Святлана АКІНШАВА: “Люблю вучыцца, спасцігаць штосьці новае…”

Общество

На гэтую абаяльную ўсмешлівую маладую жанчыну, якая, здаецца, выпраменьвае святло, я звярнула ўвагу яшчэ летась — падчас аднаго з мерапрыемстваў, зладжаных аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вельмі спадабалася, як яна абыходзілася з дзеткамі. А калі яны пачалі дэманстраваць свае вырабы, зробленыя з дапамогай і пад кіраўніцтвам Святланы Акіншавай, і ўвогуле захапілася яе ўмельствамі ды прыроджанымі педагагічнымі здольнасцямі. Бо далёка не кожны, згадзіцеся, зможа і ўласнаму дзіцяці патлумачыць, што і як. А тут дзеткі асаблівыя — хатнія, капрызлівыя, з захворваннямі… І падыход да кожнага трэба шукаць, лічы, увесь час. Бо новы дзень нясе і новыя праблемы ды складанасці.

Як жа ў аддзяленні з’явілася Святлана Акіншава? Адкуль столькі талентаў і ўмельстваў? Што ці хто падтрымлівае яе ў жыцці? Гутарым…

Увогуле, я не мясцовая, — зазначыла на пачатку гутаркі мая субяседніца. — Нарадзілася ў Краснаполлі Магілёўскай вобласці. А пераехалі мы на Чэрвеньшчыну пасля аварыі на ЧАЭС. Бацькі — Пётр Іванавіч і Любоў Аляксандраўна — у той час рабілі на хлебазаводзе: тата — у хлебным цэху, мама — у кандытарскім. Нас чацвёра гадавалася ў сям’і. Пачалі моцна хварэць, вось і параілі адтуль выехаць. Я скончыла школу ў Лядах, мае бацькі і зараз жывуць у гэтай вёсцы. Затым два гады вучылася ў г.Мсціславе на закройшчыцу. Пасля пераехала ў Чэрвень. Выйшла замуж, старэйшы сын — інвалід… Трэба было жыць бліжэй да бальніцы. Зараз адна гадую двух сыноў.

— Святлана Пятроўна, а як Вы захапіліся творчасцю?

— Гэта ў нас — сямейнае. Тры сястры і брат — усе мы любім гэтую справу.

— А навучыліся адкуль?

— Такое глыбокае пазнанне, асабліва бісеру, я пачала, калі Уладзіку, старэйшаму сыну, спатрэбілася развіваць дробную маторыку рук. Наймаць спецыяліста ці кудысьці хадзіць я проста не мела магчымасці. Таму, седзячы дома, у дашкольны час мы пачыналі з дробных дэталяў. Канструктар «Лега» збіралі — хлопчыку гэта больш цікава. Затым перайшлі да бісеру. Паколькі я — закройшчыца, рабіла цацкі для развіцця, для рук. Потым аддала сына ў дзіцячы садок №1 — і ўва мне разгледзелі талент. Выхавальніцы часта звярталіся па дапамогу, каб я штосьці зрабіла для садка. Я з радасцю дапамагала. А потым мяне запрасілі ў кааператыў — будаваць кватэру. Але папярэдзілі, што крэдыту не дадуць, калі я не буду працаваць. Пайшла да дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілы Генадзьеўны Шарковай, сказала ўсё, як ёсць, і яна ўзяла мяне на працу. Зараз я — кіраўнік двух гурткоў: для старэйшых дзяцей — «Майстры і майстрыхі», для малодшых — «Рукадзельніцы».

— Увогуле, цяжкая праца?

— Канешне! Да кожнага трэба шукаць падыход. У кожнага — свой характар, сваё разуменне, свой настрой…

Ведаеце, я маю стасункі са сваімі сяброўкамі, у якіх здаровыя дзеці. Яны робяць разам з імі ўрокі — з нервамі, крыкамі… І мне кажуць: «Не разумеем, як можна сядзець, рабіць адно і тое ж 20 разоў — і не павысіць голас?!»

— І адкуль жа такі характар, такая цярплівасць?

— Уласная школа. Сама праз усё прайшла. Дзіця было ў цяжкім стане. Цяпер, дзякуй Богу, усё добра. Улад наведвае шосты клас СШ №2 г.Чэрвеня. Настаўнікі не скардзяцца. Наадварот, кажуць, што спакойны хлопчык, добры, уважлівы, ні з кім не сварыцца. Мы дома стараемся, каб было добра, спакойна. Не ўсё, канешне, атрымліваецца, але…

— А чым яшчэ, апрача пап’е-машэ, Вы займаецеся з дзецьмі?

— Запланавалі на гэты год ганутэль. Летась была толькі распрацоўка, а сёлета будзем рабіць. Трэба найперш пачысціць дрот, бо набыць гатовы дорага. Мне ў гэтым дапамагае калега — Марыя Апімашка. Яна малайчына, таксама цярплівая. Самі робім спружынкі, і гэта праца для цярплівых. Дрот тонкі накручваецца на больш тоўсты. Потым выцягваем спружынкі, фарміруем лісцікі і ніткамі мулінэ абмотваем. Работа цяжкая, але ўсё ж новая тэхніка, дзецям падабаецца.

— Святлана Пятроўна, адкуль Вы пра яе даведваліся?

— З інтэрнэту. Таксама самаадукацыя. Яшчэ купляем літаратуру. Сястра калі раптам штосьці ўбачыць, абавязкова набудзе. Дзесьці спадабаўся выраб, карціна — яна сфатаграфуе і мне перадасць.

— А Вы свае работы не выкладваеце ў сеціве?

— Усё, што я пачала рабіць, — гэта каталог уласны. Што стварыла, тое і сфатаграфавала. Бо многа работ так проста «пайшло». Я іх памятаю, але зрабіць копію не магу. Часу няма… Яшчэ на гэты год у нас запланаваны, як заўсёды, бісер. На жаль, далёка мы не прасунуліся яшчэ. Паралельнае пляценне не атрымліваецца, толькі дугамі. Гэта калі бісер нанізваецца на дрот, а пасля фарміруецца тое, што трэба.

— Святлана Пятроўна, колькі Вы працуеце ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў?

— Толькі трэці год…

— За гэты час Вы самі ўбачылі зрухі? Напрыклад, у развіцці той самай дробнай маторыкі ў дзяцей…

— Так. Вялікія поспехі мае Каця Крупень. Зараз яна сама можа адмераць дрот, адрэзаць, колькі трэба, зрабіць пяцелькі, набраць бісер, замацаваць яго, сфарміраваць лісцік… А раней яна не магла нават дрот адрэзаць. Канешне, я правяраю, дзе трэба, падцягваю… Таксама малайчына — Лена Чопік. З малодшымі дзецьмі будзем працаваць з паперай, займацца квілінгам (скручваннем). Дзеткам цяжкавата, таму будзем пачынаць са звычайных аб’ёмных аплікацый. Думаю, што ў нас атрымаецца. Паліна Новік у мяне малайчынка…

Стараемся таксама працаваць і з прыродным матэрыялам. Каб дзеці мелі паняцце, што гэта можна вырасціць у сябе на агародзе, а пасля стварыць прыгажосць. Дзяўчаткам цікава проста штосьці пасадзіць і даглядаць. Мы вось увесну плануем высадзіць у вазоны фасолю. Яна добра расце ў любых умовах. І нават калі забыцца паліць, нічога страшнага. А яшчэ фасоля звычайна дэманструе хуткі рост — гэта тое, што дзецям цікава. Бо калі павольна, цікавасць губляецца.

— А колькі па часе Вы тут працуеце?

— Чатыры гадзіны штодзень, апрача выхадных.

— Дома чымсьці такім займаецеся ці ўжо не хочацца?

— Займаюся. У асноўным, раблю загатоўкі сюды. А так — па капрызах маіх дзяцей. Малодшы — Святаслаў — зараз зацікавіўся самалётамі. Мы распрацоўваем з ім чарцяжы. Я раблю выгляд, што ўсё разумею . А на самай справе… Нават ноччу прачынаюся і думаю: «Як гэта там лепей зрабіць?!» Пакуль распрацоўваем. А што атрымаецца — убачым. А са старэйшым, Уладзіславам, мы набіраем бісер. Мусіць, з год таму пачалі рабіць палявы букет. Зараз пляцём каласкі. Але яму не вельмі хочацца, шмат урокаў. Часу мала. Але штодзень па паўгадзіны бісерам займаемся.

— Мама, зразумела, настойвае. А на чым яшчэ можаце настаяць?

— На ўсім.

— І як? Слухаюцца?

— Мае хлопчыкі проста выдатныя, паслухмяныя.

— Уладзіслаў і Святаслаў… Чаму так назвалі?

— Ну, мне падабаюцца незвычайныя імёны. Але ў родзе ў нас ні ў каго такіх няма. І калі я выбрала, родныя былі незадаволены (ўсміхаецца). Калі пайшоў меншы ў садок, дзеці пачалі зваць — Слава. І ў школе так завуць. А мы — калі Свяцік, Свят… Яму падабаецца імя.

— А на што яшчэ дома ў мамы хапае часу? Што Вы любіце рабіць?

— Як і любая гаспадыня, люблю вазіцца на кухні, асабліва, калі там цёпла. А на здымнай кватэры ўсякае бывае. У суботу мы на кухні доўга возімся. Дзеці дапамагаюць. Іх работа — бульбу абабраць. Калі робім салату, яны ведаюць, што трэба ўсё абчысціць і нарэзаць.

— Шыеце?

— Дома. Для сябе. Але заказаў не прымаю, бо праблема з вачыма. Урачы забараняюць. Паціху вышываю. Раней — многа… Але вочы хутка стамляюцца. Таму стараюся, каб дома яны больш адпачывалі.

— У бацькоўскай хаце ў Лядах часта збіраецеся?

— Улетку — пастаянна. Тады ўсе стараюцца ўзяць адпачынкі. Работы там шмат на ўчастку. І нам весялей. Узімку ездзім на выхадныя, але не ўсе і не заўсёды. Часцей мама з татам у нас бываюць.

— У Вас шмат сябровак?

— Так. І ў Чэрвені, і ўвогуле ў Беларусі. Люблю жывыя стасункі.

— Свае работы дорыце — родным, сябрам?

— Скажам так, па запатрабаванню, калі просяць.

— Святлана Пятроўна, ці задаволены Вы тым, чым займаецеся зараз? Можа, хацелася б адкрыць уласную творчую справу?

— Адкрыць штосьці ўласнае — гэта ж трэба быць і бухгалтарам, і эканамістам, усё разлічваць-пралічваць… Не…

— А рабіць штосьці дзеля продажу?

— Было б нядрэнна. Але і для гэтага трэба мець якісьці першапачатковы капітал…

— Вы — шчаслівы чалавек?

— Вось калі я зайду ва ўласную кватэру, тады і адчую поўнае шчасце! Хаця… Калі параўноўваць з іншымі сем’ямі, дзе ёсць праблемы, якія, на мой погляд, не так вырашаюцца, як павінны… Дык  я — шчаслівая…

— Ці трымаеце Вы пастаянную сувязь са сваімі сынамі, калі яны знаходзяцца ў школе? Скажам, пры дапамозе мабільніка?

— Ведаеце, я вось і сваім знаёмым раю не кантраляваць так моцна дзяцей, даць ім больш волі. У маіх сыноў пачынаецца пераходны ўзрост. Да іх трэба акуратна падыходзіць, з разуменнем. Каб дзіця не закрылася, а прыйшло са школы і ўсё расказала бацькам. «Вось тут я так зрабіў, а тут — так…» Селі, абмеркавалі, што правільна, а што — не. Дзе трэба папрасіць прабачэння, а дзе — проста сцярпець, не звярнуць увагі. Каб быў жывы кантакт. А па тэлефоне на кожным перапынку: «Ты што робіш? Туды не ідзі! Так не рабі!» Нават у вачах аднакласнікаў аўтарытэт губляецца.

— Якія яшчэ ў Вас прынцыпы ў выхаванні? Усё ж двое хлопцаў з розніцай у два гады…

— Мы ўвесь вольны час стараемся праводзіць разам. На прагулкі ходзім…

— А сыны яшчэ не саромеюцца з мамай гуляць?

— Не. Нават за ручкі можам пабрацца. Гэта ж — мама, аўтарытэт у доме. А што, можна саромецца? Нават калі я ў школу прыходжу, гэта нармальна. Аднакласнікі прывыклі, што і проста так зазіраю. У любога з іх магу спытацца: «Як справы?», ускудлаціць валасы… Нават, бывае, сустракаюцца аднакласнікі дзяцей са мной на вуліцы: «О, прывітанне! Гэта мама Славы…»

— У вас тып — «мама-сяброўка»?

— Атрымліваецца, што так…

— А ў Вашай сям’і з бацькамі былі такія ж адносіны?

— Я думаю, што ў мяне зараз ідзе дапрацоўка таго, чаго не хапала. Мне хацелася ў дзяцінстве, каб мама была для мяне сяброўкай. А ёй не было часу, каб проста прысесці і выслухаць мяне. Чацвёра дзяцей, на працу трэба і дома работу зрабіць. Мне трошкі цяжкавата зараз, бо таты няма ў сям’і, даводзіцца цягнуць усё…

— А ці можа жанчына кампенсаваць недахоп мужчынскага выхавання?

— Ніколі! У нас дзядуля ўнукамі займаецца. Калі мае мама з татам прыязджаюць да нас, тата толькі з хлопцамі. У іх свае пытанні, вінцікі-шпунцікі… Я туды і не ўмешваюся. Брат заўсёды займаецца дзецьмі. Але я ў такія хвіліны адчуваю сябе не дужа добра. Мне трэба, каб дзеці заўсёды былі побач, каб у доме штосьці тварылася…

— А могуць што-небудзь сапраўды… ўтварыць?

— Не, не хуліганяць.

— А ў школе?

— Не скардзяцца. Ні настаўнікі, ні аднакласнікі. Хаця яны могуць за сябе пастаяць — слоўна. Я рада, бо заўсёды хвалявалася за Улада. Ён у мяне хатні хлопчык, у школу толькі другі год ходзіць. Пераломны момант — гэта цяжка. Але нам пашанцавала з класным кіраўніком — Леанідам Васільевічам Кранцовым. Можа, што мужчына. У класе пераважаюць хлопцы, клас шумны. Але Уладзіку падабаецца. Толькі часта прыходзіць і абураецца: «Мама, я не разумею, як можна біцца?!»

— Значыць, свядомасць сфарміравалася. Мама папрацавала добра…

— Старалася. Але перажыванняў, канешне, многа. Мне здаецца, што дзеткі маленькія, што трэба мне заўсёды ісці наперадзе… Але ўвесь час сябе спыняю…

— Мне здаецца, Вам трэба вывучыцца за псіхолага, у Вас атрымаецца…

— Увогуле,  люблю вучыцца, спасцігаць штосьці новае. Але ж няма магчымасці займацца нават завочна…

— Можа, атрымаецца дыстанцыйна?

— Трэба падумаць…

— Поспехаў Вам!

 

Гутарыла Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *