Знайсці сваю сцяжынку

Люди и судьбы

Знайсці сваю сцяжынку… Часта прыгадвае Святлана Тадэвушаўна Жыгалка сваю родную Смілавіцкую школу, клас. Ёй, як і многім вучням, пашанцавала. Слаўны чалавек, таленавіты педагог, Заслужаны настаўнік Беларусі Марыя Серафімаўна Юрэвіч выкладала ў іх гісторыю. Столькі ўжо прайшло часу, а тыя ўрокі не забываюцца. Як добра, калі побач аказваюцца людзі, якія ўмеюць своечасова заўважыць цябе, падтрымаць, дапамагчы знайсці сваю сцяжынку. Так, не выпадкова Святлана Тадэвушаўна вырашыла паступіць у Мінскі педінстытут імя М.Горкага, стаць гісторыкам, а пасля яго заканчэння вярнуцца на родную Чэрвеньшчыну.

Вераснёўскім ранкам 1981 года школьны званок упершыню запрасіў маладую настаўніцу Азёрнаўскай васьмігадовай школы С.Т.Жыгалка на ўрок. А праз год, калі ў Смілавічах пабудавалі новую школу, перайшла туды. 25 год мінула з таго часу. 24 гады Святлана Тадэвушаўна выкладае гісторыю ў СШ №2 г.п.Смілавічы, з іх пяты год з’яўляецца намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Удумлівы, старанны, кваліфікаваны педагог, зычлівы, тактоўны і ўважлівы чалавек, надзейны ў працы і ў жыцці.

У кожным вучні яна бачыць асобу, адшуквае да трапяткіх дзіцячых сэрцаў сваю адметную, непаўторную сцяжынку, вучыць дабрыні і спагадзе.

Не так проста Святлане Тадэвушаўне Жыгалка было знайсці сваю сцяжынку — вузенькую, ледзь прыкметную, якая выраўнялася і стала шырокай дарогай, вывела ў жыццё, няхай не вельмі лёгкае, але напоўненае шчасцем любімай працы.

Людміла Драпеза, настаўніца СШ №2 г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *