АЛЕГ НАВІЦКІ І ЯГО КАЛЕГІ: З ДУБЛЁРАЎ — У АСНОЎНЫ ЭКІПАЖ

Люди и судьбы

Яны яшчэ больш наблізіліся адзін да аднаго: мой аднакласнік, касманаўт-выпрабавальнік, камандзір экіпажу касмічнага карабля «САЮЗ-ТМА-06» (МКС-33/34) Алег Навіцкі — і самы сапраўдны (не макет!) касмічны карабель, які панясе яго наперад — да мары, да зорнага неба… Пятнаццатага мая, калі адбыўся старт экіпажу МКС-31/32 у складзе Генадзя Падалкі, Сяргея Рэвіна і Джозэфа Акабы, экіпаж Алега Навіцкага — ён сам (на здымку пасярэдзіне), калега з Раскосмасу Яўген Тарэлкін і астранаўт НАСА Кевін Форд — аўтаматычна з дублюючага перайшоў у статус асноўнага. А гэта — значны крок наперад. Яшчэ адзін старт іншага экіпажу — МКС-32/33 — і Алег Навіцкі з камандай выходзіць на фінішную прамую, дзе ўся ўвага будзе скіравана толькі на іх ды дублёраў.

Пасля старту экіпажу пад камандаваннем Генадзя Падалкі наш зямляк з Яўгенам Тарэлкіным накіраваўся ў двухтыднёвую камандзіроўку ў Амерыку, да Кевіна Форда. А па вяртанні адтуль у хуткім часе надарылася некалькі выхадных. І вось ужо мы зноў сустракаемся з Алегам у рэдакцыйным кабінеце (які ж малайчына, што патэлефанаваў!). І размаўляем аб усім (прыемна быць «у тэме», дзякуючы сайту Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў!).

— Алег, я ўважліва сачыла за ўсімі вашымі дзеяннямі падчас дубліравання. Чытала, што ў вас было многа традыцыйных мерапрыемстваў. Раскажы, калі ласка, пра іх падрабязней. Што да душы легла?

— Ведаеш, усё было дзіўна і прыемна. Асабліва — усведамляць, што ты сам дайшоў ужо і да гэтых момантаў. І зараз след у след ідзеш за тымі людзьмі, якія залажылі традыцыі, — за Юрыем Гагарыным, яго сябрамі, калегамі…

Разам з асноўным экіпажам мы ўдзельнічалі ў прэс-канферэнцыі. Канешне, асноўная ўвага журналістаў была скіравана на Генадзя Падалку, Сяргея Рэвіна і Джозэфа Акабу. Але і нам задалі некалькі пытанняў. Напрыклад, які будзе пазыўны і чаму менавіта ён? Я адказаў так: «Пазыўны нашага экіпажу — «Казбек», па назве аднаго з пяцітысячнікаў паўночнага Каўказа. Думаю, што горы заўсёды дарылі адчуванне ўпэўненасці, сілы і непрыступнасці. Вышыня гэтага пяцітысячніка — 5033 метры. Нумар нашай экспедыцыі — 33. Сімвалічна!»

Затым мы наведалі працоўны кабінет Юрыя Гагарына, які знаходзіцца ў Музеі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. Там ёсць памятная кніга, дзе кожны член экіпажу перад палётам у космас пакідае свой запіс. Хаця мы былі яшчэ толькі дублёрамі, але ўслед за асноўным экіпажам таксама гэта зрабілі. Потым усе разам усклалі кветкі да помніка першаму касманаўту ў Зорным гарадку. А другога мая мы вылецелі на Байканур…

— І колькі па часе займае пералёт?

— Тры гадзіны.

— Гэта якісьці спецсамалёт?

— У прынцыпе, ён крыху перароблены, канешне. Дарэчы, экіпажы — асноўны і дублюючы — ляцяць рознымі самалётамі. Суправаджаюць урач, інструктар па фізпадрыхтоўцы, медперсанал ды іншыя спецыялісты з Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. На Байкануры мы размясціліся ў вучэбна-трэніровачным Цэнтры.

— І якая яго тэрыторыя ў параўнанні з Зорным гарадком?

— Намнога меней. Па плошчы, можа, толькі ў паўтара разы пераўзыходзіць Чэрвеньскі гарадскі парк. Там знаходзіцца адзін вялікі будынак. А тэрыторыя — невялікая, з дрэвамі, абгароджана плотам. Вось там і праходзіць заключны этап падрыхтоўкі асноўнага і дублюючага экіпажаў. А афіцыйны старт яму дае традыцыйная цырымонія падняцця сцягоў дзяржаў-удзельніц міжнароднага пілатуемага запуску касмічнага карабля. Гэта Расія, ЗША і Казахстан. Прысутнічаюць прадстаўнікі Федэральна-касмічнага агенцтва, Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.Гагарына, адміністрацыі горада Байканур і камандавання касмічных войскаў.

Затым мы (таксама па шматгадовай традыцыі) ўсклалі кветкі да помнікаў Юрыю Гагарыну і Сяргею Каралёву. І — накіраваліся ў Музей касманаўтыкі. Там вельмі цікава! У Дзень Перамогі мы прысутнічалі на мітынгу памяці ля Вечнага агню ў горадзе Байканур. Таксама такія кранальныя ўражанні…

Карацей, у якіх бы мерапрыемствах у тыя дні я ні ўдзельнічаў, увесь час адчуваў сваю прыналежнасць да чагосьці вялікага, моцнага, магутнага…

— На фотаздымках з сайта я назірала, што ад тых жа журналістаў вас аддзяляла шкло. Захоўвалі стэрыльнасць?

— Так. За шкло для стасункаў з журналістамі мы выходзілі некалькі разоў. Зразумела, і тут у першую чаргу яны цікавіліся асноўным экіпажам. А мы пераважна назіралі, як праходзяць такія мерапрыемствы, вучыліся, занатоўвалі… Асабіста я для сябе зрабіў шмат запісаў па дробязях, скажам так. Калі што робіцца, як…

— А ў касмічным караблі, які паляцеў, ты ж таксама быў?

— Канешне! Гэта частка нашай падрыхтоўкі. Дублюючы экіпаж павінен пасядзець, папрацаваць рукамі ў «баявым» караблі, як яго там называюць. Хаця для мяне, лётчыка, паняцце «баявы» крыху іншае… Нам там мяняюць лажаменты. Для кожнага ж вырабляюць свой…

— А гэта што?!

— Вельмі глыбокае крэсла, у якім ты фактычна прымаеш позу зародка…

— А, я сапраўды бачыла гэта на фота! Алег, і колькі ў такой позе трэба знаходзіцца?!

— Вывядзенне — 528 секунд. І яшчэ 2 віткі па 90 хвілін. А потым ты ўжо выходзіш і пачынаеш працаваць ва ўсім караблі. Адчыняецца люк у бытавы адсек, там крыху больш месца.

Дык вось падчас перадстартавай падрыхтоўкі наземная каманда замест лажаментаў асноўнага экіпажу ставіць нашы. Гэта займае да трох гадзін. Дублюючы экіпаж, як я ўжо казаў, павінен пасядзець і, так бы мовіць, павадзіць рукамі. Дзе што дастаеш, не дастаеш у гэтым караблі… Бо, у прынцыпе, усякае можа здарыцца… Таму трэба хаця б візуальна і мануальна быць гатовым да работы. Потым мы ад’язджаем, а наземная каманда зноў мяняе лажаменты — пад асноўны экіпаж.

— А як скафандр пашылі — не цісне?! (смяёмся)

— Не, пашыты добра. І гэта пры тым, што звычайна два разы ездзяць на «Звязду» — прадпрыемства, якое іх шые. А мы з Жэнькам Тарэлкіным ездзілі тры ці чатыры. Спецыялісты глядзяць, правяраюць, выцягваюць, абразаюць, падганяюць…

— І які ён па вазе?

— Па-мойму, ад 9 да 10 кілаграмаў.

— І як адчуванні? У ім нармальна можна рухацца?

— Ведаеш, скафандр пашыты пад гэтую позу ў лажаменце — зародка. Калі ты ў ім ідзеш, дужа цяжка выпраміцца ў поўны рост. Таму касманаўты і ідуць вось так (паказвае) — з сагнутымі плячыма, з чамаданчыкамі ў руках…

— А-а-а-а, з-за гэтага?!

— Так. Можна, канешне, выпраміцца, але там ужо кальцо металічнае пачынае ціснуць на патыліцу… Непрыемна…

— Алег, наколькі насычанымі былі дні на Байкануры ў перадстартавы перыяд, калі параўнаць іх са звычайнымі працоўнымі ў Зорным?

— На Байкануры было намнога лягчэй. Там шмат вольнага часу. Можна было займацца фізпадрыхтоўкай…

— А проста выйсці пагуляць па тэрыторыі? Ці ва ўмовах стэрыльнасці гэта не дазваляецца?

— Па тэрыторыі можна, яна ж абгароджана. Але ўсе нашы спецыялісты, нават  тыя, хто быў з табою ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў у Зорным, стараюцца не падыходзіць, не мець стасункаў. Гэта як правіла. Калі займаешся фізпадрыхтоўкай, побач з табою абавязкова павінен знаходзіцца інструктар па фізпадрыхтоўцы. Але нас шэсць чалавек, а ён — адзін. І калі ўсе захочуць займацца ў розны час, дык яму цяжка, канешне. Таму стараліся збірацца разам.

— Ведаю, што вы на Байкануры гулялі ў настольны тэніс, більярд… З тэніснай ракеткай я цябе бачыла. А ў більярд умееш?

— Умею. Ну, канешне, не майстар, але па шару трапляю добра (смяёмся).

— Можа, і іншыя спартыўныя гульні там былі?

— У асноўным, мы хадзілі ў спартзалу. Бо настольны тэніс і більярд — гэта не атлетычныя віды спорту. У нас харчаванне добрае, руху мала… А ў дальняй спартзале — вялікі корт для бадмінтона, тэніса. Ёсць бегавыя дарожкі, снарады. Там мы і займаліся…

— Пасля вельмі напружаных экзаменацыйных трэніровак, якія вы так добра здалі ў Зорным, як спалася?

— У прынцыпе, нармальна. Але ў галаве ўсё роўна некаторы час пракручваліся сітуацыі. А вось калі б тое, дык я б тое… (смяёмся) Па інерцыі яшчэ кацілася трохі…

— А цяпер?

— Нармальна. Вось у нас быў Байканур, затым — Амерыка. А па прыездзе трэба ўцягвацца ў трэніроўкі. Раскачацца паціху, набраць абароты — і так да верасня.

— Я яшчэ паглядзела, як вы на Байкануры з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне ракеты-носьбіта, якая павінна была вывесці на арбіту касмічны карабель асноўнага экіпажу. Упершыню бачылі яе прыбыццё?

— Ды не. Да гэтага мы ж былі ўжо на Байкануры, дзе нам паказвалі ўвесь працэс падрыхтоўкі. У прынцыпе, без розніцы, якая ракета — грузавая ці пілатуемая. Мяняецца толькі верхняя частка — ставіцца грузавік ці пілатуемы варыянт…

— Але, мабыць, сваю ракету будзеш сустракаць з зусім іншым пачуццём?

— Як кажуць, усе ракеты, у прынцыпе, аднолькавыя. Але той, хто ляціць, зазначае: «Мая — самая прыгожая!» (смяёмся)

— Алег, раскажы, калі ласка, пра ноч перад стартам. Спалі, не спалі…

— Спалі мала, бо па мясцовым часе пад’ём быў у дзве гадзіны ночы. Рана падняліся. Потым для асноўнага экіпажу ідуць усялякія медыцынскія працэдуры. А мы проста ходзім побач, глядзім. Затым па традыцыі касманаўты распісваюцца на дзвярах нумара. Прыязджае бацюшка, бласлаўляе. Далей уключаюць песню «Трава у дома»…

— Ой, ты што?! Праўда?!

— Так. Выходзіць асноўны экіпаж. За ім — мы, дублёры. Па баках — урачы, як сек’юрыці (ўсміхаецца). На ганку зусім крыху папазіравалі фатографам — і хуценька ў аўтобус. Ніякіх стасункаў ні з кім. І вось экіпаж едзе на стартавы комплекс. У асобным кабінеце касманаўтам мяняюць ніжнюю бялізну, надзяваюць скафандры, правяраюць герметычнасць. Кароткая гутарка з кіраўніцтвам, развітанне з сем’ямі — і экіпаж ідзе праз асобны выхад. Там такая лінія намалявана… А мы ўжо адыходзім убок і выконваем ролю гледачоў. Экіпаж падыходзіць да кіраўніка Раскосмасу і кіраўніка комплексу, дакладвае. Іх садзяць у аўтобус і вязуць да ракеты. А мы едзем на наступным аўтобусе і знаходзімся побач да моманту падняцця на стартавую пляцоўку.

— Але вы без скафандраў?

— Так.

— А калі б не дай Бог што…

— Тады б проста перанеслі старт на іншы час. Гэта толькі ў працэсе перадстартавай падрыхтоўкі, калі раптам хто захварэе, мяняюць увесь экіпаж. Бо мы цалкам гатовы. У нас свае скафандры, лажаменты… А там ужо ніхто нікога мяняць не будзе…

— Алег, а якія ўражанні ад гэтага старту?

— Ну, неяк… Не тое каб мурашкі пабеглі… Але штосьці такое…

— А зайздрасць?

(Эмацыянальна) Не, зайздрасці ніякай! Калі б ва ўсіх яна была, атрад касманаўтаў разваліўся б даўно! Ты цудоўна разумееш, што твая чарга — вось яна, на падыходзе. І трэба ісці дастойна, не спяшаючыся, не па галовах…

— Добра сказаў! А то ў гэтым жыцці такое назіраеш…

(Пераканаўча-цвёрда) Сказаў праўду. Толькі так!

— А як атрымалася суаднесці, што вось толькі што яны стаялі побач — і ўжо дзесьці ТАМ?!

— Сапраўды, няпроста. Ты з імі доўга працаваў разам, ішоў паралельна. Інструктар асноўнага экіпажу казаў нам (імітуе голас): «Ну што, «канкурыруючая фірма», гатовы?» Мы: «Гатовы!» (смяёмся) Усё гэта жартам, вядома… І вось — раз! — і паляцелі… І ты думаеш: «Гэта быў твой асноўны экіпаж…» А затым усе падыходзяць і кажуць: «Ну, віншуем!Цяпер вы — асноўны экіпаж!» І за намі ўжо свая «канкурыруючая фірма» стаіць (смяёмся).

— А хто вас дублюе?

— Павел Вінаградаў, Аляксандр Місуркін (Раскосмас) і Крыстафер Кэсідзі (НАСА). Яны ўжо «ў тэме», цудоўна ўсё ведаюць. Рыхтуюцца па нашай праграме. Мы на Байкануры былі як дублёры 31/32 экспедыцыі, а яны рыхтаваліся як дублёры нашай — 33/34. Вось такі бесперапынны працэс.

— Але ж усяго некалькі гадоў таму, мабыць, не было столькі палётаў?

— Так. Было два старты ў год, а цяпер — чатыры. Вельмі добра, што працэс пайшоў хутчэй, чарга прасунулася. Дарэчы, наш старт крыху перанеслі. Цяпер мяркуемая дата — 15 кастрычніка.

— І што наперадзе?

— Яшчэ адна камандзіроўка ў Амерыку. Для нас і таго экіпажу, з якім пэўны час будзем разам на МКС. Здадзім экзамен па амерыканскаму сегменту. А потым да сярэдзіны верасня будзе толькі карабель і наш сегмент МКС. Больш часу зоймуць эксперыменты, фізкультура, медыцына, тэставыя замеры…

— А самыя напружаныя дні калі пачнуцца?

— Таксама дзесьці ў сярэдзіне верасня. Пойдуць тыя ж экзамены, якія мы здавалі як дублёры…

— Але тут, мабыць, крыху лягчэй у тым плане, што ведаеш ужо, што да чаго?

— Сапраўды. Ужо ўяўляеш, як гэта адбываецца. Значна прасцей, калі ведаеш, што да чаго. Але і адказнасці больш. Бо там — ну, дублюеш і дублюеш. А тут ужо — усё, нельга памыляцца, бо ты — асноўны экіпаж, а за табой — твае дублёры…

— Ну што ж, Алег, у чарговы раз поспехаў і ўдачы — шчыра, ад душы!

— Дзякуй!

 

Гутарыла Святлана АДАМОВІЧ

Фота з сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.Гагарына

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *