Пярэстыя абразкі Уладзіміра ДАРАГУЖА

Общество

Дрэва без гнёздаў

Дрэва, якое не мае птушыных гнёздаў,  усёроўна што стары халасцяк: жыве толькі для сябе і не клапоціцца аб прадаўжэнні роду.

 

Пра малітву

Пачуўшы словы малітвы «Магутны Божа», якая заканчваецца заклікам «Зрабі магутнай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ», гэты ўжо немалады чалавек з нездавальненем адзначыў:

— Просить у Бога надо за себя!

— Хіба?!  А нас жа ўсё жыццё вучылі: «Раньше думай о Родине, а потом о себе!».

 

Неабходнасць праверкі

— Як сябе адчуваеце? — пытаецца кабета ў мужчыны сталага ўзросту.

— Цудоўна! — адказвае той.

— Вер, вер, ды правер, — хочацца ўставіць мне слова.

 

Інфляцыя

На пачатку дзевяностых у Беларусі былі ўведзены свае папяровыя грошы з выявамі тутэйшых звяроў, так званыя «зайчыкі».

Летам 1994 года я пазычыў рэжысёрцы нашага народнага тэатра сто купюраў з выяваю мядзведзя. За гэтыя грошы ў той момант можна было купіць 8 паўлітровых бутэлек гарэлкі (4 літры!). Роўна праз год, калі яна аддала мне гэтых сто мядзведзяў, за іх  можна было купіць усяго толькі 400 грамаў гарэлкі, гэта значыць у дзесяць разоў меней.

Так я зразумеў на практыцы, што такое інфляцыя.

 

Яшчэ адзін знак старасці

Калі ў гарадскім транспарце ты сядзіш у прысутнасці стаячай жанчыны, ты ўжо не мужчына, ты — старэча.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *