АЛЕГ НАВІЦКІ — ПРА КОСМАС І ПРА СЯБЕ

Общество

Пасля аповедаў у «Раённым весніку» пра ўраджэнца Чэрвеня, выпускніка СШ №2 1988-га года, касманаўта-выпрабавальніка, палкоўніка Алега Навіцкага рэдакцыя атрымала шмат зацікаўленых пытанняў і просьбаў распавесці яшчэ што-небудзь пра нашага земляка, у тым ліку — і пра яго біяграфію. З задавальненнем іх выконваем.

БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

Алег Віктаравіч Навіцкі

Вопыту касмічных палётаў не мае

Статус: касманаўт-выпрабавальнік, набор 2006 года

Дата і месца нараджэння:

12 кастрычніка 1971 года, г.Чэрвень, Мінская вобласць, Беларусь

Адукацыя, вайсковая служба:

Са жніўня 1988 года па 1990 год — курсант Барысаглебскага, а з 1990-га па кастрычнік 1994-га — Качынскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў, пасля заканчэння якога атрымаў кваліфікацыю «лётчык-інжынер». З кастрычніка 1994-га года па верасень 2004-га служыў на пасадах лётчыка, старшага лётчыка, камандзіра звяна,  намесніка камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі штурмавога авіяцыйнага палка (ШАП) 4-й паветранай арміі (ПА) і 4-й арміі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны, Паўночна-Каўказская ваенная акруга (штаб у г.Растоў-на-Доне). Асвоіў самалёты Л-39, СУ-25, агульны налёт 680 гадзін. Прымаў удзел у навядзенні канстытуцыйнага парадку ў Чачэнскай Рэспубліцы. Мае званне «Ветэран баявых дзеянняў». З верасня 2004-га года па чэрвень 2006-га вучыўся на камандным факультэце Ваенна-паветранай акадэміі імя Ю.Гагарына. Пасля заканчэння акадэміі ў 2006-ым годзе служыў камандзірам авіяцыйнай эскадрыллі ШАП 4-й арміі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны.

Воінскае званне:

Падпалкоўнік ваенна-паветраных сіл (па стану на 11.10.2006 года)

Палкоўнік ваенна-паветраных сіл (28.12.2010 г.)

Касмічная падрыхтоўка:

Прайшоў медыцынскае абследаванне ў Інстытуце медыка-біялагічных праблем. 8 жніўня 2006-га года быў прадстаўлены на Галоўную медыцынскую камісію (ГМК), стаўшы прэтэндэнтам на залічэнне ў атрад касманаўтаў падчас набору 2006-га года.

11 кастрычніка 2006-га года на пасяджэнні Міжведамаснай камісіі па адбору касманаўтаў быў рэкамендаваны да залічэння на пасаду кандыдата ў касманаўты атрада Расійскага дзяржаўнага навукова-доследнага выпрабавальнага інстытута цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў.

26 лютага 2007-га года прыступіў да праходжання двухгадовага курса агульнакасмічнай падрыхтоўкі.  З 22-га па 28-га чэрвеня 2008-га года ў Севастопалі (Украіна) ўдзельнічаў у трэніроўках на выпадак пасадкі спускальнага апарата на ваду ў складзе ўмоўнага экіпажу разам з Сяргеем Рэвіным і Аленай Сяровай.

2-га чэрвеня 2009-га года скончыў агульнакасмічную падрыхтоўку, здаўшы дзяржаўныя экзамены ў цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў з адзнакай «выдатна». 9-га чэрвеня на пасяджэнні Міжведамаснай кваліфікацыйнай камісіі яму была прысвоена кваліфікацыя «касманаўт-выпрабавальнік» і ўручана пасведчанне касманаўта №201.

Загадам начальніка федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы «Навукова-доследны выпрабавальны інстытут цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.Гагарына» Сяргея Крыкалёва з 1-га жніўня 2009-га года прызначаны на пасаду касманаўта-выпрабавальніка атрада цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. У кастрычніку 2009-га года на касмадроме Байканур прымаў удзел у трэніроўках у малым доследным модулі. Са студзеня 2010-га года знаходзіўся ў камандзіроўцы ў ЗША, з’яўляючыся прадстаўніком цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў у Касмічным цэнтры імя Джонсана.

На пасяджэнні Міжведамаснай камісіі па адборы касманаўтаў і іх прызначэнні ў саставы пілатуемых караблёў і станцый 26-га красавіка 2010-га года быў атэставаны ў якасці касманаўта атрада.

У выпушчаным НАСА 2-га чэрвеня 2010-га года плане палётаў экіпажаў МКС да 2013-га года з’явілася інфармацыя, што ён змяніў Рамана Раманенку ў дублюючым экіпажы МКС 31/32, а сам прызначаны ў асноўны экіпаж МКС 33/34 (стартуючы на караблі «Саюз-32» у верасні 2012-га года). 12-га кастрычніка 2010-га года яго прызначэнне ў дублюючы экіпаж МКС 31/32 было пацверджана Міжведамаснай камісіяй па адборы касманаўтаў і іх прызначэнні ў саставы экіпажаў пілатуемых караблёў.

З 15-га па 17-га ліпеня 2010-га года ў Казахстане ў саставе ўмоўнага экіпажу разам з Аленай Сяровай і Сяргеем Рыжыкавым браў удзел у трэніроўках на выжыванне ва ўмовах пустыні і паўпустыні.

З 2-га па 5-га жніўня 2010-га года браў удзел у трэніроўках па правядзенні візуальна-інструментальных назіранняў з борта самалёта ў раёне горада Севераморск Мурманскай вобласці, падчас якіх адпрацоўваліся задачы назірання аб’ектаў і рашэнне задач экалагічнага маніторынгу.

У студзені 2011-га года браў удзел у трэніроўках на выжыванне ў падмаскоўным лесе ў саставе ўмоўнага экіпажу разам з Сяргеем Кудзь-Свярчковым і Кевінам Фордам.

Класнасць:

Лётчык 2-га класа, парашутыст-інструктар, афіцэр-вадалаз

Узнагароды:

Медалі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі «За ўдзел у баявых дзеяннях», «За отличие в военной службе» трох ступеняў, «За воінскую доблесць» другой ступені, «За вернасць доўгу і Айчыне», «За службу ў Ваенна-паветраных сілах». Узнагароджаны наручным гадзіннікам «За асабістую мужнасць»

Статус на гэты час:

Палкоўнік ваенна-паветраных сіл РФ, камандзір групы агульнакасмічнай падрыхтоўкі, касманаўт-выпрабавальнік атрада касманаўтаў Роскосмасу

Сямейнае становішча: Жанаты, у сям’і — дачка.

 

 

ТРЭНІРОЎКІ Ў БЯЗВАЖКАСЦІ…

Для іх спецыяльна абсталявалі самалёт, абклалі ўнутры гімнастычнымі матамі. Прысутнічае амаль уся група агульнакасмічнай падрыхтоўкі. Але са скафандрамі працуюць толькі два чалавекі — пад наглядам інструктараў. Самалёт выконвае пэўную фігуру, падчас якой ствараецца бязважкасць секунд на 20. І мы выкарыстоўваем іх для таго, каб паспрабаваць надзець скафандр за пэўны час. Атрымліваецца 4 рэжымы. А ўвогуле, самалёт робіць іх 10. Гэта дарагая трэніроўка, падчас якой траціцца шмат паліва.

Падаецца каманда: «Пачатак рэжыму!» І пачынаецца работа. Нас падчас спробы надзець скафандры інструктары страхуюць. Апрануты мы ў спецыяльную бясшоўную бялізну. Першы этап — нацягваем касцюм на ногі, затым — рукавы, наступны — прасунуць галаву ў металічную адтуліну (атрымліваецца з цяжкасцю)… Ствараем умовы для герметызацыі скафандра, зачыняем замкі. І, у прынцыпе, касманаўт гатовы да аўтаномнага існавання ў межах карабля. Гэтыя трэніроўкі ладзяцца на выпадак экстраннай сітуацыі — разгерметызацыі карабля альбо пажару. А ўвогуле, скафандр ахоўвае ад траўмаў.

 

… НА ВЫЖЫВАННЕ Ў ЗІМОВЫМ ЛЕСЕ

Трэніроўкі такога кшталту, як і ў пустыні, на вадзе, ладзяцца на выпадак, калі экіпаж касмічнага карабля прызямліцца не ў тым квадраце, дзе будуць яго чакаць пошукава-выратавальныя службы.

Тут я ў складзе ўмоўнага экіпажу. Поўнапамерны спускавы апарат з усім абсталяваннем вывозіцца ў зімовы лес. Туды садзіцца экіпаж — з радыёстанцыяй, харчаваннем, запасам пітной вады. Парашуты, якія павінны былі раскрыцца пры пасадцы, — побач. І экіпаж на трое сутак застаецца адзін. Толькі выходзіць на радыёсувязь у прызначаны час.

Першая начоўка — будуем аднаскатны шалаш. Прызначаем дзяжурствы. Абарончыя касцюмы, у якія апрануты, выпрабоўваліся ў Арктыцы пры тэмпературы паветра мінус 60 градусаў. Самае галоўнае — захоўваць баланс, не замерзнуць і не перагрэцца.

Дзяжурылі па дзве гадзіны, ахоўвалі агонь. Рыхтавалі таксама сігнальнае вогнішча. Камандзір размяркоўваў парадак прыёму ежы. На другія суткі — будуем укрыццё тыпу «вігвам». У ім даволі цёпла. Пры мінус 20 на вуліцы карэец, які разам са мною знаходзіўся ў складзе ўмоўнага экіпажу, сядзеў ва ўкрыцці без вопраткі.

Далей на трэніроўцы мы павінны перайсці да месца пасадкі верталёта. Але напачатку — пакінуць інфармацыю. Пазыўны («Мацярык»), накірунак, час адыходу і што ў экіпажы парадак.

Падчас пераходу адзін з членаў экіпажу зламаў нагу (ўмоўна). Астатнія павінны яго  транспартаваць далей — да месца пасадкі верталёта.

 

… НА ВАДЗЕ

Этап марскіх выжыванняў ладзіцца на выпадак прываднення спускальнага апарату ў Сусветны акіян. Вопытныя інструктары дапамагаюць са спускам на ваду, робіцца фота ўмоўнага экіпажу. А затым спускальны апарат вывозіцца ў мора. Вакол, вядома, знаходзяцца вадалазы.

Наша задача — за тры гадзіны пераапрануцца, знаходзячыся ў апараце, каб можна было выйсці. Унутры, у абмежаванай прасторы, тром чалавекам зрабіць гэта вельмі цяжка. Але мы справіліся. Затым нас даставілі на борт карабля. За трэніроўку, якая доўжылася 1 гадзіну 58 хвілін, кожны з нас згубіў ад трох да чатырох кілаграмаў вагі.

 

… У ПУСТЫНІ

Гэтая трэніроўка, адна з самых складаных, праводзілася на Байкануры. Тэмпература паветра — 45-48 градусаў. Па ўмовах трэніроўкі экіпаж надзявае палётныя касцюмы. Робіцца фота праз шкло. На ім бачна, што за намі размешчаны два плакаты. Гэта псіхалагічныя тэсты, якія праводзяцца пастаянна.

Група інструктараў вывозіць нас у стэп. Экіпаж выходзіць. На прызначаным месцы ўмоўнага спуску ізноў ляжаць парашуты — імітацыя сітуацыі, калі мы толькі прызямліліся. Ідзе даклад па рацыі, але… пошукавыя службы нас не чуюць. Таму прымаем рашэнне рыхтавацца да выжывання тут.

За кароткі час з парашута павінна быць пабудавана ўкрыццё. Для гэтага існуе пэўная методыка. Каб не губляць вільгаць, мы застаёмся ў белай бялізне, якая лепей за ўсё адбівае сонечнае святло. Трэба зрабіць яміну для вады, каб яна не награвалася. З кавалкаў парашута робім  мяшкі, якія набіваем пяском.

Мы павінны заняць такое становішча, каб як мага меней размаўляць і рухацца, бо ўсё гэта выклікае выпарэнне неабходнай целу вільгаці. У апараце ў нас кантэйнер з вадой. Норма — два літры на чалавека на працягу трох дзён. Іх размяркоўвае камандзір экіпажу. Мы прымалі ваду па 50 грамаў. І я адчуў, як гэтую мізэрную колькасць можна расцягнуць на паўгадзіны. Набіраеш яе са спецыяльнай мернай шкляначкі ў рот — і яна проста там растае, нават не глытаеш. Толькі так можна пацягнуць час. Таксама мы рыхтуем спецыяльнае ўстройства для збору прыроднай вады. Атрымалася сабраць 60 грамаў. Яе затым нам памянялі на пітную.

Начоўка выконваецца наступным чынам. З парашута будуецца штосьці накшталт вялікай ванны, каб ніякая жыўнасць не запаўзла праз высокія барты. Тут таксама прызначаюцца начныя дзяжурствы і ў пэўны час ладзяцца даклады для пошукава-выратавальнай службы.

Падчас трэніроўкі да нас прыходзіў доктар, каб зрабіць неабходныя замеры. Паколькі вільгаць сышла з арганізму, кроў робіцца густой. Таму і патрабуецца пастаянны кантроль за станам экіпажу.

На трэція суткі таксама запланаваны пераход да ўмоўнага месца пасадкі верталёта. І тут замест 50 грамаў камандзір выдае ўжо кожнаму па 100 грамаў вады — для бадзёрасці. Збіраем неабходнае абсталяванне і выконваем пераход. Побач знаходзяцца інструктары, якія фіксуюць правільныя дзеянні, магчымыя памылкі, якія пры разборы даводзяцца ўсяму экіпажу.

Фінальны этап трэніроўкі на выжыванне ў пустыні — сігнал для пошукава-выратавальнага верталёта, які падбірае экіпаж і дастаўляе на базу…

 

Вялікі дзякуй Алегу Навіцкаму, які так добра апісаў далёкае, невядомае і вельмі складанае жыццё касманаўтаў-выпрабавальнікаў, якія рыхтуюцца да палёту. Сапраўды, рэзервы і магчымасці чалавечага арганізму — бязмежныя. І застаецца толькі захапляцца, з якой годнасцю наш зямляк выходзіць з усіх выпрабаванняў. А яшчэ — шчыра суперажываць. Поспехаў табе, Алег! Я ведаю, што і ў Зорным гарадку ты цікавішся «Раённым веснікам»…

 

Падрыхтавала Святлана АДАМОВІЧ

Здымкі з фотаальбома Алега Навіцкага

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *