Куточак Чэрвеньшчыны. Вінаградаўка (працяг)

Год малой радзімы Люди и судьбы Общество

Разам са старастам крочым далей па вёсцы. “Карэнных жыхароў ў нас засталося мала, — працягвае  свой расповед пра веску Яўген  Аляксандравіч. —  У асноўным,  дачнікі. Хутка яны адкрыюць свой сезон. Тады ажыве веска і зазвініць дзіцячымі галасамі. А пакуль, чуеце, якая празрыстая цішыня вакол…

Спыняемся ля дома Канстанціна Мікалаевіча Балкоўскага, карэннага жыхара Вінаградаўкі. На дрэве ля хаты – сава, на ўваходзе – разная брама…   На падворку — шмат выразаных з дрэва фігурак: мядзведзі, воўк, ліса, насупраць дома, на процілеглым баку вуліцы, – альтанка для ўсіх жадаючых адпачыць. У двары – лазня, куратнік, нібы маленькая хатка. Ну, як абысці такую прыгажосць? Гаспадар шчыраваў на падворку, пацікавіўшыся з якой мэтай завіталі да яго, пачаў размову:

— Сюды напачатку 30-х гадоў пераехаў яшчэ мой дзед, бацькін бацька з Вілейскага раёна. Стары камуніст, да вайны ен тут быў старшынёй калгаса. Трапіў пад рэпрэсіі,  яго расстралялі  ў 37-м.  А бацькі мне расказвалі, што на месцы вёскі даўней былі хутары. Яны мелі назву па прозвішчах тых сямей, што жылі тут:  Балкоўскі, Малафееўскі… Жыў землямер Вінаградаў. Зямлю  дзяліў персяленцам з хутароў. Адсюль і назва пайшла вёскі…

Тут і я нарадзіўся, і дзве мае сястры. Маці наша, Марыя Васільеўна, была калісьці настаўніцай у пачатковай школе.

— Ад каго такі талент разьбы па дрэву? — пытаюся.

– Дзед мой быў здольны да такой работы, — гаворыць Канстанцін  Мікалаевіч. – Напэўна, мне перадалося гэта на генным узроўні (жартуе мужчына). Мае  драўляныя скульптуры нават на раённых выставах некалькі разоў дэманстраваліся. А пачаў займацца разьбой, калі пераехаў у вёску з Мінску. Дарэчы, шмат давялося мне паездзіць па нашай вялікай краіне ў пошуках лепшага жыцця:  у Сібіры быў, у Курску,  на Новай зямлі… Але ж усё роўна вярнуўся да сваіх каранёў. Працаваў у мясцовай гаспадарцы – на бульдозеры, на ферме. Схараніў жонку 17 гадоў таму, яна таксама свая была, мясцовая…  

Да нашай размовы далучаецца яшчэ адзін мясцовы жыхар вескі — Аляксандр Іосіфавіч Сушкевіч, які таксама вярнуўся на малую радзіму пасля шматлікіх скітанняў: вучыўся ў Мінску, службу ў войску праходзіў у Германіі,  працаваў у аўтобусным парку ў Мінску — абслугоўваў гарадскія маршруты, а потым —  міжгародныя па Беларусі, ва Украіну, у Прыбалтыку, Расію, Польшчу.

Цяпер жыве ў бацькоўскай хаце, якую з любоўю і клопатам давеў да ладу. Аляксандр Іосіфавіч мае двое дзяцей, трое ўнучак і праўнучку. “Мяне на вёсцы завуць “дамскі дзядуля”, — смяецца ён.

Далей рушым да старэйшай жыхаркі вескі Ніны Аляксандраўны Сасункевіч.

— Вайну амаль не  памятаю, — пачала размову жанчына. — Тры гады мне было тады.  Адно адбілася — голад, холад і страх.  Пражыла ў роднай весцы ўсё жыццё. Давялося папрацаваць на розных работах: паляводам, даяркай, коней пасвіла, кароў. Даглядала маму, якая ў 46 гадоў пайшла з жыцця. Замуж выйшла.  Праўда, муж мой быў з вёскі Кадзішча, але пераехаў да мяне. Працаваў трактарыстам у саўгасе. Нажылі трох дачок. А цяпер і ўнукі есць. Зараз жыву адна. Але не бяды, дочкі прыязджаюць, на падворку парадак наводзяць. Кветак во панасаджвалі…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

(Заканчэнне будзе)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *