ЛЕПШЫЯ ТАВАРЫ БЕЛАРУСІ ВЫРАБЛЯЮЦЬ І Ў ЧЭРВЕНІ

Экономика

Па выніках дзясятага конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» за 2011 год, які праведзены Дзяржстандартам сумесна з абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінгарвыканкамам, лепшымі ў Беларусі названы 390 тавараў. Сярод іх у намінацыі «Прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных промыслаў»- электраўстановачныя вырабы сталічнага вытворчага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Святлопрыбор» грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку»: разеткі, выключальнікі і свяцільнікі з убудаванымі святлодыёднымі модулямі. Да гэтага поспеху спрычыніўся і Чэрвеньскі філіял «Святлопрыбора», дзе вырабляюць электраразеткі.

Як распавёў яго дырэктар Альберт Беластоцкі, тут працуе 93 чалавекі, з іх 63 — інваліды па зроку. У філіяле наладжана вытворчасць шляхам зборкі некалькіх відаў электраразетак (аднамесных, двухмесных, адкрытай і скрытай установак і іншых), а таксама прахадных выключальнікаў і патронаў для электралямпачак. Штомесяц на прадпрыемстве вырабляюць 300-400 тысяч адзінак прадукцыі на суму каля 2 мільярдаў рублёў. Вытворчасць разетак складае прыкладна 90 працэнтаў ад агульнага аб’ёму. Электраўстановачныя вырабы чэрвеньскага філіяла «Святлопрыбора» праз галаўное прадпрыемства рэалізуюцца не толькі на айчынным рынку, але і ў Расіі, Казахстане, краінах Балтыі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

На здымках: у вытворчым цэху філіяла; слесар механазборачных работ Вячаслаў Запрудскі вырабляе лепшыя тавары Беларусі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *