Майстар-клас у «Раённым весніку»

Общество

Апошнім часам усё больш увагі з боку  дзяржавы ўдзяляецца  рабоце рэгіянальных  газет. У прыватнасці,  павышэнню іх ідэалагічнага ўздзеяння, паляпшэнню   інфармацыйнага і тэматычнага зместу, актуальнасці, аператыўнасці,  знешняму выгляду і дызайну.  Каб дапамагчы ў гэтым мясцовай прэсе галоўнае ідэалагічнае ўпраўленне Мінаблвыканкама сумесна з Міністэрствам інфармацыі і Беларускім саюзам журналістаў  вырашыла актывізаваць работу  ў рэгіёнах. У планах — абмен вопытам  паміж  раённымі журналістамі, правядзенне міжрэдакцыйных лятучак, «круглых сталоў», вучобы, творчых дыскусій, семінараў, майстар-класаў. Першае з намечаных мерапрыемстваў  праведзена на базе «Раённага весніка» . Тут у мінулую пятніцу  сабраліся на майстар-клас фотажурналісты  раённых газет «Пухавіцкія навіны» Андрэй Мазанік, «Край Смалявіцкі» Аляксандр Валадзько, «Бярэзінская панарама» Алена Громава, «Раённы веснік» Эмілія Мікульская і абласной газеты «Мінская праўда» Анатоль Басаў.

Асноўнай тэмай  абмеркавання стала  месца і роля фотаздымкаў на старонках раённых газет. Для правядзення гэтага мерапрыемства  рэдакцыя «Раённага весніка» была абрана невыпадкова.  Па словах галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама Ірыны Канавалавай, якая прымала ўдзел у правядзенні майстар-класа, «рэдакцыя  Чэрвеньскай раённай газеты  выходзіць  на лідзіруючыя пазіцыі сярод рэгіянальных СМІ.»

Такое меркаванне  было выказана і на абласным падвядзенні вынікаў работы за год сярод журналістаў, дзе была адзначана  актыўная работа  рэдакцыі “Раённага весніка” па павышэнню ідэйна-змястоўнага ўзроўню газеты. Таму, па словах Ірыны Канавалавай,  “у калектыва ёсць добрыя напрацоўкі і станоўчы вопыт, які варты пераймання.»

Удзельнікі  мерапрыемства зрабілі прэзентацыю сваіх фотаматэрыялаў, абмяняліся ўражаннямі,  адзначылі найбольш удалыя работы,  прааналізавалі  найбольш распаўсюджаныя памылкі  фотажурналістаў. Аб тым, як іх пазбегнуць,   расказаў  фотакарэспандэнт   Анатоль Басаў, які прадэманстраваў свае  найбольш  удалыя работы,  расказаў пра яго стасункі з вядомым фотажурналістам і яго  першым настаўнікам  Васілём Пясковым.

Аляксандр Валадзько падзяліўся сакрэтамі свайго майстэрства, прадаставіўшы калегам свае лепшыя работы, што дэманстраваліся на ўласнай выставе ў Мінску. Андрэй Мазанік  падзяліўся вопытам работы ў камп»ютарнай апрацоўцы фотаздымкаў.

Як адзначыла напрыканцы мерапрыемства Ірына Канавалава, «першы эксперымент правядзення падобных куставых  семінараў — вельмі ўдалы. Журналісты мелі магчымасць не толькі павучыцца адзін у аднаго фотамайстэрству, абмеркаваць свае прафесійныя  праблемы,  але  і шчыра пагутарыць   па-суседску.»

Такое  меркаванне выказалі і начальнік ідэалагічнага аддзела Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Батура, і карэспандэнт «Мінскай праўды» Ганна Трубчык, якія прынялі ўдзел у майстар-класе.

Дзвюх гадзін, што былі адведзены на правядзенне гэтага мерапрыемства,  падалося вельмі мала. Таму журналісты  за кубачкам гарбаты  па-сяброўску працягнулі гутарку яшчэ на некалькі гадзін.

 

Людміла Рабецкая.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *