УШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ЗЕМЛЯКА

Общество

У мінулым навучальным годзе да нас у школу завітала група вучняў і настаўнікаў з суседняй Градзянскай школы Асіповіцкага раёна. Яны з цікаўнасцю агледзелі ўстанову адукацыі, вучэбныя кабінеты, Музей школы. У кабінеце гісторыі мы паразмаўлялі аб мінулым нашага краю, знайшлі шмат агульнага ў гісторыі нашых вёсак. Вучні Градзянскай школы запрасілі  нас да сябе.

І вось у суботні дзень група вучняў на чале з настаўнікам фізкультуры Аляксандрам Гляцэвічам і настаўнікам гісторыі Юрыем Бабічам сабралася ў школе  для велапаходу. І хаця прагноз надвор’я абяцаў дождж, гэта нікога не напалохала. Атрымаўшы неабходны інструктаж і напутнае слова ад дырэктара школы Ірыны Змачынскай, наша група рушыла наперад.          Прыпынак  мы зрабілі на мяжы Мінскай і Магілёўскай абласцей. Далей цудоўная дарога  праз восеньскі  лес прывяла да пасёлка Градзянка, а там і да школы, дзе нас гасцінна сустрэлі вучні і настаўнікі.

Галоўнай мэтай нашага наведвання быў Музей партызанскай славы, які маецца ў Градзянскай школе. Падчас экскурсіі нам расказалі пра арганізацыю партызанскага руху. На стэндах мы бачылі матэрыялы  і аб знаёмых нам партызанскіх брыгадах — «За Радзіму» імя А.К.Флегантава і 12-й кавалерыйскай брыгадзе імя Сталіна пад камандаваннем У.Ціхамірава. Але найбольш нас зацікавіў матэрыял аб нашым земляку, ураджэнцу вёскі Каляіна партызану Мікалаю Андрыевічу. У Лядзенскай школе сабраны архіўныя матэрыялы аб яго подзвігу, аднак  мы не мелі яго фотаздымка.  У Градзянскай школе Мікалая Андрыевіча ўшаноўваюць, як былога вучня. Мы атрымалі фотаздымак  партызана і зараз можам  паказаць школьнікам, як выглядаў наш зямляк.  Напрыканцы экскурсіі мы падаравалі калектыву Градзянскай школы кнігу «Памяць» Чэрвеньскага раёна і зрабілі ўдзячны запіс у кнізе наведванняў Музея партызанскай славы.

На зваротным шляху мы наведалі яшчэ могілкі вёскі Каляіна, дзе знаходзіцца брацкая магіла партызан, і прыбралі там галінкі і лісце. Затым зладзілі абавязковае ў час паходу вогнішча, абед і накіраваліся дадому. Толькі на апошніх кіламетрах шляху нас крыху застаў дождж, аднак добры настрой нам ён не сапсаваў.

Вярталіся і марылі аб новым маршруце і цікавых сустрэчах.  А  ў  «раёнку» адсылаем матэрыял пра Мікалая Андрыевіча.

 

ПАРТЫЗАН, ПАТРЫЁТ, КАМСАМОЛЕЦ…

У раённай кнізе «Памяць»  пра гэтага чалавека маецца толькі адзін радок. У спісе партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, значыцца — Андрыевіч Мікалай Паўлавіч, 1924 года  нараджэння, загінуў 26.11. 1943г. (памылка, на самай справе — 28.02.1944г.). А між тым,  яго іменем  названы вуліцы ў пасёлку Градзянка Асіповіцкага раёна і  ў горадзе Асіповічы. Імя Мікалая Андрыевіча ўпамінаецца і ў зборніках дакументаў аб партызанскім руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны:  «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Документы и материалы в трех томах» (т.3,  с. 77),   «Комсомол Белоруссии в Великой Отечественной войне. Документы и материалы» (Мн. 1988, с. 23). Паводле гэтых звестак, а таксама на аснове дакументаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным  архіве Рэспублікі Беларусь пра нашага земляка, можна расказаць наступнае.

Андрыевіч Мікалай Паўлавіч нарадзіўся ў вёсцы Каляіна Лядзенскага сельскага Савета Чэрвеньскага раёна ў 1924 г. Ужо ў  верасні 1942 г. малады хлопец, камсамолец ідзе ў партызанскі атрад. Ён становіцца радавым партызанам 210-га партызанскага атрада пад камандаваннем Каралёва Мікалая Піліпавіча, які базіраваўся ва ўрочышчы Расоха-2, на мяжы Чэрвеньскага і Асіповіцкага раёнаў. У ліпені 1943 г. з 210-га атрада была выдзелена ініцыятыўная група для стварэння новага, 215-га, атрада. Сакратаром камсамольскай арганізацыі гэтай групы быў Мікалай Андрыевіч.  А ў жніўні 1943 года  ён — у складзе новай ініцыятыўнай групы па стварэнню яшчэ аднаго атрада, 216-га, якому потым было прысвоена імя П.К.Панамарэнкі.  Мікалай Андрыевіч прызначаецца памочнікам камандзіра ўзвода гэтага  атрада. Адначасова ён з’яўляецца і сакратаром яго камсамольскай арганізацыі.

У партызанскім атрадзе ён быў адным з самых маладых і актыўных. Не выпадкова Мікалая выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. З такімі ж, як ён, маладымі партызанамі-камсамольцамі Андрыевіч  не адзін раз выконваў заданні па падрыву варожых эшалонаў на чыгунцы.

Вось  некаторыя звесткі аб дзейнасці  М.Андрыевіча з «Наградного листа» да медаля  «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені: » Тов. Андриевич  Н.П. за время пребывания в партизанском отряде нанёс противнику следующий урон: июль-декабрь 1943 г.  в качестве подрывника участвовал в спуске четырёх воинских эшелонов противника, в результате крушений разбито 4 паровоза, 18 вагонов и 7 платформ  с живой силой и техникой. Участвовал в подрыве двух автомашин противника и в двух засадах, где убито 18 немцев. В сентябре 1943 года участвовал в рельсовой войне и в сожжении маслозавода в гарнизоне противника. Проводил агентурную работу по разложению полицейского гарнизона села Деоевцы, в результате чего на сторону партизан перешло 9 полицейских  с полным вооружением».

На яго рахунку 4 варожыя эшалоны, 3 засады, 42 аперацыі па перабіванню рэек. У сваіх успамінах П.К.Панамарэнка, начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху, называе Андрыевіча Мікалая ў ліку лепшых партызан-падрыўнікоў Беларусі.

28 лютага 1944 г. Мікалай Андрыевіч загінуў пры падрыве варожага эшалона ў раёне чыгуначнага перагона Верайцы-Асіповічы.  Нягледзячы на ўзмоцненую ахову гэтага ўчастка чыгункі, яму ўдалося падабрацца да чыгуначнага палатна, калі эшалон знаходзіўся ўжо побач. Мікалай Андрыевіч хутка замініраваў палатно і падарваў яго, ахвяруючы сваім жыццём. За гэты подзвіг Мікалай быў пасмяротна прадстаўлены да ўзнагароды. Партызаны-ветэраны ўспаміналі, што на ўсеагульным пастраенні камандаваннем партызанскай брыгады было аб’яўлена, што Мікалай Андрыевіч пасмяротна прадстаўляецца да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак, як бачна, якіясьці прычыны перашкодзілі гэтаму. «Наградной лист»,  які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, сведчыць, што ўзнагародай  за подзвіг стаў медаль «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені.

Імя маладога партызана, камсамольца, патрыёта, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, павінна захавацца ў нашай памяці, стаць шырока вядомым у Чэрвеньскім раёне, ураджэнцам якога ён з’яўляецца.

 

Юрый БАБІЧ,

настаўнік гісторыі Лядзенскай школы

 

 

* * *

Светлой памяти Коли Андриевича

Маленький посёлок

Колеина,

Лес густой,

вокруг плывут туманы…

Провожала мать родного сына,

Парня-комсомольца

в партизаны.

 

Провожала до лесной

дороги.

И когда, прощаясь,

целовала,

Слёзы скрыть стараясь и тревоги,

«Счастлив будь, сынок мой», — пожелала.

 

«Не тревожься, мама, —

сын ответил, —

Буду мстить врагам за наши беды.

Солнце счастья снова нам засветит-

Мы добьёмся над врагом победы!»

 

И ушёл походкою

неловкой —

Худощавый паренёк,

но рослый,

На ходу любуяся винтовкой,

Маршируя, словно воин взрослый.

 

С той поры в отрядах партизанских,

Что врага крушили грозной лавой,

Юноша в родных краях

гродянских

Подружился с боевою

славой.

 

Но однажды зимнею порою,

Лютою февральской

крутовертью,

Долг солдата

повелел герою

Встретиться лицом к лицу со смертью.

 

И не дрогнул парень

колеинский,

Пренебрёг опасностью

для жизни:

Проявив характер

исполинский,

Отдал жизнь свою

родной Отчизне.

 

Бросился под поезд

с миной смело:

«К фронту не пройти

фашистам лютым!»

То, что смертью

для врага гремело,

Прогремело для него

салютом…

 

Маленький посёлок

Колеина,

Лес вокруг,

через село дорога…

Не дождалась мать

родного сына

У полусожжённого порога.

 

Но теперь живущие

по праву

Мирною счастливою порою

Воздают ему хвалу

и славу-

Юному бесстрашному

герою.

Б.В.ДОБРОДОМОВ,

партизан 1-й Осиповичской партизанской бригады,

г.Львов

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *