“СЯЛЬЧАНКА” ЗАПРАСІЛА ДЗЕТАК У КАЗКУ

Общество

“Сяльчанка”  — гэта першы ў нашым раёне жаночы клуб, створаны напярэдадні новага года  па ініцыятыве дэпутата абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, члена прэзідыума рэспубліканскага аб’яднання «Сяльчанка», дырэктара эксперыментальнай базы “Натальеўск” Алены Махнач.

А казку падрыхтавалі мінскія артысты. Тут, у Любішынскім доме культуры, яны знайшлі ўдзячных гледачоў, як маленькіх, так і дарослых.  Уваход быў свабодны, без білетаў.  Аплату за спектакль выдаткавала  эксперыментальная база “Натальеўск”. Так што спяшаліся сюды сем’ямі —  з татамі, мамамі, бабулямі… Маленькія дзеткі, падскокваючы, радасна дзяліліся навіной: “Да нас прыехаў Дзед Мароз!” А потым, ва ўсе свае вачаняты з цікавасцю і задавальненнем сачылі за казачнымі дзеяннямі на сцэне. Мюзікл «Цуды тут. Або куды прыехаў Дзед Мароз»  заварожваў прыгодамі, спевамі, музыкай…

— Паказаць вясковым дзецям спектакль — гэта толькі першы крок у рабоце нашага грамадскага добраахвотнага аб’яднання, у які першапачаткова ўвайшлі 18 ініцыятыўных, энергічных жанчын. А на мэце шмат добрых спраў. І найпершая — зрабіць больш прыгожым роднае Любішына. “Сяльчанка” будзе таксама дапамагаць вясковым жанчынам у вырашэнні сацыяльных і бытавых праблем, — зазначае Алена Махнач.— Нядаўна я была на пасяджэнні прэзідыума рэспубліканскага аб’яднання “Сяльчанка” і засталася ўражанай той вялікай, разнастайнай работай, якую праводзяць жаночыя  аб’яднанні разам з мясцовай уладай у іншых раёнах. Падумалася:  а чаму б і ў нас не стварыць штосьці падобнае? У мясцовых жанчын шмат цікавых ідэй, і пры жаданні ёсць магчымасць іх рэалізаваць.  Паспрабуем.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *