“СТАРОНКІ КАМЕННАГА ЛЕТАПІСУ”

Общество

Якія яны ў нашай Беларусі? Таямнічыя, цікавыя, неразгаданыя… “Пагартаць” некаторыя з іх на гэты раз аматары Чэрвеньскага краязнаўчага клуба “Бонда” накіраваліся па маршруту  Ішкалдзь-Сноў-Крошын-Баранавічы-Косава-Ружаны. Яго кіраўнік — нязменны арганізатар турыстычных паездак Станіслава Чаславаўна Баркоўская — як заўжды запрасіла беларускамоўнага экскурсавода. Ён старанна падрыхтаваўся і ўсю дарогу, пачынаючы з Чэрвеня, распавядаў пра мясціны, дзе мы праязджалі, іх знакамітых насельнікаў, час ад часу падмацоўваючы даводзімую да нас інфармацыю раздрукаванай на прынтэры нагляднасцю. Так што мы не толькі цікаўна пазіралі ў вокны аўтобуса, але  і на копіі партрэтаў, карцін, фотаздымкаў.

.Першы прыпынак —

вёска Ішкалдзь.

Асабіста я даўно марыла пабываць тут у касцёле святой Троіцы. Яшчэ з дзяцінства памятаю аповед сваёй матулі пра гэты вельмі старадаўні храм і каталікоў, якія падчас ганенняў на веру, разбурэння святынь, употай хавалі абразы па хатах, сабой перагароджвалі дарогу ў імкненні не даць вывезці ці знішчыць духоўныя каштоўнасці.

З пакалення ў пакаленне перадаецца таксама драматычная гісторыя лёсу маладога ішкалдскага ксяндза Вінцэнта Латарэвіча, які служыў у касцёле напачатку ХХ стагоддзя. У той складаны час, калі ўсё ў грамадстве перайначвалася і ўлада прызнавала толькі атэізм, адбылася жорсткая расправілася з інакадумцамі — святаром і яшчэ некалькімі хрысціянамі. Іх забілі і кінулі ў калодзеж у Мірскім замку.  Пакутніку-святару было на той момант, як і Хрысту — усяго 33. Па ўспамінах відавочцаў, толькі праз некалькі месяцаў загінуўшых змаглі па-людску пахаваць. Жалобная працэсія пахавання ксяндза Вінцэнта у той жнівеньскі дзень 1919 года была нешматлікай, бо людзі баяліся пакарання за ўдзел у ёй. За возам з труною святара ішлі толькі самыя смелыя, стойкія і верныя. Рухаліся яны… на каленях. Некалькі кіламетраў у жальбе і з малітвамі. Пахавалі пробашча на тэрыторыі касцёла.

Мінула стагоддзе. Дзякуй Богу, адыйшлі  тыя смутныя часы, веру ўжо ніхто не забараняе і зараз у каталіцкім храме зноў адпраўляецца Святая Імша.

Перад намі паўстае магутны і адначасова сціплы мураваны будынак на ўзгорку. Гісторыкі запэўніваюць, што ён захаваўся ў першапачатковым гатычным выглядзе. Сапраўдная ўнікальнасць: збудаванню ажно 540 гадоў! Час злітаваўся і пашкадаваў хрысціянскую святыню.  Не зруйнавалі ні шматлікія войны, ні стагоддзі. Па-ранейшаму бачым двусхільны дах, стральчаты праём увахода, стромкія шчыты на тарцах, умацаваныя выступамі масіўныя сцены…

Па існуючых звестках, пабудаваў  храм прадстаўнік даўняга дваранскага роду Мікалай Неміровіч.  Нашчадкі яго, як маглі, шанавалі святыню, усяляк падтрымлівалі. Але храм належаў не толькі гэтаму багатаму роду, і служыў не толькі католікам. У 16 стагоддзі, калі ўладальнікам мясцовасці стаў Мікалай Радзівіл Чорны, касцёл у Ішкалдзі быў аддадзены кальвіністам, пасля паўстання Кастуся Каліноўскага — праваслаўным. І толькі ў 1918 годзе адбылося ўрачыстае асвячэнне храма як каталіцкага. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён быў зачынены, доўгі час пуставаў, але мясцовыя вернікі збераглі яго. У канцы 1970-х гадоў ім зноў было дазволена тут маліцца.

…Пад вялікім уражаннем і з павагай да вернікаў выходзім з гэтага  старажытнага будынка. На касцельным двары некалькі магіл. Адзін з помнікаў сведчыць аб пахаванні ксяндза Вінцэнта. Чытаем надпісы, яны на польскай мове. Пераклад прыкладна такі: “Добры пастар душу сваю аддае за душы вернікаў”.

Убачанае і пачутае настройвае на філасофскія разважанні аб сэнсе жыцця і вечных каштоўнасцях.

Між тым, наша падарожжа працягваецца.

Мы едзем

у Сноў.

Тут нас цікавіць палац Рдултоўскіх, царква святых Казьмы і Дзям’яна… Аўтобус спыняецца каля ваеннага шпіталя. Менавіта ён месціцца ў палацы Рдултоўскіх. На жаль, для нас закрытая зона. Праз вокны аўтобуса разглядаем прыгожыя даўнія збудаванні ў стылі класіцызму, сажалку, парк… Нават тое, што бачыцца здаля, уражвае прыгажосцю, архітэктурнай прадуманасцю і неардынарнасцю. А расповед экскурсавода падмацоўвае ўражанні цікавымі гістарычнымі фактамі. Паводле яго слоў,  збудаваны палац у XIX стагоддзі па праекце архітэктара Тычэцкага на адкрытым месцы ля звілістай рэчкі Сновенкі. Першапачаткова было сто пакояў і зала ў сто квадратных метраў. Даўжыня палаца ажно 140 метраў.  На тэрыторыі сядзібы быў створаны  водны басейн, які атачаў парк. Сістэма каналаў утварала некалькі выспаў мудрагелістай формы.  Паркавы комплекс займаў 4,5 гектары.

Калісьці ўсё гэта павінна было задавальняць жаданне гаспадароў паспрачацца ў велічы з нясвіжскай рэзідэнцыяй Радзівілаў. Напэўна, так і сталася. Але не захавалася былой прыгажосці, таму мы любуемся тым, што існуе сёння. Шкада, што нельга прайсціся спякотным дзяньком ля воднай прахалоды, адпачыць у цяньку разнастайных дрэў парка і ўявіць баль у цудоўнай прасторнай зале палаца, танцы пад музыку тагачаснага аркестра…

Праехаўшы колькі метраў, аўтобус прыпыняецца насупраць  велічнага праваслаўнага храма на высокім узгорку. З цікавасцю падыходзім бліжэй. Вялізную тэрыторыю вакол царквы займаюць старажытныя могілкі. Наша група рассыпаецца. Хтосьці спяшаецца адразу ў храм, дзе праходзіць нядзельная служба, а хтосьці аглядае навакольныя мясціны… Усё захапляльна цікава, тым больш, што загадзя, яшчэ па дарозе у Сноў, падрыхтавала нас да сустрэчы з ім  удзельніца краязнаўчага клуба “Бонда” Валянціна Іванаўна Пікулік. Яна тут нарадзілася і менавіта ў гэтай царкве яе хрысцілі. Валянціна Іванаўна ўсхвалявана распавядала пра тое, што ўтрымалася ў памяці з  дзіцячых часоў, пра жыццё мясцовых жыхароў і маці з бацькам. Вось чаму цяпер разам з Валянцінай Іванаўнай  мы блізка да сэрца ўспрымалі і расповед экскурсавода, і ўбачанае.

У царквы,  хоць яна і не мае такой багатай гісторыі, як храм у Ішкалдзі, усё-такі ёсць свой летапіс. І пачынаецца ён з Яна Рдултоўскага, па загаду якога на ўзгорку была ўзведзена драўляная капліцу Пятра і Паўла. Пазней яна згарэла і тады паставілі мураваны будынак. Пры новых уладальніках храм перабудавалі і далі назву святых Казьмы і Дзям’яна.

Непадалёку ад уваходу на царкоўную тэрыторыю сярод старадаўніх пахаванняў стаіць помнік Міхаілу Карчміту.  Чаму ўлада вырашыла адвесці месца пахавання свайму знакамітаму кiраўнiку агракамбiната «Сноў», Заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі, кандыдату сельскагаспадарчых навук, Герою Беларусі» менавіта тут? Магчыма, гэта жаданне яго родных…

Таленавіты быў кіраўнік і адметны гаспадар, шкада, мала пражыў — 55 гадоў. І ўсё ж паспеў пакінуў пасля сябе добры след.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *