ЖНІЎНАЯ ВАХТА ВАЛЕВАЧОЎЦАЎ

Общество

Пачалася яна на палетках ААТ «Валевачы» з уборкі азімага рапсу. Ён займаў тут 395 гектараў. З кожнага сабралі ў сярэднім па 22 цэнтнеры зерня. Адразу ж упарадкавалі і ўсю салому.

Затым механізатары  вывелі камбайны на ўборку зерневых. Спачатку — азімага трыцікале, якім увосень засеялі 750 гектараў. Першы палетак ў 125 гектараў засведчыў ураджайнасць амаль у сорак цэнтнераў. Такая ж яна і на палетку ля вёскі Залессе. Толькі там, дзе ёсць палегліца, зерне не выспела і намалочваюць яго крыху менш.

Заўчора тут працавалі 9 камбайнаў, 4 машыны на адвозцы зерня і 2 прэспадборшчыкі саломы.

Сёлетняе жніво для камбайнера Юрыя Крука чацвёртае. Гэтую працу ён лічыць пачэснай, адказнай, таму стараецца выконваць якасна.

— Чым болей намалоціш, тым больш і заробіш, — зазначае ён.

Гэты ўзаемны інтарэс механізатараў і гаспадаркі ўлічаны ў мерах заахвочвання ўдзельнікаў жніва. Таму работа спорыцца. Разам з камбайнерамі стараюцца і вадзіцелі. За сорак два гады працы ў гаспадарцы ні адну тысячу тон збожжа перавёз Пётр Галубец. Нашмат меншая працоўная біяграфія ў вадзіцеляў Руслана Шчакалы і Валерыя Кучкіна, але адказнасць гэтакая ж высокая. Як і ў механізатара Віктара Альшэўскага, які працуе на прэспадборшчыку.

— Выдатнае поле, — зазначае ён, — салома сухая, лёгка скручваецца, добрыя цюкі атрымліваюцца…

Разам з механізатарамі, вадзіцелямі, машыністамі на сушцы зерня жніўную вахту нясе і аграном Уладзімір Аляшкевіч.

Па словах кіраўніка гаспадаркі Пятра Малахава, да жніва падрыхтаваліся ўсебакова і ўвесь комплекс работ выконваецца арганізавана.

Летась тут намалацілі 8125 тон збожжа. Сёлета мяркуюць мець 10 тысяч тон з 2330 гектараў.

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *