Выкладчык, воін, інтэрнацыяналіст, дэпутат

Люди и судьбы

Юрый Антонавіч Смаленскі нарадзіўся і вырас у вёсачцы Плашына, што на Мядзельшчыне.  У 1979 годзе закончыў 10 классаў  і паступіў вучыцца  ў Смілавіцкі зоаветтэхнікум на ветэрынарнае аддзяленне. У выбары  прафесіі значную ролю адыгралі матчыны пажаданні. Яна працавала даяркай, а сын дапамагаў даглядаць кароў. Юрку жывёла падабалася.

Вучыцца было цікава, лёгка. З’яўляўся старастай группы. Ужо неяк планаваў будучыню, паглядаў і на дзяўчат, ды нечакана ўсё парушылася. 19 мая 1980 года прызвалі служыць у армію. Прысягу прымаў ў Калінінградзе вадзіцелем ваеннага аўтамабіля «ЗІЛ-130». Правы шафёра атрымаў яшчэ ў школе. У ваеннай вучэбцы рыхтавалі да будучай складанай і небяспечнай службы ў Афганістане. Накіравалі ў аўтабатальён, які перавозіў армейскія грузы з узбекскага Тэрмеза ў горад Кабул. Зрабіў 21 рэйс.

Юрый Антонавіч успамінае: «Усякае было. Перажылі шмат. Гінулі  сябры. У 1981 годзе мяне ўзнагародзілі медалём «За адвагу». Пад кулямі ездзіў. 21 рэйс — гэта шмат рызыкі. Не ўсім пашанцавала зрабіць столькі рэйсаў за 1,5 гадоў».

Дэмабілізаваўся ў званні сяржанта 29 красавіка 1982 года.

Пачалося прывыканне да мірнага жыцця. Ва ўсіх былых афганцаў адаптацыя ішла складана. Уладкаваўся вучыцца на зваршчыка, потым працаваў. Не хацелася быць залежным ад бацькоўскіх заробкаў. Шмат было роздумаў.

Праз нейкі час ён зноў адчуў цягу да ведаў, і з 1 верасня 1983 аднавіў вучобу ў тэхнікуме. Заняткі хутка адагрэлі душу юнака. Яго назначылі старастай группы. Педагогі і навучэнцы адносіліся да яго з вялікай павагай.

Пасля заканчэння вучобы ў 1985 годзе яго пакінулі працаваць у тэхнікуме. Амаль 10 гадоў у якасці старшыні вучнёўскага прафкома клапаціўся аб умовах жыцця і вучобы навучэнцаў. Завочна закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Пэўны час узначальваў ветэрынарнае аддзяленне. Затым пачаў выкладаць ветэрынарныя дысціпліны. Атрымаў вышэйшую катэгорыю выкладчыка за дасканалае валоданне методыкай навучання і выхавання. З настроем ідзе на заняткі, старанна  да іх рыхтуецца. І хвалюецца, як у першы раз: каб зразумелі, засвоілі матэрыял.

Як воін-інтэрнацыяналіст, асаблівую ўвагу надае выхаванню ў моладзі патрыятызму, дбайных адносін да працы, павагі каштоўнасцей сям’і, запаветаў продкаў. Вядзе размовы  ў школах, ліцэях, працоўных калектывах.

Для сірот ён — бацька. Не шкадуе на іх асабістага часу, сіл. У Афганістане назіраў, як такім хлопцам не хапала мужчынскай увагі, вучобы, бацькоўскай пяшчоты.

Юрыя Антонавіча добра ведаюць не толькі ў каледжы, у Смілавічах, але і жыхары раёна: ён актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Смаленскі — сустаршыня  раённай асацыяцыі ветэранаў вайны ў Афганістане. Дапамагае ім у вырашэнні жыццёвых праблем, падтрымлівае ў цяжкія хвіліны. А яшчэ — з’яўляецца дэпутатам Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў. Спраў у яго шмат і кожную з іх ён імкнецца вырашыць вынікова.

У руплівай працы, у шчырых адносінах да людзей высталяваўся яго вялікі аўтарытэт. У 2006 годзе з’яўляўся дэлегатам 3-га Усебеларускага народнага сходу. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка адзначыў яго Удзячным пісьмом.

Юрый Антонавіч сам падагульняе нашу размову: «Шмат дасягнуў. Маладым і не марыў аб  такім становішчы. Усім гэтым я абавязаны тэхнікуму-каледжу, яго калектыву розных гадоў.

Навучальную ўстанову называюць часта роднай. Для мяне тэхнікум-каледж сапраўды стаў родным. Не бачу сябе ў іншым месцы. Тут мой лёс. У Смілавічах склаўся як чалавек, спецыяліст, грамадзянін. Ажаніўся, пабудаваў кватэру, выгадаваў дзяцей, набыў пашану, верных сяброў. З задавальненнем працую і не збіраюся штосьці мяняць. 80-гадовы юбілей каледжа — і мае асабістае свята.”

Іван Ярашэвіч,

Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *