Майстэрства і дарункі Русецкай

Общество

У нашай бібліятэцы зладзілі творчую выставу пастаяннай самай актыўнай чытачкі — Русецкай Людмілы Мікалаеўны. Выстава “Творы майстэрства” аздоблена вырабамі, якія звязаны з рознакаляровых нітак. Гэта прыгожыя з карункамі камізэлькі, цёплыя шкарпэткі, маленькія пінеткі, вытанчаныя сурвэткі, вясёлыя прыхваткі для кухні. Вельмі зацікавіў наведвальнікаў модны шалік, дапытваюць Мікалаеўну, як звязаць такую рэч. А ў асноўным хочуць прыдбаць для сябе. Аўтар вырабаў не тоіцца, абавязкова падкажа, як яна пачынае вязаць. Школьніцы Князік Паліна і Абрамава Ксюша па-суседску рашылі браць урокі ў “цёці Люсі”. А Людміла Мікалаеўна ж яшчэ ходзіць на працу, мае дваіх дарослых ужо дзяцей — Вадзіма і Юлечку, якім яны з мужам далі вышэйшую адукацыю і якім ой як патрэбна маміна мудрасць і ўвага.

Мікалаеўна працуе паштальёнам, заўжды выконвае ўсе паслугі сувязі. Трэба адзначыць, што выпісваюць газеты неахвотна зараз, але Людміла ўмее натхніць людзей, падкажа, дзе танней, дзе цікавей. У бібліятэку прыносіць стос часопісаў і газет, зверне ўвагу, што сёння ў прэсе адлюстравана, зацікавіць чытачоў, бо сама з інтарэсам чытае. У бібліятэцы любіць браць А.С. Пушкіна, літаратуру пра яго біяграфічныя звесткі. Захоплена і кветкамі, пра якія можа расказваць бясконца. У яе самы лепшы дагледжаны кветнік — асабліва, калі цвітуць пралескі. Зараз Людміла Мікалаеўна ў бібліятэцы бярэ “Гаспадыню”, там змешчаны тэхніка вышывання, схемы. І творчая натура вырашыла паспрабаваць гэта — атрымалася выдатна. На выставу прынесла тры невялікія карцінкі, зроблены, натуральна, з цеплынёй.

Многія зараз падселі на камп’ютарныя відовішчы, кантачаць людзі толькі праз манітор, так называюць “кнопочное удовольствие”, а для Русецкай задавальненне, калі рэч зроблена сваімі рукамі і падаравана сяброўкам, суседцы. Гэтую выставу ў бібліятэцы майстрыха прысвяціла Дню Перамогі, і як даніну памяці аб сваім татулі — Смычкову Мікалаю Пятровічу, вельмі шаноўнаму працаўніку колішняга саўгаса “Ляды”, які быў ахвярай у гады вайны — узнікам фашызму. Усе наведвальнікі з задавальненнем знаёмяцца з адмысловай выставай, дзякуюць Русецкую Л.М. за такі пазітыў хатняга спакою, настрою, якія яна нясе.

 

Таццяна ЖДАНОВІЧ,

бібліятэкар Лучскай бібліятэкі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *