АМАЛЬ ЧВЭРЦЬ СТАГОДДЗЯ — У КНІЖНЫМ АСЯРОДДЗІ

Общество

Столькі працуе ў Кліноцкай бібліятэцы Святлана Балоціна, выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума.

У часы майго маленства ў гэтай вёсцы бібліятэка знаходзілася ў іншым будынку. Іншай была і гаспадыня. Але тая асаблівая аўра, якая звычайна пануе ў памяшканні з кнігамі, паяднала ўспаміны дзяцінства з сённяшнімі ўражаннямі.

Шмат кніг на паліцах, падпісных выданняў на стале… Даволі цесна ім у памяшканні. А як некалькі чалавек адразу прыйдуць, дык і няма дзе развярнуцца… Дарэчы, улетку разам з прыезджымі Кліноцкая бібліятэка налічвае да трохсот чытачоў! Працуюць тут аматарскія аб’яднанні. Для дзяцей — «Пралеска», для дарослых — «Сучасніца».

Другіх, заўважае Святлана Балоціна, зараз лягчэй сабраць, чым першых. Бо пакуль школьнікі вернуцца са сваёй навучальнай установы ў Турцы, пад’ядуць, зробяць урокі… Ужо і часу няма ў бібліятэку ісці. А яшчэ ж і пагуляць хочацца… Хаця ўсё ж наведваюць. Але — не так часта, як у гады працы Кліноцкай школы.

Зараз у бібліятэцы аформлена выстава да юбілеяў Купалы і Коласа «Нам засталася спадчына…» А сярод пастаянна дзеючых — «Мой родны кут, як ты мне мілы…», «Сацыяльна-бытавы цэнтр»… І, што актуальна для вёскі з партызанскім мінулым, — «Рэха далёкай вайны». Тут знаходзіцца і невялікі фоталетапіс Клінка.

Сярод актыўных чытачоў, зазначае Святлана Балоціна, ёсць цэлыя сем’і. Шмат чытаюць Баханоўскія, Крывіцкія, Шалаі, Ананічы… Любяць наведваць бібліятэку і пенсіянеры — Ларыса Ганчарык, Іван Патапчык, Валянціна Білай, Людміла Васілевіч…

І ўсё ж надараюцца асенне-зімова-вясеннія дні, калі ніводзін чытач не зазірне, кажа бібліятэкар. Апрача суседзяў — работнікаў сельвыканкама. А вось улетку — зусім іншы малюнак. Калі вольнага часу стае, тады і на кнігі яго хапае. І ў дарослых, і ў дзяцей. Наведваюцца сюды і аматары газет ды часопісаў.

Словам, кожны з вяскоўцаў і прыезджых знойдзе ў Кліноцкай бібліятэцы «чытанку» для душы…

 

Святлана АДАМОВІЧ.  Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *