СПАДАРЫНЯ

Общество

Усім спадарыням — маё шчырае прывітанне! На гэты раз пагаворым пра Новы год. Па кітайскім календары да нас спяшаецца чорны вадзяны Дракон. Гучыць назва неяк страшнавата, але палохацца няма падставы. Кожны ў сваім гараскопе знойдзе прадказанне прыемных падзей, добрых змен, поспеху, кахання… Старажытны задыяк мае шмат жыццёвай сілы, актыўнасці. Памятаеце легенду, калі Буда раздаваў жывёлінам па году валадарання? Усе спяшаліся атрымаць гэты падарунак, перамагаючы на шляху цяжкасці і перашкоды. Дракон патрапіў пятым. Хоць гэта і не абсалютная перамога, аднак і такім вынікам можна ганарыцца. Між іншым, у самой Паднябеснай Дракон з’яўляецца знакам улады імператара, сімвалізуе багацце і высакароднасць, лічыцца апекуном урадлівасці і высокага ўраджаю. Так што паспрабуем у свята дагадзіць Дракону. Як гэта зрабіць? — пытанне, якім і я задалася, бо хочацца задобрыць фантастычную жывёліну. Безумоўна, адказ лепш мець ад людзей дасведчаных. А паколькі ў нашым раёне такіх не знайсці, пашукала астролагаў у інтэрнэце. Шмат іх парад, на мой погляд, нерэальных у ажыццяўленні, адхінула, а пра тое, што можа прыдасца нам з вамі, каб адчуць асаблівы святочны настрой, зараз і раскажу. Дык вось, аказваецца, патрэбен Дракону прастор. А таму пажадана апынуцца ў чароўную Навагоднюю ноч далей ад горада, напрыклад, на дачы, у вёсцы, каб быць бліжэй да прыроды. І ёлачку ўпрыгожыць самай яркай і бліскучай мішурой, якая ў вас знойдзецца ці зможаце купіць. Галоўнае — паболей бляску. І ва ўсім: упрыгожванні дома, вячэрнім ўбранні, прычосцы… Тут многае падкажа ваша ўласная фантазія.  Праўда, мадэльеры ўсё ж раяць апрануць сукенку чорнага колеру, аздобленую атласнымі стужачкамі, бісерам,  каралямі… Магчымы і іншы варыянт — вогненна чырвоны, жоўты і сонечна зялёны касцюм, быццам  вы сабраліся на вясёлы і яркі ўсходні карнавал. І ўсё ж, на мой погляд, самае важнае, каб убранне вам пасавала, падкрэслівала статнасць і прыгажосць, ці проста было камфортным і падыходзіла да той сітуацыі, у якой будзеце знаходзіцца. Ну сапраўды, хіба атласная сукенка сагрэе вас на марозным паветры, няхай сабе і самая модная?  Што тычыцца святочнага стала, то тут бясспрэчна трэба разлічваць на ўласныя фінансавыя магчымасці. Бо знакамітыя кулінары даюць рэцэпты з ласосевай ікры, ананасаў і іншых далікатэсаў, а гэта нятанна. Праўда, сярод вялікай разнастайнасці страў вызначаецца пажаданасць мець на стале больш свежай садавіны, прадуктаў у натуральным выглядзе. Таму, калі вы не будзеце пад зоркавым небам гатаваць шашлыкі, то частаваць гасцей можна смажанай рыбай, натуральнай адбіўной ці… Не так важна, што будзе на талерцы, галоўнае аформіць страву арыгінальна, з выдумкай. Цікавыя рэцэпты страў вы зможаце знайсці на гэтай старонцы, як і іншыя слушныя парады. А зрэшты, моцна не замарочвайце сабе галаву. Галоўнае ж не што з’есці і як     апрануцца, а ў якім настроі сустракаць Новы год і ў якой кампаніі. Таму будзьце вясёлымі і шчаслівымі, памятаючы, што вас абавязкова напаткаюць удача, каханне, поспех ці ажыццявіцца мара…

З найлепшымі пажаданнямі —

Эма МІКУЛЬСКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *