НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. ЛІСТАПАД

Общество

У лістападзе гола ў садзе.

Лістапад зіме сцежку пракладае.

Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца.

Апошні месяц восені, адзінаццаты – года меў старабеларускую назву грудзень (ад слова «груды» ў значэнні «замёрзлая зямля»). Сучаснае беларускае найменне лістапад тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў (таксама ва ўкраінцаў листопад, палякаў і чэхаў listopad). Рускі ноябрь, нямецкі, вянгерскі, славацкі nowember утрымліваюць агульную лацінскую аснову  novem (дзевяць). У старажытнарымскім календары  november – дзевяты.

У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды качак, дрэвы стаяць ужо амаль без лісця, з`яўляюцца туманы. Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых работ. Дары асенняга поля і лесу ўжо добра ўладкаваны ў склепах і кладоўках. Самы час успомніць тых апекуноў, якія спрыялі земляробу, і, у першую чаргу, продкаў — «дзядоў». Багаты стол запрашае сватоў парадніць сваіх дзяцей. А вечары, што сталі даўжэйшымі, нагадваюць жанчынам аб кудзелі і піліпаўскіх вячорках.

Як звычайна, назіранні селяніна накіраваны на стан прыроды, паводзіны жывёлы, птушак, па якіх ён вызначае будучае надвор`е. Неба ўсю ноч чыстае, але вакол месяца з`явіліся вялікія кругі – будзе мароз; калі ж кругі гэтыя злёгку пачырванеюць – магчымы нават снегапад з ветрам. Калі дым з коміна падымаецца вертыкальна ўверх, няхай сабе і ў непагадзь, хутка надвор`е наладзіцца.

1 лістапада. Іван, Клеапатра. А ў каталіцкім календары — дзень Усіх Святых, калі адбываецца агульнае памінанне нябожчыкау. Народная творчасць, абыгрываючы назву гэтай урачыстасці, паведамляе пра змены надвор’я: «Па Усіх Святых — холад для ўсіх».

2 лістапада. Задушны дзень. Працяг памінальных дзён у католікаў.

3 лістапада. У правслаўных — Памінальная, Радзіцельская субота.

4 лістапада. Казанская. «Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца». У праваслаўным царкоўным календары – святкаванне Казанскага абраза Божай Маці. Захаваліся цікавыя народныя назіранні: “Да Казанскай – не зіма, а пасля – не восень; зранку – дождж, звечара – снег”; “На Казанскую дождж пойдзе – зіму прывядзе”; «Што Казанская пакажа, тое й зіма скажа».

8 лiстапада. Дзень Дзмiтрыя Салунскага.

10 лістапада. Параскева, Параскімка, Параскі Асеннія. Дзень забароны прадзення і ткання; заступніца жанчын і сям`і, апякунка жаночага рукадзелля. Царква да гэтага дня прыстасавала святкаванне святой Параскевы Пятніцы – велікапакутніцы, якая жыла ў ІІ стагоддзі ў Іконіі.

12 лiстапада. Дзень Зiновiя. Сiнiчкiн дзень. Першае масавае з’яўленне сiнiц каля дамоў — прыкмета надыходзячых вялiкiх халадоў.

14 лістапада. Кузьма-Дзям`ян (Кузьмінкі). Гэты дзень лічыўся прысвяткам кавалёў. А яшчэ дзень Кузьмы-Дзям’яна асабліва шанаваўся дзяўчатамі, бо гэтыя святыя спрыялі вяселлям.

21 лістапада. Міхайлаў дзень. Унукі ў гэты дзень наведвалі сваіх бабуль.  Са святам звязана пацяпленне, так званыя Міхайлавы адлігі.

22 лiстапада. Матроны зiмовыя. З гэтага дня зiма ўстае на ногi, налятаюць маразы

26 лiстапада. Iаан Златавуст. На Златавуста ўсё поле пуста.

27 лістапада. Святога Юстыніяна беларусы лічылі збавіцелем ад бясплоднасці. На абразах ён намаляваны з дзіцем на руках у малітве перад іконаю Божай Маці. Бяздзетныя ці тыя, у каго паміралі дзеці, абавязкова мелі абраз святога Юстыніяна ў сваім доме.

28 лістапада. Піліпаўка (Калядны, Піліпаўскі пост). Пачынаецца апошні ў годзе пост — Калядны, або Піліпаўскі (Піліпаўка), які працягваецца да самых Каляд (да 7 студзеня).

29 лістапада — Мацей. Восень не саступае зіме, і гэта асаблівасць стану прыроды перададзена ў прыкмеце: «На Мацея дарога пацея».

Падрыхтавана па сайтах інтэрнэта

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *