РЭЙД ПА НЯДОБРАНАДЗЕЙНЫХ СЕМ’ЯХ

Общество

Гэтым разам правяраць жыллёва-бытавыя ўмовы непаўналетніх (а найчасцей — малалетніх), якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, абстаноўкі ў сям’і накіраваліся намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Сцяжко, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС Андрэй Мірановіч, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Аношка, сацыяльны педагог Чэрвеньскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Галіна Яўсейчык. Маршрут быў складзены з такім улікам, каб завітаць і ў тыя хаты, дзе, па звестках неабыякавых жыхароў Чэрвеньшчыны, дзеці знаходзяцца ў дрэнных умовах.

… Па калдобінах вуліцы 50 год БССР у вёсцы Натальеўск едзем па першаму адрасу, добра знаёмаму членам камісіі па справах непаўналетніх. Некалькі гадоў таму сям’я, якая там пражывае, была на ўліку як нядобранадзейная. Але, як тлумачыць Наталля Сцяжко, пасля правядзення прафілактычнай работы ўсімі зацікаўленымі структурамі маці двух непаўналетніх працаўладкавалася, дзеці рэгулярна хадзілі ў садок. Пытанняў не было. Сям’ю пэўны час кантралявалі, наведвалі па месцы жыхарства і, у рэшце рэшт, знялі з уліку. Два гады ўсё было добра. І раптам — трывожны званок у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама: маці ў стане алкагольнага ап’янення, за дзецьмі, малодшымі школьнікамі, догляду няма. Туды накіраваліся педагогі, факты пацвердзіліся. І вось цяпер — рэйд.

У старой хаціне, акрамя маладой і прывабнай маці, знаходзяцца яшчэ дзве яе знаёмыя. Адна з іх — з дзіцём, якое, відавочна, хворае. І яны знаёмыя членам камісіі па справах непаўналетніх — па рэйдах і пасяджэннях. З размовы з маці высвятляецца, што тая так актыўна адзначала чыйсьці дзень народзінаў у суботу. А затым, маўляў, усё было ў парадку…

— Але ж нам патэлефанавалі ў панядзелак! — эмацыянальна заўважае Наталля Сцяжко. — А ты была ў такім стане, што слова сказаць не магла!

— Адыходзіла, значыць, ад суботы…

Як аказалася, жанчына яшчэ і з працы звольнілася, бо там мала плацяць. Яна атрымлівае папярэджанне: прывесці ўсё ў парадак, працаўладкавацца на працягу двух тыдняў. І, зразумела, сям’я ізноў трапляе на ўлік, бо дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Жанчына, відавочна, хвалявалася. Абяцала, што больш такога не паўторыцца, бо «мазгі яшчэ ёсць » (яе ўласныя словы). А яшчэ пыталася: «І што мне цяпер за гэта будзе?..»

Што ж датычыцца другой жанчыны з дзіцём, якая «завісла» тут на некалькі дзён, дык ёй параілі звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя. Таксама вырашана абследаваць яе жыллёва-бытавыя ўмовы па месцы жыхарства ў Чэрвені.

Наступная хата непадалёк ад гэтай уражвае ўсіх яшчэ з парогу. Цёмна, страшна, брудна — гэта калі без эмоцый. А ўнутры — маладыя прывабныя тата з мамай і трое дзетак — адно меншае за другое.

Дагэтуль сям’і тут не было. Яны з’явіліся нядаўна. Запэўніваюць, што маюць вялікі дом у Падмаскоўі. А сюды, да бацькоў жонкі, прыехалі часова — афармляць якіясьці дакументы, бо яна тут прапісана. А праз 3-4 дні ўжо з’язджаюць у Расію. Зразумела, іх мяркуемы ад’езд пракантралююць. Але нават некалькі дзён для малых у такіх жахлівых умовах — гэта занадта…

На жаль, пацвердзіўся і яшчэ адзін сігнал — з вёскі Старына, дзе ў сям’і гадуецца трое непаўналетніх. Старэйшыя — школьнікі. Меншаму па ўзросту падышоў бы дзіцячы садок, але ён знаходзіцца, так бы мовіць, на хатнім выхаванні. Але бацькі на працы. Сына пакідаюць на родзічаў-мужчын. А вось як яны яго глядзяць…

У хаце вельмі брудна, даволі халодна. Малы, лёгка апрануты, сядзіць на ложку без шкарпэтак. Зусім не пужаецца такой колькасці дарослых, ахвотна размаўляе. Святлана Аношка пачынае хвалявацца, чаму хлопчык басанож (затое бацькоў і «выхавальніка» гэта, мабыць, не хвалюе).

На просьбу паказаць, дзе яго шкарпэткі, хлопчык вядзе ў іншы пакой. Паказвае ложак, дзе, па яго словах, ён спіць разам з татам і мамай. На адных паліцах шафы ляжыць вопратка (даволі бязладна), на другіх — ці не большая колькасць за яе… відэакасет. Святлана Аношка спрабуе знайсці пару хлапечых шкарпэтак, але… безвынікова. Нарэшце трапляюцца больш-менш чыстыя і цеплаватыя, толькі… з дзіркамі! Але выйсця няма. Дапамагае нацягнуць хлопчыку гэтыя, а зверху яшчэ і разнамасныя… Затое цёпла…

На пытанне, колькі яму гадоў, хлопчык моўчкі паказвае чатыры пальчыкі. А колькі гэта — сказаць не можа. Затое ён не супраць наведваць дзіцячы садок. Але з гэтым у дарослых якіясьці праблемы. Здаецца, у бліжэйшым няма месца, а з дальняга не атрымаецца забіраць увечары…

Прымаецца рашэнне выклікаць бацькоў на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Антысанітарыя — поўная. Хаця ж не лайдакі. Працуюць, трымаюць сваю гаспадарку… Толькі чамусьці не заўважаюць бруд вакол сябе…

Пераязджаем у вёску Заполле. У сям’і непаўналетняга школьніка скандаляць дарослыя. Па гэтай прычыне яны выклікаліся на камісію. Але вырашана яшчэ праверыць жыллёва-бытавыя ўмовы. На дварэ сустракаемся з педагогамі з Запольскай школы, якія прыйшлі з той жа мэтай. Але бацькі на працы, сын у школе. У хаце толькі родзічы — жонка з дзіцём. Аказваецца, тут фактычна жывуць тры сям’і. І канфлікты па розных прычынах узнікаюць паміж імі. Зрэшты, жанчына запэўнівае, што збіраецца з’язджаць у Мінск, дзе іх чакае тата хлопчыка, ёсць жыллё і ўжо замоўлена месца ў дзіцячым садку. Гэта таксама будзе праверана, бо на момант прыезду камісіі дзіця садок не наведвала…

І яшчэ адна праверка званка ў камісію па справах непаўналетніх. Маўляў, дзіця знаходзіцца ў неспрыяльных умовах, недагледжанае. Дома, у абедзенны перапынак, застаём малога, яго маму і бабулю хлопчыка. Апошняя прыехала, каб глядзець дзіця, якое прыхварэла, пакуль маці на працы. Вялікі прасторны дом з добрай абстаноўкай, на стале, апрача ўсяго іншага, вялізны самаробны шакаладны торт… Атрымалася, што перапынілі абед і… напужалі людзей сваім візітам! А тут — усё ў парадку, нават больш чым… Інфармацыя, перададзеная па тэлефоне, аказалася падманнай. І сямейства нават здагадалася, чыіх рук тут справа і навошта зроблена…

І такое бывае… З аднаго боку, атрымалася няёмка. А з другога… Няхай бы часцей інфармацыя не пацвярджалася, а дарослыя належным чынам выконвалі свае бацькоўскія абавязкі.

Рэйд на гэтым скончыўся. Яго вынікі па маёй просьбе падвяла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Сцяжко:

— Бацькі з дзвюх наведаных сем’яў будуць запрошаны на пасяджэнне камісіі. Відаць, давядзецца ставіць пытанне аб забранні дзяцей, пакуль дарослыя ні возьмуцца за розум. Дваіх дзяцей возьмем на ўлік, зафіксаваўшы тым самым іх сацыяльна небяспечнае становішча.

А яшчэ ў сувязі з наведваннем апошняй сям’і хочацца звярнуцца да неабыякавых грамадзян Чэрвеньшчыны. У апошнія месяцы пачасцілася колькасць тэлефанаванняў, у якіх паведамляецца пра нездавальняючыя ўмовы пражывання непаўналетніх. Канешне, кожнае з іх правяраецца. І, як бачым, не заўсёды пацвярджаецца. У сувязі з гэтым нагадваю, што за падманныя звесткі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

А вось калі сапраўды побач з вамі жывуць дарослыя аматары алкаголю, з-за якіх церпяць непаўналетнія, альбо вы сталі сведкамі скандалу ў сем’ях, бачыце дрэнныя жыллёва-бытавыя ўмовы дзяцей, іх недагледжанасць, паведамляйце, калі ласка, па тэлефонах: у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама — 55-33-8; у інспекцыю па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС — 5-44-96 альбо ў Чэрвеньскі РАУС — 102; у Чэрвеньскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр — 5-27-66.

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *