ДОБРЫ АДПАЧЫНАК ЗЛАДЗІЛІ ДЛЯ НАС…

Общество

На пачатку снежня да жыхароў вёсак Луч і Рэчкі завіталі самадзейныя артысты з Горкаўскага сельскага Дома фальклору. Нас, пенсіянераў, запрасіла бібліятэкар Лучскай бібліятэкі Таццяна Ждановіч, якая арганізавала гэты прыемны адпачынак. Першую частку канцэрта правяла бібліятэкар Горкаўскай бібліятэкі Святлана Вайцяховіч. Яна распавяла пра Год кнігі, пра выдатных беларускіх песняроў Янку Купалу і Якуба Коласа, прадэкламавала верш. Потым пачаўся ўласна канцэрт. Гучалі беларускія народныя песні ў выкананні Таццяны Савонавай і Святланы Вайцяховіч. Літаральна заваражыў нас сваімі спевамі гарманіст Андрэй Каленік. Ён выканаў пад свой акампанемент чатыры песні. Асабліва спадабалася гумарыстычная — пра сала і цыбулю. Назву, на жаль, не запомнілі. Выдатна вяла канцэрт і праспявала прыпеўкі колішняя настаўніца Лядзенскай школы Галіна Ворнік. Ад усёй душы дзякуем калектыву Горкаўскага сельскага Дома фальклору, які парадаваў нас, сталых людзей, такім выдатным адпачынкам. Жадаем самадзейным артыстам поспехаў, бадзёрасці, натхнення.  Асобная падзяка — Таццяне Ждановіч, якая клапоціцца пра нас, пенсіянераў, і заўсёды запрашае на свае адметныя мерапрыемствы.

Галіна УРУБЛЕЎСКАЯ, Надзея ТУРОВІЧ, Ніна САЎЧЫК, Рэгіна ШАЛУПЕНКА і іншыя

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *