Навіны адукацыі

Общество

АБЛАСНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ -АДБЫЛАСЯ…

У мінулую пятніцу ў Салігорску адбылася канферэнцыя педагагічных работнікаў Міншчыны па тэме: «Адукацыйныя стратэгіі Мінскай вобласці: інтэлект, творчасць, патрыятызм», якая сабрала каля 700 удзельнікаў. Чэрвеньшчыну на ёй прадстаўляла дэлегацыя складам 35 чалавек.

Як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Анжэла Рымашэўская, напачатку педагогі і госці паўдзельнічалі ў правядзенні майстар-класаў, майстэрняў — педагагічнага росту, педагагічнай і прафарыентацыйнай, інфармацыйнага перакрыжавання, завітаўшы на тры тэматычныя пляцоўкі. Работа там была арганізавана па секцыях — «Стварэнне і творчасць — інтэлект будучага», «Моладзь і навука: крок насустрач», «Разумнікі і разумніцы», «Да вышынь майстэрства», «Камунікатыўнасць і крэатыўнасць — поспех у навучанні замежным мовам», «Дыялог пакаленняў — арыенцір на заўтрашні дзень», «Гадуем патрыётаў Айчыны», «Роля гісторыка-культурных каштоўнасцяў рэгіёна ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні», «Прафесійнае самавызначэнне вучняў».

Перад педагагічнай грамадскасцю выступіла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таіса Данілевіч, якая вызначыла асноўныя накірункі дзейнасці ў сістэме адукацыі на новы навучальны год. У рабоце канферэнцыі ўзялі ўдзел старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура і Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Маскевіч.

Падчас форуму ўшаноўвалі маладых спецыялістаў, якія сёлета прыбылі на працу ва ўстановы адукацыі вобласці. Ад нашага раёна на сцэну ўзнімалася настаўніца беларускай мовы і літаратуры, педагог-арганізатар Валевачоўскай СШ Вікторыя Боршч.

Па выніках канферэнцыі яе ўдзельнікам прапанавалі праект рэзалюцыі. Завяршыўся форум канцэртнай праграмай «Той, хто навекі адданы краіне».

 

 

… РАЁННАЯ- РЫХТУЕЦЦА

29 жніўня на Чэрвеньшчыне пройдзе традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў раёна па тэме: «Патрыятызм, ініцыятыва, інтэлект і творчасць як стратэгія і тактыка развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі». Адкрыецца яна парадам моладзевых ініцыятыў, які распачнецца на цэнтральнай плошчы Чэрвеня а дзясятай гадзіне раніцы. Працягнецца канферэнцыя пленарным пасяджэннем у раённым цэнтры культуры і адпачынку, а завершыцца канцэртам, падрыхтаваным сіламі выхаванцаў цэнтраў дзіцячай творчасці г.Чэрвеня, г.п.Смілавічы і дашкольных устаноў, вучняў школ раёна.

У фае будзе дэманстравацца выстава дасягненняў творчасці школьнікаў і педагогаў, прымеркаваная да Года кнігі, — кампазіцыі ў выглядзе кніг з розных матэрыялаў. Установы адукацыі прадставяць матэрыялы пра знакамітых ураджэнцаў Чэрвеньскага раёна. Па традыцыі фае цэнтра культуры і адпачынку ўпрыгожаць кветкавыя кампазіцыі. Запланавана арганізацыя выставы хлебабулачных вырабаў.

 

 

ПАПОЎНІЛІ ПЕДКАЛЕКТЫВЫ МАЛАДЫЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ва ўстановы адукацыі Чэрвеньшчыны павінны былі прыехаць дванаццаць выпускнікоў ВНУ і ССНУ. Але па пэўных прычынах іх колькасць крыху зменшылася.

Як паведамілі ў аддзеле адукацыі райвыканкама, пакуль падчас традыцыйнага жнівеньскага размеркавання вызначаны месцы працы для наступных педагогаў: Вікторыі Боршч (Валевачоўская СШ, педагог-арганізатар, настаўнік беларускай мовы і літаратуры), Васіля Бурцава (СШ №3 г.Чэрвеня, выкладчык фізвыхавання), Марыны Рубанік (Запольская СШ, выкладчык замежнай мовы), Рамана Карасцялёва і Ганны Івановай-Вуціня (Цэнтр дзіцячай творчасці г.Чэрвеня, кіраўнікі гурткоў), Аляксандра Крэня (Цэнтр дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы, кіраўнік гуртка), Іны Пашалюк і Наталлі Машкоўскай (Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.Чэрвеня, выхавальнікі), Хрысціны Бурданінай (СШ №4 г.Чэрвеня, настаўнік біялогіі).

Але, як паказвае практыка мінулых гадоў, да пачатку новага навучальнага года колькасць маладых спецыялістаў яшчэ можа змяніцца.

Святлана АДАМОВIЧ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *