Чарнаградскай пачатковай школe — 85

Общество

Гэта, так бы мовіць, юбілейная дата ў найноўшай гісторыі ўстановы адукацыі. Насамрэч жа гадоў ёй нашмат болей. А калі яшчэ прыгадаць, чыёй пераемніцай яна з’яўляецца, дык можна і больш за стагоддзе налічыць… Але калектыў вырашыў узяць за аснову пісьмовыя ўзгадкі за 1926-ы год. А паколькі і дакладнай даты адкрыцця невядома, то ўрачыстасць прызначылі на 10 снежня.

ШКОЛА ЗДАЎНА Ў ВЁСЦЫ БЫЛА…

Педагогі ўстановы-юбіляркі, якая зараз з’яўляецца вучэбна-педагагічным комплексам «дзіцячы сад-пачатковая школа», вырашылі сабраць звесткі пра яе гісторыю. Адшукаць прозвішчы першых настаўнікаў, даведацца, якімі былі класы… З гэтай мэтай яны хадзілі па хатах мясцовых жыхароў, цікавіліся іх успамінамі, прасілі паказаць даўнейшыя здымкі… Удалося адшукаць адну са старэйшых вучаніц і занатаваць тое, што засталося ў памяці 83-хгадовай бабулі, тагачаснай даваеннай школьніцы.

Але напачатку звернемся да папярэдніц Чарнаградскай пачатковай, пра якіх распавядае кніга «Памяць. Чэрвеньскі раён»: «У 1884 годзе адкрыта школа царкоўнай граматы, у якой вучылася 10 хлопчыкаў.  Паводле перапісу 1897 года, дзейнічала царкоўна-прыходская школа. У 1917 годзе — земскае народнае вучылішча, у якім працаваў настаўнікам Ф.Цярэшка. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі створана працоўная школа першай ступені, у якой у 1926 годзе было 69 вучняў, мелася невялікая бібліятэка».

А цяпер — успаміны мясцовай жыхаркі Марыі Мікалаеўны Пракаповіч. Паводле яе слоў, першай настаўніцай была Франчэска Аляксееўна Ананіч, добрая, але строгая. Як што не так, магла і лінейкай прыкласці… Родам яна была са Старадарожскага раёна. Пайшла на фронт яшчэ ў гады грамадзянскай вайны. Калі пачалася калектывізацыя, зрабілася актыўнай удзельніцай калгаснага будаўніцтва. Вяла ў Чарнаградзі актыўную работу па ліквідацыі непісьменнасці. Сваёй сям’і не мела. Жыла там жа, дзе працавала, — у школе.  У гады Вялікай Айчыннай вайны  з’яўлялася сувязной партызанскага атрада. Узнагароджана ордэнам Леніна. Памерла ў 1956-ым годзе, пахавана на чарнаградскіх могілках. Удзячныя вучні ўстанавілі на магіле помнік, які і да гэтага часу даглядае калектыў школы.

Падчас вайны драўляны будынак школы спалілі партызаны, каб там не размясціўся нямецкі гарнізон. Новы будынак узвялі на пачатку 50-х на тым жа месцы, нават выкарысталі частку падмурка. А да гэтага некалькі гадоў займаліся па хатах.

У 1997-ым школу зноў выпрабаваў на трываласць агонь. На шчасце, ён не знішчыў увесь будынак. Пасля рамонту і рэканструкцыі школа прыняла сваіх маленькіх насельнікаў. А першага верасня 1998-га года да яе далучылі мясцовы дзіцячы садок. Тады тут вучыліся 67 чалавек, працавалі чатыры настаўнікі, адзін выхавальнік.

Калектыў школы занатаваў прозвішчы педагогаў, хто ў розныя гады працаваў тут і каму гэтая навучальная ўстанова вельмі ўдзячна. Гэта дырэктары Мікалай Паўлавіч Лявонаў , Ганна Андрэеўна Зыль, Лізавета Якаўлеўна Тураўская, педагогі Таццяна Мікалаеўна Ахрамовіч, Ганна Пятроўна (прозвішча невядома), Таццяна Рыгораўна Галубец, Аркадзь Іосіфавіч Праляскоўскі, Лідзія Іосіфаўна Пачасуй, Павел Давыдавіч Губар, Вольга Уладзіміраўна Пасталюк… Спіс, вядома, няпоўны. Магчыма, пасля гэтай публікацыі хтосьці з колішніх вучняў прыгадае і іншыя прозвішчы. А мо, адшукаюцца і цікавыя старыя фота. А здымкі канца 50-х гадоў захоўваюцца ў рабочага школы Валерыя Антонавіча Пагірніцкага, чыя мама, Таццяна Мікалаеўна Ахрамовіч, працавала разам з Ганнай Андрэеўнай Зыль.

 

АСАБЛІВАСЦІ ДЗЁН СЁННЯШНІХ…

На Чэрвеньшчыне — гэта  адзіная сярод базавых і сярэдніх пачатковая школа. Калісьці — малакамплектная, дзе адзін настаўнік вучыў па два, а часам — і ўсе чатыры класы. Зараз кожны з іх, чатырох пачатковых, мае па аднаму настаўніку і асобнаму памяшканню. У гэтым навучальным годзе тут 27 вучняў і 22 дашкольнікі, якія выхоўваюцца і навучаюцца ў рознаўзроставай і старэйшай групах.

Адна з істотных асаблівасцяў гэтай установы адукацыі — тое, што тут вучацца дзеткі-пачаткоўцы, якіх патрэбна штодня зацікаўліваць. Таму і ладзяць педагогі шматлікія мерапрыемствы, у якіх з задавальненнем удзельнічаюць і бацькі. Прычым у абсалютнай большасці з іх не адно дзіця. І, часцей за ўсё, хтосьці наведвае садок, а хтосьці — школу. У вёсцы ўжо нават ёсць некалькі пакаленняў вучняў Чарнаградскай пачатковай школы. Так, у сям’і Надзеі Мікалаеўны Бандарык ажно чатыры пакаленні адно за адным станавіліся пачаткоўцамі. Вучылася яна сама, дзеці, унукі, а цяпер прыйшоў праўнук. А такіх, дзе дарослыя, колішнія выпускнікі, прывялі сюды дзетак, і ўвогуле шмат.

Але вернемся да выхаваўчых мерапрыемстваў. Іх адметнасць — найперш ініцыятыва дарослых. Бо пачаткоўцы, у адрозненне ад вучняў сярэдніх і старэйшых класаў, не могуць самі штосьці арганізаваць. Вось і даводзіцца гэтым займацца педагогам разам з бацькамі. Плюс цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі сельскімі бібліятэкай і Домам культуры.

Штомесяц у школе ладзяцца дні здароўя. Не перашкаджае гэтаму нават адсутнасць спартыўнай залы — прыстасоўваецца памяшканне дзіцячага садка.  Цікава праходзяць навагоднія святы, калі задзейнічаюцца ўсе работнікі сада-школы і бацькі. Сёлета, як ніколі, шматлюдным атрымалася святкаванне Дня маці.

Наступная адметнасць навучальнага працэсу — гэта абавязковая падрыхтоўка планаў да ўрокаў на трох узроўнях — са слабым, сярэднім і моцным звяном. Каб ні ў аднаго дзіцяці не прытушыць агеньчык цікавасці да вучобы…

Як і ў любой іншай установе адукацыі, тут ладзяцца святы першага і апошняга званка. А вось вечароў сустрэчы з выпускнікамі, на жаль няма. Усе яны працягваюць вучобу ў іншых установах адукацыі, найчасцей — у Грабёнскай СШ.

За 85 гадоў не менш за тысячу выпускнікоў Чарнаградскай школы накіравалася працягваць навучанне далей.

 

АСНОЎНАЕ Ў ПЕДАГОГАЎ — ДА ДЗЯЦЕЙ ЛЮБОЎ…

Без гэтага ў пачатковай школе працаваць не зможаш… Давайце крыху бліжэй пазнаёмімся з тымі, хто сапраўды свае сэрцы аддае маленькім выхаванцам.

З 1994 года працуе тут Марыя Аляксандраўна Буркун (на здымку), на пасадзе дырэктара — са студзеня 1995-га. Цікавым атрымаўся яе шлях у педагагічную прафесію. Ураджэнка Нясвіжчыны, на Чэрвеншчыне Марыя Аляксандраўна — з 1980-га года. Першая спецыяльнасць — заатэхнік, другая — эканаміст, а ўжо трэцяя — настаўніца пачатковых класаў. Любоў да педагагічнай прафесіі прыйшла, відаць, падчас працы піянерважатай у Грабёнцы, калі дружына займела шмат заслужаных узнагарод. Але паміж той працай і настаўнічаннем у Чарнаградскай школе праляглі гады шчыравання ў калгасе. І ўсё ж лёс распарадзіўся па-свойму. Хаця і пазнавата, можа, па ўзросце, але давялося атрымліваць педагагічную адукацыю.

І да гэтага часу Марыя Аляксандраўна з прыязнасцю прыгадвае свой выпуск, у якім з чатырнаццаці дзяцей палова была — настаўніцкія. Зараз ім ужо за дваццаць.   Шмат гадоў пасля выпуску прыходзілі вучні да сваёй настаўніцы ў прафесійнае свята… Сёлетні выпуск Грабёнскай школы — таксама выхаванцы Марыі Аляксандраўны Буркун. Жанчыны, у якой удала спалучыліся рысы патрабавальнага адміністратара і пяшчотнай, як мама, першай настаўніцы…

Традыцыю працы настаўнікаў пачатковых класаў-мужчын у Чарнаградскай школе падтрымлівае наш няштатны аўтар Фёдар Дзмітрыевіч Анцыпіровіч, выпускнік філалагічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, ураджэнец Бялыніччыны.

— Упершыню я пераступіў парог гэтай школы 25 гадоў таму, 5 верасня, — прыгадвае ён. — Прыязна сустрэла мяне тагачасная загадчыца Лізавета Тураўская. А калі яна пайшла на пенсію, мяне прызначылі загадчыкам школы. На гэтай пасадзе працаваў больш за сем гадоў. Тады мы правялі сюды ваду. Вялікую дапамогу аказаў старшыня калгаса Шыфрын. Абклалі белай цэглай будынак, абабілі памяшканні драўлянымі панелямі, паклеілі шпалеры. На той час істотную дапамогу аказваў і сельвыканкам, які ўзначальвала Быкава. Яна заўсёды прыязджала да нас, цікавілася справамі. Пыталася, што патрэбна для школы, выдаткоўвала грошы… З’явілася школьная мэбля, шафы, на вуліцы — спартыўныя снарады… Усё функцыянуе і дагэтуль. З цягам часу вучняў станавілася больш, адпаведна павялічвалася і колькасць настаўнікаў.

На год пазней за яго ў гэтую школу прыйшла Наталля Мікалаеўна Крук (на здымку са сваім класам).

— Я заканчвала Магілёўскае педвучылішча, — распавяла настаўніца. — Займалася на «4» і «5», таму ішла ў першых радах на размеркаванне. Прапаноўвалі Чэрвеньскі, Бярэзінскі раёны і горад Мінск. Не ведаю, цяпер, можа, выбрала б сталіцу. А тады хацелася — маленькі гарадок. Прыехала на Чэрвеньшчыну. Накіравалі спачатку ў Горкі. Паглядзела школу. Тры пачатковыя класы, 25 чалавек. А калі прыехала ўжо з сумкамі і зайшла ў раяна, мяне ўбачыла дырэктар Ялчанскай школы. І забрала да сябе.  Прыехалі мы ў Ялчу. Ну што, тыя ж самыя 25 чалавек, тры класы. Сядзяць у адным памяшканні ў тры рады. Пішу 16 планаў. І кожны пачынаецца словамі «Добры дзень, дзеці» і заканчваецца «Урок закончаны». А думка толькі адна: «Калі дапрацую да першых вакацый, значыць, жыць буду!» (смяецца) А ў другой чвэрці тут, у Чарнаградскай школе, захварэў настаўнік. І я каля месяца і тут працавала. А ў Ялчы яшчэ была няштатнай піянерважатай. І на ўсё энергіі хапала! Год папрацавала — паступіла ў БДУ. Не хацелася мець два аднолькавыя дыпломы, таму — на гістфак. Выйшла замуж — і перавялася ў Чарнаградскую пачатковую. Ведаеце, калі б мне давялося наноў выбіраць прафесію, усё роўна выбрала б такую, бо працаваць прадметнікам — гэта весці штосьці адно. А мне, па шчырасці, нецікава. Хочацца чагосьці яшчэ. А гісторыя спатрэбілася — па прадмету «Мая Радзіма — Беларусь». Навінкі беларускай мовы таксама цікавяць. Матэматыка — любімы прадмет з дзяцінства. Люблю спяваць, таму наведваю хор у сельскім Доме культуры. Калі даўней спевы вялі, у мяне цяжкасцяў не было…

Колішняя каляжанка Наталлі Мікалаеўны па Ялчанскай школе Марыя Фёдараўна Дайняк, беларускі філолаг па адукацыі, і зараз працуе побач з ёю, толькі ўжо ў Чарнаградскай школе. Крыху пабыла на пенсіі — і яе зноў запрасілі на працу. Вопытны педагог з вялікім стажам дае дзецям трывалыя веды.

Намеснік дырэктара, выкладчыца нямецкай мовы Таццяна Анатольеўна Пуплікава на Чэрвеньшчыну пераехала з Казахстана ў 1997-ым. У школе — з 1998-га… Ужо асвоіла беларускую мову. І настолькі шчыра захапілася гісторыяй установы адукацыі, што ў размовах называе яе толькі «наша школа», а Чарнаградзь — «наша вёска».

Другі год працуе ў школе малады спецыяліст Юлія Мікалаеўна Ляшкевіч. Адміністрацыя вельмі задаволена яе працай, якая з’яўляецца прыкладам найноўшага падыходу да навучання. Настаўніца мае ноутбук, умее рабіць з яго дапамогай прэзентацыі. Менавіта дзякуючы ёй школа ўдзельнічала ў конкурсе доследных работ малодшых школьнікаў.  Добры спецыяліст, кажа дырэктар, таленавітая. Шмат што ўмее рабіць сваімі рукамі і вучыць гэтаму дзетак.

Як і выхавальніца Вікторыя Уладзіміраўна Церахава, якая прыехала з Казахстана. Захапіла дзяцей лепкай, і малыя з задавальненнем асвойваюць работу з дробнымі дэталямі.

Побач з Вікторыяй Церахавай працуе выхавальніцай Алена Андрэеўна Андрончык. Яна — вопытная, з вялікім стажам. Ведае работу, педагогіку і псіхалогію дзіцяці, праводзіць шмат мерапрыемстваў. Умее наладзіць кантакт з бацькамі. А дзеці любяць абедзвюх выхавальніц.

З малымі дзеткамі працуюць таксама памочнікі выхавальнікаў Зінаіда Мікалаеўна Заголька, Ларыса Васільеўна Русецкая (выпускніца гэтай школы). Смачна корміць усіх повар чацвёртага разраду Святлана Мікалаеўна Пачасуй, якой дапамагае кухонная рабочая Наталля Леанідаўна Яўсюкова. А пра гаспадарку ўстановы адукацыі клапоціцца Жанна Рыгораўна Заголька… Музыку і спевы выкладае сумяшчальнік — настаўніца Новазелянькоўскай школы Галіна Іванаўна Пракаповіч.

* * *

«Ну вось, бадай што, і ўсё… І ў той жа час — далёка не ўсё. Наперадзе ў Чарнаградскай пачатковай — шмат добрых спраў і здзяйсненняў.

З юбілеем, школа! Няхай яшчэ доўга-доўга ты будзеш закладваць асновы добрага, разумнага, вечнага ў сэрцы і душы сваіх выхаванцаў. А яны — пакаленне за пакаленнем, з агеньчыкам у вачах — няхай спяшаюцца ў сваю маленькую, утульную, прыязную, незабыўную, першую ў жыцці — ШКОЛУ…

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *