Праклятыя гады

Люди и судьбы

Неўзабаве 29 кастрычніка. Гэтакай жа датай 75 гадоў таму ноччу ў Мінскай турме расстралялі каля ста змардаваных, знясіленых вязняў. Пазбавілі жыцця найбольш вядомых дзеячаў беларускай адукацыі, культуры, партыйна-дзяржаўнага апарату БССР. Сярод іх: другі сакратар ЦК КПБ(б) М.Арабей, наркамы асветы А.Варончанка, А.Чарнушэвіч, рэктары БДУ А.Дзякаў, Я.Каранеўскі, А. Кучынскі, пісьменнікі М.Чарот, П.Галавач, А.Дудар, М.Зарэцкі, В.Коваль, Я.Нёманскі, Ю.Таўбін, В.Сташэўскі, Т.Кляшторны, І.Харык… Менавіта на тую чорную ноч і 1937-ы чалавеказнішчальны год прыпадае самы магутны віток сталінскіх рэпрэсій.

А пачыналіся рэпрэсіі нашмат раней. Пад час прадразвёрсткі і прымусовай калектывізацыі, раскулачвання пацярпелі тысячы сялян. Іх цэлымі сем’ямі, і старых, і моладзь, і дзяцей вывозілі ў непрыстасаваных халодных вагонах у Сібір, у раёны Поўначы ды пусткі Казахстана. На працягу доўгага часу людзей заганялі за калючы дрот зонаў ГУЛАГа, ахопліваючы ўсё новыя і новыя пакаленні “ворагаў народа” — членаў сем’яў і сваякоў рэпрэсіраваных. Загінула таксама вялікая колькасць настаўнікаў, дактароў, журналістаў, праваслаўных і каталіцкіх святароў…

Злачынствы не абмінулі і  Ігуменшчыну-Чэрвеньшчыну. Прозвішчы нашых землякоў — ахвяраў неабгрунтаваных палітычных рэпрэсій у змрочныя часы 1920-1940-х гадоў змешчаны ў кнізе “Памяць. Чэрвеньскі раён”. 639 чалавек. 639 пакутных лёсаў. І гэта няпоўны пералік. Сярод тых, хто тут не ўзгадваецца, ураджэнец вёскі Карзуны Смілавіцкага сельсавета Вячаслаў Аляксандравіч Шыдлоўскі, яго брат Усевалад, які на той час працаваў адказным сакратаром газеты “Піянер Беларусі” і вучыўся разам з яшчэ адным будучым вязнем і пісьменнікам Сяргеем Грахоўскім. Пацярпела таксама іх сястра — студэнтка геаграфічнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. Калі ў навучальнай установе даведаліся, што яе браты — “ворагі народа”, выключылі з інстытута.

Складанымі і пакручастымі выдаліся сцяжыны лёсу Вячаслава Шыдлоўскага. Скончыўшы ў 1929 годзе Смілавіцкую сямігодку, 16-гадовы юнак, паслухаўшы парады настаўніка малявання, спрабаваў паступіць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Паслаў туды дакументы і малюнкі. Іх прынялі, выклікалі на экзамен, што мацавала надзеі, спадзяванні, дадало ўпэўненасць. Бацька на ўласнай фурманцы адвёз яго на чыгуначную станцыю ў Смалявічы. Аднак вучыцца ў тэхнікуме юнаку не давялося. З-за сацыяльнага паходжання. Тагачасны наркам асветы патрабаваў “не цацкацца” з інтэлігенцыяй, фарміраваць кантынгент студэнтаў і навучэнцаў тэхнікумаў з пралетарска-сялянскай моладзі. Пад гэтую катэгорыю Шыдлоўскі не падпадаў, бо быў сынам настаўніка. Яго бацька да рэвалюцыі закончыў настаўніцкую семінарыю і выкладаў у Смілавіцкай сямігодцы матэматыку і фізіку.

Жыццёвы шлях  прывёў Вячаслава ў Смалянскую сельскагаспадарчую школу. Потым ён вучыўся ў Барысаўскім сельгастэхнікуме, працаваў непадалёку ад Смілавіч у саўгасе “Вызваленне” суседняга Смалявіцкага раёна. Са студзеня 1935 года служыў у войску ў Мінску, вучыўся ў аб’яднанай беларускай вайсковай школе імя ЦВК БСР, потым у Маскоўскай артылерыйскай школе імя Красіна, якая была пераведзена ў Краснадар. Шостага лістапада 1936 года яго арыштавалі як “ворага народа” за так званую “нацдэмаўшчыну”. Нібыта меў дачыненне да “контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай групоўкі”.

Вячаслава Шыдлоўскага і яго брата “здаў” сваім даносам-паклёпам у органы НКУС зямляк — студэнт Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. На ўсіх сустрэчах ён прысутнічаў не як сябра, а як сексот. Фальсіфікацыя гэтых сустрэч у яго даносе адыграла трагічную ролю. Пэўнае ўяўленне аб тым жахлівым часе дае змрочны жарт, які бытаваў у гады СССР: “Калі сабраліся тры чалавекі, то два з іх абавязкова стукачы.” “Не два, а два з паловай” — удакладнялі песімісты.

“Абвінавачванні былі недарэчныя, надуманыя, прымітыўныя” — успамінаў потым Вячаслаў Шыдлоўскі. — Усялякія сяброўскія сустрэчы, дарэчы сказаць, вельмі рэдкія, якія праходзілі з нагоды сямейных урачыстасцяў ці проста так, расцэньваліся следствам як “сход групы”. Допыт круціўся вакол нікчэмных фактаў, якім надавалася палітычная інтэрпрытацыя. Абыгрывалася сяброўская размова  (а мы былі сябрамі з дзяцінства), якая быццам бы калісьці адбылася, пра тое, што  калгаснікі пакідаюць вёску і едуць у горад. На самой справе такой размовы не было, хоць калгаснікі сапраўды пачалі пакідаць вёску ў пошуках лепшага жыцця. Сур’ёзным абвінавачваннем лічылася захоўванне “контррэвалюцыйнай літаратуры, у разрад  якой трапілі перыядычныя выданні мінулых гадоў, творы беларускіх пісьменнікаў, абвешчаных “ворагамі народа” і шэраг кніг беларускіх класікаў (Багдановіча, Купалы, Коласа), працы арыштаваных вучоных, у тым ліку і навучальныя дапаможнікі. Да крамольнай літаратуры была далучана і паэзія Ясеніна, творчасць якога характарызавалася тагачаснай крытыкай як “бандыцкае выяўленне кулацка-трацкісцкай ідэалогіі”. Шэйкман (следчы) гартаў перада мною рукапісныя сшыткі вершаў Ясеніна, канфіскаваныя ў мяне, лічачы іх доказам маёй віны”.

У студзені 1937 года трыбуналам Беларускай ваеннай акругі Шыдлоўскі быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Для 1937 года гэта выглядала прысудам мяккім, аднак месца зняволення — Калыма — было сапраўдным пеклам.  Такім чынам, з дапамогай сексота НКУС была “разгромлена яшчэ адна “контррэвалюцыйная нацдэмаўская групоўка”. А больш як праз 50 гадоў   ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР пры пераглядзе яго справы канстатавала: “Як вынікае з цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БСР, а таксама архіва Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП Беларусіі, у перыяд 1920-1930 гадоў на тэрыторыі Беларускай ССР арганізацыі БНЦ — “нацдэм” не існавала.”

Вось так. Між тым арыштаваныя не адно катаргай абмяжаваліся, некаторых расстралялі. Шмат хто не вытрымаў цяжкіх ГУЛАГаўскіх умоў. Не вярнуўся з Калымы і ўраджэнец  суседняга, Пухавіцкага раёна, якога суд прызнаў кіраўніком той “нацдэмаўскай групоўкі” з чатырох чалавек.  Толькі праз шмат гадоў ён, як і многія іншыя, быў рэабілітаваны з-за адсутнасці злачынства.

Вячаслава Шыдлоўскага этапавалі ў адзін з Калымскіх канцлагераў, дзе знаходзілася значная частка інтэлектуальнага патэнцыялу народа. Там апынуўся і брат Усевалад.

Па дарозе ў вагоне цягніка праз акно ў кратах Шыдлоўскі ўбачыў аднакашніка па Смілавіцкай сямігодцы Івана Гуза з суседняй вёскі Забалацце. Прызнаны як сын кулака, ён таксама трапіў пад каток рэпрэсій. Не аб такім жудасным лёсе марылі яны ў бясхмарныя вучнёўскія гады…

Пасля вызвалення ў лістападзе 1940 года яшчэ сем гадоў не дазвалялі калымскаму катаржаніну  Вячаславу Шыдлоўскаму вярнуцца дамоў. Працаваў у геалагічных партыях Дальбуда. Стварыў шмат замалёвак з мясцін сваіх экспедыцый.

Узнагароджаны знакам “Отличник разведки недр”, медалём “За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.”.

У Беларусь вярнуўся толькі ў 1947 годзе. Палітвязням трэба было прапісвацца ў Градзянцы, але яму ўдалося зрабіць гэта ў Карзунах. Уладкаваўся працаваць геолагам у Белгалоўгеалогіі. Аднойчы ў геалагічным упраўленні з’явіўся новы зампаліт, былы эмгэбіст. Ім аказаўся зямляк Шыдлоўскага па Чэрвеньскаму раёну. Каб сцвердзіць важнасць сваёй ролі, ён пачаў шукаць “ворагаў народа”. Аб’ектам яго увагі стаў Шыдлоўскі.  Ён напісаў у трэст у Маскву данос, адкуль паступіў загад звольніць Шыдлоўскага. У працоўнай кніжцы зрабілі адпаведны запіс, які выключаў магчымасць уладкавацца на работу. У Карзунах ён з жахам чакаў новага арышту і этапавання на Калыму. Так мінула тры месяцы, а неўзабаве памёр Сталін. Шыдлоўскага зноў узялі на работу ў геалагічнае ўпраўленне. Адтуль і пайшоў на пенсію.

У 1997 годзе Вячаслаў Шыдлоўскі памёр. Пахаваны ў родных Карзунах, побач з бацькамі і сябрамі. Ён пакінуў рукапіс успамінаў, які праз чатыры гады выдадзены кнігай пад назвай “Рысы майго пакалення”. Яна стала прыкметнай спробай гістарычнага даследвання прычын і наступстваў таталітарнага рэжыму. У гэтай пякуча-пранізлівай споведзі ён расказвае пра свае хаджэнні па пакутах. Пра тых, хто яму сустракаўся на жыццёвых дарогах. Тут ёсць усё,  чым мог “абдарыць” калымскага вязня той час. Узгадвае Шыдлоўскі жудасны малюнак з сотняў трупаў, якія давялося неаднойчы бачыць пасля таяння снегу ў гарах. Пра першы знойдзены ім залаты самародак, які сваімі 58 грамамі адпавядаў нумару артыкула, паводле якога судзілі яго. Пра дэталі прыёму ў касту блатных, калі навічок у літаральным сэнсе мусіў з’есці сабаку. Пра “ўдарную” працу ў шасцідзесяціградусны мароз. Пра страшную турму на Калыме Сэрпанцінку, адкуль ніхто не выйшаў жывым.

Сведка свайго часу, заглыбіўшыся ў цяжкую горкую памяць, ён распавядае пра тое, чаго многія з нас не ведаюць, гаворыць за тых, хто ўжо ніколі нічога не скажа, хто загінуў за марны цень, раздумвае над прычынамі здрадніцтва, даносаў, паклёпаў. У прыватнасці, заўважае: “Паводзіны студэнта былі тыповымі для сексотаў… Ім уласцівыя глухата да людскіх бедаў і пакут, бяздушнасць у дачыненнях да блізкіх, знаёмых, былых сяброў, нават сваякоў, якія трапілі па іх віне пад каток рэпрэсій…”

Засяроджваецца таксама на тым, што здзекі над ацалелымі палітвязнямі не канчаліся і пасля таго, як  іх выпускалі з-за калючага дроту і канцлагераў ГУЛАГа:

“Усім ім выдавалі «воўчыя» пашпарты, што абмяжоўвалі магчымасць працаўладкавання, выбару месца жыхарства, выбару прафесіі або пасады, выбару навучальнай або навуковай установы. Многім з іх не давалі магчымасці вярнуцца да сваіх сем’яў, сваіх хатаў. А тых, каму гэта ўдавалася, прымусова вярталі назад, зноў жа «в места не столь отдаленные» на вечнае пасяленне. Той, каго да пары не чапалі, рызыкаваў знячэўку парушыць пашпартны рэжым, створаны для былых палітвязняў, за што таксама належаў тэрмін зняволення…”

Выжыўшы ў канцлагеры, ён таксама заставаўся вечным адлучэнцам. Ужо вольны, двойчы звяртаўся ва ўрад краіны (адзін раз з Калымы, другі раз з Беларусі) з прашэннем перагледзець  справу і скасаваць прысуд. Абодва разы яму адмовілі. Не мела значэння і тое, што за працу на Калыме па вольным найме пасля лагера быў тым жа ўрадам узнагароджаны медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.»

“Таўро «ворага народа» само па сабе не знікала,— успамінае Вячаслаў Шыдлоўскі. — І так амаль да апошніх гадоў. Не хацелася паміраць з гэтым таўром, якое магло адбіцца і на лёсе нашчадкаў. Не спадзеючыся на ўвагу высокіх камісіяў па рэабілітацыі, вымушаны быў звярнуцца ў індывідуальным парадку да пракуратуры. У выніку Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР канстатавала (праз 50 гадоў з лішкам), што я ні ў чым не быў вінаваты. Нарэшце настала поўная рэабілітацыя са спыненнем справы дзеля адсутнасці злачынства…” Сталася гэта  ажно ў 1988 годзе.

Следчы пракуратуры Беларускай ваеннай акругі пры пераглядзе яго справы палічыў неабходным патурбаваць таго былога студэнта, які стаў ужо вядомым у пісьменніцкім асяроддзі і грамадстве чалавекам, задаць яму некалькі пытанняў. Шыдлоўскі пазней пацікавіўся, што ён гаварыў. Следчы адказаў: «Што з яго ўзяць. Стары чалавек. У яго трасуцца рукі. Сказаў — такі быў час».

Але не ад старасці трэсліся ў яго рукі. Спалохаўся, калі пачалі выклікаць для тлумачэнняў, што яго ганебная дзейнасць стане вядомай іншым, нанясе шкоду яго рэпутацыі. Тым больш, што Шыдлоўскі станавіўся вядомым у навуковым і пісьменніцкім асяроддзі. Сярод яго добрых знаёмых былі Сяргей Грахоўскі, Адам Мальдзіс, Барыс Сачанка, Уладзімір Содаль, Лявон Луцкевіч, Павел Пруднікаў і іншыя аўтарытэтныя ў краніне людзі.

Паміж Шыдлоўскім і даносчыкам здараліся сустрэчы на розных вечарынах у Доме пісьменнікаў. Але ён не пакаяўся, не папрасіў прабачэння, што сведчыць пра абсалютную маральную дэградацыю.

Брат Вчаслава — Усевалад Шыдлоўскі — вярнуўся з Калымы толькі ў 1951 годзе. Пасля рэабілітацыі працаваў настаўнікам у Раваніцкай сярэдняй школе. Пазней — інструктарам і загадчыкам Чэрвеньскага раённага аддзела адукацыі. Затым, да самага выхаду на пенсію, дырэктарам школы ў Клінку. Памёр у 1991 годзе.

Лёс катаржаніна напаткаў і мужа сястры Шыдлоўскіх Іосіфа Блецьку.

У сваёй няспыннай плыні мінула 75 гадоў. Многія з пакалення, прарэджанага  ў 20-50-х гадах неабгрунтаванымі  шматлікімі рэпрэсіямі, адышлі ў нябыт з незагайнымі ранамі душы, не выказаўшы таго, што адчувалі, не расказаўшы пра тое, што перажылі ў нялюдскіх выпрабаваннях, што бачылі і чулі. Гэта было небяспечна.  А калі сталася магчымым, яны не мелі ўжо на тое фізічных сіл і светлай памяці. Але сведкамі тых праклятых людзьмі жудасных гадоў застаюцца ў іх родных даведкі з афіцыйных органаў аб рэабілітацыі ды выяўленыя нашчадкамі каля гарадоў месцы знішчэння, таемнага схову цел палітычных вязняў.  У тым ліку і каля Чэрвеня — у лясных масівах “Цагельня” і “Загор’е” .

Сёння нам цяжка ўявіць глыбіню ўсіх людскіх трагедый, незлічоныя ахвяры. Але ведаць пра іх трэба…

 

Аляксандр БУШЭНКА


 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *