ДЗЯСЯТЫЯ З ЧАТЫРНАЦЦАЦІ

Спорт

Футбалісты чэрвеньскага «Коласа» завяршылі сёлетні чэмпіянат Мінскай вобласці ў першай лізе на дзясятым месцы з чатырнаццаці каманд. У 26 матчах яны атрымалі 9 перамог, тры сустрэчы згулялі ўнічыю і 14 прайгралі. Вынікі выступлення «Коласа» ў чэмпіянаце падводзім разам з трэнерам і варатаром нашай каманды Аляксандрам Курыловічам.

Аляксандр КУРЫЛОВІЧ:

«У НОВЫМ СЕЗОНЕ СПАДЗЯЁМСЯ ЗГУЛЯЦЬ ЛЕПШ»

— Аляксандр Васільевіч, якую адзнаку паставіце камандзе за гэты сезон?

— Мяркую, што згулялі на адзнаку «добра». Прынамсі, каманда выканала задачу мінімум — застацца ў першай лізе — за тры туры да заканчэння чэмпіянату. Так, былі ў нас і прыгожыя гульні, і правальныя. Відавочна, што больш паспяховым атрымалася выступленне «Коласа» ў другім крузе, за які мы набралі 19 ачкоў. Галоўнае, што змагаліся ў кожным матчы да канца. Таму выніковае дзясятае месца расцэньваю як трывалы фундамент для прывабных турнірных перспектыў у новым сезоне.

Дзякуй футбалістам за адданасць камандзе, а балельшчыкам — за падтрымку!

— Каго з ігракоў можна выдзеліць персанальна?

— Заўсёды цяжка на гэтае пытанне адказваць, каб кагосьці не пакрыўдзіць. І усё ж я вылучыў бы Аляксандра Ліпніцкага. Ён правёў за «Колас» шмат матчаў, трывала займаючы месца ў асноўным саставе на правым флангу паўабароны. Без гэтага іграка ўвогуле цяжка ўявіць гульню нашай каманды.

— Наколькі ўзмацнілі «Колас» ігракі, запрошаныя з-за межаў Чэрвеня?

— І мінчане, і смілаўчане нам вельмі дапамаглі. Дзякуй ім! Можна сказаць, што яны ўжо лічаць «Колас» роднай камандай, а Чэрвень — сваім горадам.

— Якую гульню, праведзеную ў сёлетнім чэмпіянаце, можна назваць самай лепшай, а якую — самай горшай?

— Я вылучыў бы па некалькі такіх гульняў. Выдатна правялі стартавы матч другога круга на выездзе са слуцкім «Аграсервісам», які выйгралі — 3:0. Варта ўзгадаць і дзве нашы валявыя перамогі: дома над «Іслаччу-2» (Мінскі раён), калі перамаглі — 3:2, прайграючы — 0:2, і ў Барысаве, дзе, саступаючы мясцовай «ДЮСШ-2» — 0:4, здолелі згуляць унічыю — 4:4. Дарагога каштавала і нічыя — 1:1 — у Дзяржынску з «Лівадыяй-Юні». Мы тады першымі «адабралі» ачкі ў аднаго з лідараў чэмпіянату.

Горшыя гульні? Гэта, безумоўна, паражэнні ў гасцях ад уздзенскай «Беліты-Вітэкс» — 0:8 і дома ад «Жодзіна-2007» — 2:7. А ўвогуле, паражэнне з любым лікам па-свойму крыўднае…

— Што перашкодзіла «Коласу» заняць больш высокае месца ў чэмпіянаце?

— Найперш, няўдалая гульня на старце сезона, калі ў чатырох першых гульнях саступілі сапернікам з аднолькавым мінімальным лікам — 0:1 — і на працягу першых пяці тураў не забілі ніводнага мяча… Гэтыя няўдачы моцна паўплывалі на псіхалагічны стан ігракоў.

— Сюды ж, мне здаецца, варта дадаць праблемы са стабільнасцю стартавага саставу «Коласа»?

— Так, нягледзячы на ўсе намаганні, кадравыя праблемы заставаліся на працягу ўсяго сезона. Напрыклад, калі ў пачатку можна было выбіраць з васьмі абаронцаў, то бліжэй да фінішу чэмпіянату з цяжкасцю ўдавалася сабраць чатырох…Але што тут крыўдаваць на футбалістаў? Не трэба забываць, што ў нас гуляюць не прафесіяналы, а аматары. І ўсе яны жывыя людзі: хтосьці ў дзень гульні працуе, у кагосьці неадкладныя сямейныя праблемы з’яўляюцца. Але кожны ігрок, нават калі яго не было на матчы, шчыра непакоіўся за каманду.

— Хацелася б пагаварыць наконт ролі ў лёсе «Коласа» выхаванцаў чэрвеньскага футбола, якія сёння гуляюць у спаборніцтвах больш высокага ўзроўню… Па вялікаму рахунку і лепшы бамбардзір другой лігі Дзяніс Трапашка з каманды «Смалявічы-СТІ», і Аляксандр Мрынскі з бабруйскай «Белшыны» маглі б дапамагчы землякам, як гэта робіцца ў тых жа уздзенскай «Беліце-Вітэкс», стаўбцоўскім «Нёмане-Агра» ці дзяржынскай «Лівадыі-Юні»…

— Прапановы гэтым ігракам рабіліся, аднак, на жаль, не атрымалася прыцягнуць іх у састаў. Але я не крыўдую, бо разумею, што ў іх і без таго вялікія нагрузкі былі.

Зрэшты, пытанне гэтае застаецца адкрытым, тым больш, што «Коласу» вельмі патрэбны нападаючыя. Таму разлічваю на іх дапамогу ў наступным сезоне. Упэўнены, што, калі б Дзяніс і Саша сёлета ў вольны ад матчаў за свае каманды час гулялі за нас, «Колас» заняў бы больш высокае месца ў чэмпіянаце.

— Прыклад — Яўген Яблонскі — ігрок адной з маладзёжных каманд ФК «БАТЭ»…

— …Так! Вялікі яму дзякуй! Жэня сёлета шмат зрабіў для «Коласа», забіў 12 мячоў. Відавочна, што яго майстэрства ўзрастае. Я шчыра жадаю Яўгену з цягам часу трапіць у асноўны састаў “БАТЭ”.

— На працягу ўсяго сезона ў «Коласе» фактычна не было другога варатара. Але ў перадапошнім матчы чэмпіянату з бярэзінскім «БСЗ» у «рамку» стаў Арцём Аўраменка і паказаў даволі ўпэўненую гульню…

— У Арцёма ёсць добрыя варатарскія здольнасці. Засталося адпрацаваць з ім гульню на выхадах. Хлопец зусім малады, у яго ўсё наперадзе. Сапраўды, сезон аднаму гуляць на варотах цяжка. Гэта пацвердзіў матч у Вілейцы, калі я атрымаў траўму і мы прайгралі з буйным лікам…

— Вядома, што каманды, якія сёлета ўвайшлі ў тройку прызёраў чэмпіянату вобласці, маюць спонсараў, атрымліваюць прэміяльныя за перамогі. Ці не ў гэтым сакрэт іх поспеху?

— Гэта з якога боку паглядзець. Возьмем нашых суседзяў: у «БСЗ» (Беразіно) былі спонсары, але каманда заняла перадапошняе месца і пакінула першую лігу, а ў «Зоркі-ЖКГ» (Мар’іна Горка) спонсараў не было і яны — сёмыя ў выніковай турнірнай табліцы.

Што да «Коласа», то мы таксама гуляем без спонсараў і прэміяльных. Гуляем для сябе і нашых балельшчыкаў. Пра грошы ніхто не задумваецца. Хаця, канешне, спонсар нашай камандзе не пашкодзіў бы. Напрыклад, варта было б неяк матэрыяльна заахвоціць тых жа мінскіх ігракоў, якія за нас выступаюць.

— Скончыўся сезон. Падведзены яго вынікі. Якія планы на сезон новы?

— Больш прадметна пра гэта можна будзе размаўляць бліжэй да наступнай вясны. Мяркую, што абновім састаў. Планы? Думаю, задача-мінімум будзе згуляць лепш, чым сёлета. Задача-максімум — месца ў тройцы прызёраў.

За гэты сезон мы асвоіліся ў першай лізе. І ў некаторых матчах пераканаліся, што можна перамагаць нават вельмі моцнага саперніка.

 

ВЫНІКОВАЯ ТАБЛІЦА ЧЭМПІЯНАТУ

Каманды                                 Г    В       Н   П        М              А

«Беліта-Вітэкс» (Узда)         26  21       2   3         93-28   65

«Неман-Агра»

(Стоўбцы)                            26  21       2   3         86-42   65

«Лівадыя-Юні»

(Дзяржынск)                         26  17       5   4         45-17   56

«Старыя Дарогі»                    26  13      4   9         55-43   43

«Вілія» (Вілейка)                    26  13      0  13        51-63   39

«Аграсервіс» (Слуцк)          26  11       5  10        51-43   38

«Зорка-ЖКГ» (М.Горка)       26  10       5  11        38-45   35

«Забудова-2007»

(Маладзечна)                       26   9        4  13        55-62   31

«Жодзіна-2007»                      26   9       3  14        41-45   30

«Колас» (Чэрвень)                                26   9       3  14        41-61   30

«Іслач-2» (Мінскі раён)       26   7        7  12        42-49   28

«Клецк»                                   26   6       3  17        46-69   21

«БСЗ» (Беразіно)                   26   5       5  16        45-72   20

«ДЮСШ-2″(Барысаў)           26   6        2  18        54-104 20

Падрыхтаваў Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *