САМАЯ ПЕРШАЯ І – НЕЗАБЫЎНАЯ

Общество

Першай і любімай настаўніцай для многіх дзяцей стала Ірына Віктараўна НЕВЯРОЎСКАЯ — сапраўдны прафесіянал сваёй справы, педагог вышэйшай катэгорыі, якая 25 гадоў працуе на ніве асветы. Шчырасць, сардэчнасць, добразычлівасць, інтэлігентнасць, павага да дзяцей, ураўнаважанасць — вядучыя якасці гэтага Педагога. «Наша Ірына Віктараўна!» — з цеплынёй гавораць яе вучні. І ў гэтых словах — усё: захапленне, павага да самага блізкага і галоўнага чалавека ў іх школьным жыцці, да першай настаўніцы.

Сваімі вучнямі Ірына Віктараўна па праву ганарыцца. Многія з іх ужо скончылі школу з адзнакай, многія былі пераможцамі ў раённых, абласных і нават рэспубліканскіх конкурсах. Спадзяёмся, што і цяперашнія яе трэцяклашкі будуць радаваць усіх поспехамі!

Ірына Віктараўна Невяроўская — мудры педагог. Яна разумее, што поспех выхавання і развіцця школьнікаў у многім залежыць ад узаемадаверлівых адносінаў, якія складваюцца паміж настаўнікам і бацькамі. Ужо з першых дзён знаходжання ў школе мамы і таты адчулі  зацікаўленасць іх настаўніка ў яднанні калектыву бацькоў і вучняў. Сумесныя пазашкольныя справы, святы, адкрытыя ўрокі для дарослых — усё гэта  ініцыятыва Ірыны Віктараўны.

Захапляцца такім настаўнікам можна бясконца! Мабыць, не хопіць слоў, каб агучыць усе вартасці гэтага цудоўнага чалавека. Менавіта такія людзі — уважлівыя, чулыя, цярплівыя, здольныя патлумачыць як дзецям, так і бацькам тое ці іншае пытанне, што датычыцца вучобы, ды і проста любой жыццёвай сітуацыі, павінны працаваць у школе. Ад першай ступені навучання залежаць будучыя поспехі нашых дзяцей. Таму можна не сумнявацца, што такія выкладчыкі, як Ірына Віктараўна Невяроўская, закладваюць той самы надзейны фундамент, неабходны для станаўлення асобы, гатовай жыць, вучыцца і працаваць у складаным сучасным свеце.

Леанід КРАНЦОЎ,

настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ №2 г.Чэрвеня

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *