Цёплая сустрэча

Молодежная политика

Ва ўстанове адукацыі “Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж” налічваецца 44 ветэраны працы. Нядаўна дырэктар каледжа Тамара Канстанцінаўна Сень асабіста запрасіла іх на сустрэчу, якая і прайшла за кубкам гарбаты з цукеркамі і пернікамі, па сямейнаму цёпла.

Былыя педагогі, якія ні адно дзесяцігоддзе шчыравалі ў справе падрыхтоўкі і выхавання спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, былі вельмі радыя спатканню, нефармальнай размове. Раней такая практыка не існавала.

Кіраўнік навучальнай установы расказала аб сённяшнім становішчы каледжа, яго праблемах, бачанні перспектыў. Яна запрасіла былых калег  паглядзець кабінеты і лабараторыі, падзяліцца меркаваннямі, каб сучасны калектыў мог спаўна выкарыстаць іх багаты вопыт. Падкрэсліла, што будзе вельмі ўдзячна ветэранам за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы.

З вялікай увагай дырэктар выслухала заўвагі, прапановы шаноўных гасцей, грунтоўна адказала на іх шматлікія пытанні.

Апладысментамі сустрэлі прысутныя прапанову старшыні ветэранскай арганізацыі Зотавай Соф’і Анатольеўны, іншых асоб аб стварэнні хору ветэранаў.

Усе выступалі натхнёна з успамінамі, выконвалі лірычныя песні. Твары свяціліся  радасцю і, здавалася, нават памаладзелі. Не абышлося без сюрпрыза. Кожны прысутны меў магчымасць заказаць самадзейным артыстам выканаць любімую песню. У якасці салістаў выступалі выкладчык Філіповіч Любамір Феліксавіч, ветэраны працы Гарбацюк Браніслаў Філіпавіч, Камісаранка Уладзімір Іванавіч. Загадчыца аддзялення Катлінская Марыя Іванаўна сваімі вясёлымі спевамі так “завяла” слухачоў, што яны пайшлі ў скокі. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Патапчык Канстанцін Анісімавіч, а таксама Ласкіна Тамара Рыгораўна, Зотава Соф”я Анатольеўна шчыра дзякавалі Тамару Канстанцінаўну за сустрэчу, за цёплыя словы ў адрас ветэранаў педагагічнай працы. Удзельнікі дамовіліся, што такія сяброўскія бяседы стануць рэгулярнымі, бо яны прыносяць карысць абодвум бакам.

 

Іван ЯРАШЭВІЧ,

УА “Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж”

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *