“ЯНКА КУПАЛА І ТЭАТР”

Общество

Выстава пад такой назвай разгорнута ў Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі і прысвечана 130-годдзю з Дня нараджэння славутага беларускага песняра, а таксама 100-годдзю напісання ім неўміручай камедыі “Паўлінка”. Большасць экспанатаў адлюстроўваюць гісторыю стварэння гэтай любімай намі п’есы, першыя яе пастаноўкі, якія неадрыўна звязаны з дзейнасцю Першага беларускага таварыства драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча, а затым пастаноўкі ў Беларускім дзяржаўным тэатры, на іншых прафесійных і аматарскіх пляцоўках…

— На беларускай сцэне няма больш такога спектакля-доўгажыхара, які лічыцца эталонам нацыянальнага мастацтва, — распавядае навуковы супрацоўнік музея Станіслава Баркоўская, якая праводзіць тут экскурсіі. — Таму і цікавасць да выставы вялікая. Яе ўжо пабачылі больш як 300 наведвальнікаў.
Гэтую выставу прадаставіў музей Янкі Купалы, які цесна супрацоўнічае з Чэрвеньскім музеем. Тут наведвальнікі знаёмяцца з эскізамі касцюмаў да спектакля тэатральнага мастака Аскара Марыкса, які афармляў пастаноўкі п’ес. А яшчэ — з фотаздымкамі, запрашэннямі на спектаклі ў Купалаўскі тэатр, праграмай тысячнага спектакля з аўтографамі артыстаў «Паўлінкі» (гэты спектакль адбыўся ў верасні 1980 года) і многім іншым, што спрыяе адчуць подых таго часу, уявіць сцэну нацыянальнага тэатра з яе таленавітымі артыстамі, смех і апладысменты гледачоў… Нават у афармленні выставы супрацоўнікі Чэрвеньскага музея выкарысталі тэатральныя элементы.

Да таго ж, экспанаты распавядаюць не толькі пра “Паўлінку”, але і пра іншыя спектаклі, пастаўленыя па п’есах Янкі Купалы, многія з якіх і па сённяшні дзень працягваюць сваё сцэнічнае жыццё.
Пасля наведвання такой цікавай выставы і пачутага эмацыянальнага расповеду экскурсавода Станіславы Баркоўскай узнікае непераадольнае жаданне патрапіць у тэатр або зноў і больш уважліва перачытаць беларускага класіка.
Выстава доўжыцца да 22 чэрвеня, і яе арганізатары запрашаюць прыхільнікаў таленту Купалы не ўпусціць магчымасць наведацца сюды.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *