КУДЫ ПАДЗЕЛАСЯ ВАДА З КАЛОДЗЕЖА?

Местная власть

На пачатку студзеня ў рэдакцыю звярнулася жыхарка вёскі Ялча Ірына ІЛЬІЧОВА з наступнай праблемай:

— Са жніўня 2011-га года ў маім калодзежы практычна няма вады, яна некуды знікла. Мяркую, прычына ў тым, што рэчку спусцілі, вось узровень вады і ўпаў. Прычым, наколькі я чула ад людзей, пазбавіўся вады не толькі мой калодзеж, але і яшчэ некалькі на вёсцы. Вады там — вядра паўтара-два. Сама я хадзіць не магу. Ваду прыносіць мне двойчы на тыдзень сацыяльны работнік. І калі ўзімку гэтага хапае, то ўлетку яшчэ ж дадаецца паліў градак, іншыя патрэбы… Я неаднаразова звярталася па тэлефоне з гэтай праблемай да старшыні Валевачоўскага сельвыканкама Аляксандра Шыфрына. Ён быццам бы і не адмаўляецца ад вырашэння праблемы. Але прайшло ўжо паўгода, а я па-ранейшаму чую толькі абяцанні. Прашу рэдакцыю дапамагчы вырашыць праблему ў сваім раёне, каб не давялося звяртацца вышэй…

Гэты зварот мы накіравалі на рэагаванне старшыні Валевачоўскага сельвыканкама Аляксандру ШЫФРЫНУ, некалькі разоў па тэлефоне выслухоўвалі адзін і другі бок… Старшыня сельвыканкама сцвярджаў, што ў суседзяў Ірыны Ільічовай з абодвух бакоў вада ў калодзежах ёсць, як і па ўсёй вёсцы. А заяўніца зазначала, што не адзін аднавясковец спасылаўся ў размове на такую ж праблему. Што ж датычыцца ракі, патлумачыў Аляксандр Шыфрын, то яе сапраўды спусцілі, каб правесці ачыстку ад смецця і высекчы кусты. Фермерская гаспадарка «Азёрная паляна» выкупіла сажалку ў вёсцы Ялча дзеля развіцця экатурызму. У вуснай размове са старшынёй сельвыканкама кіраўнік фермерскай гаспадаркі запэўніў, што па заканчэнні работ шлюз будзе закрыты.

Узімку, вядома, гэтага не зробіш. Ірына Ільічова падчас візіту да яе старшыні сельвыканкама назвала канкрэтны тэрмін — вырашыць праблему да сакавіка. Аляксандр Шыфрын заверыў, што ўзяў яе на кантроль. Гэта ж робіць і рэдакцыя.

А ўсім астатнім жыхарам Ялчы, калі яны таксама маюць праблему з узроўнем вады ў калодзежах, раім паставіць у вядомасць сельвыканкам, каб высветліць яе характар і намеціць шляхі вырашэння шляхам кансультацый з адпаведнымі спецыялістамі. І, нарэшце, высветліць, куды падзелася вада з калодзежа Ірыны Ільічовай і як ёй дапамагчы. Магчыма, сапраўды варта, апрача ўсяго іншага, калодзеж паспрабаваць пачысціць?

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *