобразнасцю, канкрэтыкай. Бачна, што яна ад душы піша пра родны Прынёманскі край, з любасцю апісвае сваю маладосць.

Працягнула сустрэчу выступленне колішняй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Алены Вабішчэвіч. Напярэдадні яна патэлефанавала паэтцы. Адбылася вельмі цёплая і шчырая размова. Данута распавяла пра сваё жыццё, пра сына і дачку. Яна перадала словы ўдзячнасці сябрам клуба «Ветразь» за тое, што яе памятаюць, цікавяцца творчасцю. Данута Бічэль пажадала поспехаў і працвітання клубу, моцнага здароўя і даўгалецця ўсім яго сябрам.

Алена Аляксандраўна таксама ўзгадала, як яна тры гады вучылася з паэткай у Гродзенскім педагагічным інстытуце. Данута была вельмі энергічнай, актыўнай і прыгожай. Яны разам ездзілі з канцэртамі ў медыцынскі і сельскагаспадарчы інстытуты, іншыя навучальныя ўстановы. Алена Вабішчэвіч спявала ў хоры, а Данута Бічэль чытала вершы.

Цікава, што стрыечны брат Алены Аляксандраўны, паэт і кампазітар Яўген Петрашэвіч, паклаў на музыку верш Дануты «Бярозанька», а ёй прысвяціў уласны верш «Бярозанька Данута».

Старшыня клуба «Ветразь» Уладзімір Дарагуж на мультымедыйнай устаноўцы прадэманстраваў прысутным фотаздымкі паэткі з яе роднымі, блізкімі, паэтамі, сябрамі. Напрыканцы сустрэчы ён, а таксама Яўген Несцяровіч, Алена Вабішчэвіч, Зоя Сушкевіч, Яўген Мшар і бібліятэкары чыталі вершы Дануты Бічэль-Загнетавай.

 

 

… І «ЖУРАВІНЦЫ»

Напярэдадні дня памяці блажэннай Валянціны Мінскай удзельнікі аматарскага аб’яднання «Журавінка» завіталі на сустрэчу з настаўніцай нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскай царквы Валянцінай Усенка. Яна распавяла пра жыццё святой і яе нашчадкаў, прадэманстравала абраз блажэннай Валянціны Мінскай, распавяла пра цуды, якія адбываліся пасля малітвы перад ёй, пра сведчанні людзей, якія атрымалі дапамогу ад самой матушкі Валянціны. З цікавасцю сябры аб’яднання паглядзелі відэазапіс «Дапамога матушкі Валянціны падчас Вялікай Айчыннай вайны».

Настаўніца нядзельнай школы прадэманстравала сямейныя фотаздымкі святой падзвіжніцы і сучасныя, звязаныя з мясцінамі, дзе яна нарадзілася. Валянціна Усенка зазначыла, што да канца лютага ў канферэнц-зале сталічнага Свята-Пакроўскага прыходу будзе ладзіцца фотавыстава «Народом нареченная святой» — да дня памяці святой блажэннай Валянціны Мінскай.

На заканчэнне сустрэчы Валянціна Іванаўна прэзентавала кнігу «Жыццё блажэннай Валянціны Мінскай», якую склалі Фёдар Крыванос і Таццяна Дашкевіч.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

Фота аўтара

 

Лядзенскай  сельскай

 

ШЧЫРА ЗАХАПЛЯЕМСЯ ТВОРЧАСЦЮ МАЙСТРЫХІ

У апошнія гады сталася традыцыяй ладзіць у нашай бібліятэцы выставы творчасці чытачоў — як калектыўныя, так і індывідуальныя. Вось і зараз дэманструецца адна з іх — вышыўка крыжыкам і гладдзю жыхаркі Лядоў Надзеі Федарэнчык. Больш за 25 гадоў таму прыехала яна на Чэрвеньшчыну з Украіны. Прыжылася ўжо на беларускай зямлі. І, на мой погляд, цяпер у яе творчасці паядналіся як украінскія, так і беларускія матывы.

Дзякуючы яе прыгожым яркім работам бібліятэка ператварылася ў адмыслова ўпрыгожаную сялянскую хату! Ёсць тут сем ручнікоў, два падузорнікі, абрус, чатыры сурвэткі, дзевяць наўлечак… І нават сарочка, у якую Надзея Іванаўна прыбіралася яшчэ ў юнацтве. Вышыла яна і вялікі дыван. І гэта — далёка не поўны пералік работ, якія мае!

Усе чытачы дзівяцца, калі заходзяць у бібліятэку, і шчыра захапляюцца творчасцю адметнай майстрыхі.

Святлана КЛЕПЧА,  бібліятэкар

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *