ІЛОНА УСОВІЧ — БРОНЗАВЫ ПРЫЗЁР ЧЭМПІЯНАТУ ЕЎРОПЫ!

Спорт

Ураджэнка Чэрвеня Ілона Усовіч заваявала бронзавы медаль у бегу на 400 метраў на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы, які прайшоў у  сталіцы Фінляндыі Хельсінкі.

У паўфінал наша зямлячка кваліфікавалася  з лепшым часам дня — 51.98 секунды, у забегу за выхад у фінал заняла трэцяе месца, а ў фінале саступіла толькі саперніцам са Швецыі і Расіі, фінішаваўшы з часам 51.94 секунды.

— Зразумела, я рада медалю, але не паказанаму часу, — зазначыла Ілона ў экспрэс-інтэрв’ю пасля фінішу. — Тым не менш, задаволена, што перагледзела пасля паўфінала расклад сіл на дыстанцыю. Сёння, калі на фінішную прамую выбегла з віражу ледзь не апошняй — не разгубілася. Адчувала, што ёсць сілы. На шчасце, удалося дагнаць і абагнаць многіх саперніц…

Ілона Усовіч пачынала займацца лёгкай атлетыкай у Чэрвеньскай ДЮСШ (трэнер — Святлана Кур’янчык). Гэта яе другі медаль на спаборніцтвах такога ўзроўню ў індывідуальным бегу. У 2007 годзе Ілона стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы ў закрытых памяшканнях. Акрамя таго, спартсменка мае тытулы чэмпіёнкі Еўропы-2007, сярэбранага прызёра чэмпіянату Еўропы-2006, сярэбранага прызёра чэмпіянатаў свету-2004 і 2008, бронзавага прызёра чэмпіянату свету-2006 у складзе жаночай эстафетнай зборнай Беларусі 4х400 метраў. Двойчы, у 2004 і 2008 гадах, удзельнічала ў Алімпійскіх гульнях.

На здымку: Ілона Усовіч пасля бронзавага фінішу ў Хельсінкі.

Фота з афіцыйнага сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *