Першыя крокі маладога спецыяліста

Общество

Гэты допіс з’яўляецца лагічным працягам надрукаванага раней у “раёнцы” артыкула «Золотой фонд» — аб дасягненнях выпускнікоў Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Безумоўна, мне карцела даведацца: як жа пачынаюць свой шлях сучасныя маладыя спецыялісты, якія выбралі сельскагаспадарчую прафесію. Нечакана з’явілася магчымасць атрымаць адказ на пытанне.

Будаўнічы атрад навучэнцаў нашай навучальнай установы, які працаваў на рэканструкцыі фермы ў в.Рудня, наведала прыгожая дзяўчына, каб павітацца з сябрамі. У размове высветлілася, што Наталля Віктараўна Ляхова менавіта сёлета закончыла ветэрынарнае аддзяленне каледжа. Праходзіла вытворчую практыку ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Крыніца Ігуменшчыны». Шмат чым дапоўніла свае веды. Гаспадарка спадабалася. Сама папрасіла накіраваць яе сюды працаваць. Сустрэлі добра. Адразу прызначылі ветэрынарным доктарам, а не фельчарам. Гэта — вялікі давер. Яна разумее, што павінна апраўдаць яго руплівай працай, шчырамі адносінамі да людзей. У гаспадарцы адзначаюць яе працу станоўча. Дырэктар Вячаслаў Віктаравіч Насута сказаў мне:

— Мяркую, што з Наталлі Віктараўны атрымаецца добры спецыяліст.

Выснову падтрымлівае і галоўны ветэрынарны ўрач Віктар Аляксеевіч Екіменка:

— Імкнецца зрабіць як мага больш і лепш, «хварэе» за справу. Прафесіяналізм расце на вачах.

Станоўча адгукаюцца і жывелаводы. Яны ўжо нават жыццёвы прагноз склалі. Кажуць:

— Нам здаецца, што Наталля і асабістае шчасце ў Рудні знайшла. Будзе свой пастаянны доктар. Дзяўчына яна вясковая, з Рудні Астравітай нашага раёна.

У Наталлі Віктараўны ёсць таксама свая перспектыва: паступіць вучыцца завочна ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію.

— Веды трэба паглыбляць, каб адпавядаць статусу. Паступіла ў каледж пасля заканчэння сярэдняй школы №3 г.Чэрвеня свядома. Люблю жывёлу, разумею яе. Ужо тады вырашыла, што вышэйшую адукацыю буду атрымліваць без адрыва ад вытворчасці. Так лепей для сям’і.

Пытаеце аб каранях? У тутэйшую глебу мяркую пускаць. Рудня — вёска прыгожая, утульная, рэчка, лес. Ёсць і сацыяльныя ўмовы. Выдзялілі мне кватэру, якую зараз рамантуюць. Настрой — бадзёры.

Нельга не сказаць аб выніках яе тэсціравання па прадметах. Яны — вельмі добрыя. Не кожны сёлятні выпускнік школы атрымаў такія балы. Каледж замацаваў і паглыбіў школьныя веды. Таму ўпэўнены, што Наталля Віктараўна паступіць у акадэмію. Яна з аптымізмам глядзіць у будучыню. Заклікае вясковую моладзь браць з яе прыклад, не ляцець у горад, які іх не заўжды чакае.

Уладкаванне Наталлі Віктараўны на працу — прыклад клапатлівых адносін да маладых кадраў у гаспадарцы, якія б хацелася бачыць паўсюдна. На жаль, да такога становішча яшчэ далёка. Не выкаранена заганая практыка: «Нікуды не дзенуцца — прышлюць чалавека. Як ніяк, а два гады адпрацуе. Там пабачым». З такім падыходам праблема недахопу вострадэфіцытных спецыялістаў — заатэхнікаў, ветэрынарных дактароў вырашана не будзе.

Дырэктар Смілавіцкага каледжа Тамара Канстанцінаўна Сень пастаянна будзіруе пытанне аб сумеснай дзейнасці з гаспадаркай у справе падрыхтоўкі сучасных высокакваліфікаваных спецыялістаў. Востра адчуваецца праблема іх замацавання на вытворчасці. Навучальная ўстанова мае ўсе ўмовы, каб падрыхтаваць патрэбную колькасць такіх спецыялістаў: добра абсталяваныя кабінеты, лабараторыі, вопытны педагагічны калектыў.

Час дыктуе, што трэба гэтую справу пачынаць непасрэдна ў гаспадарках. Тут, пачынаючы яшчэ са школы, неабходна шукаць маладых людзей, заключаць з імі дагаворы аб вучобе, будучай пасадзе, месцы працы. І толькі затым накіроўваць у каледж. Да стыпендыі рабіць даплату нейкую частку. Да моманту заканчэння вучобы падрыхтаваць жыллё, стварыць іншыя ўмовы. Апора на мэтавы дагавор, падрыхтоўку спецыялістаў з ліку мясцовых жыхароў — вырашыць праблему іх недахопу і замацавання ў кожнай гаспадарцы. Тады і вёска не будзе старэць.

Іван Ярашэвіч, г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *