Тыдзень метадычнай вучобы

Общество

Як паведамляў ужо «Раённы веснік», ва ўстановах адукацыі Чэрвеньшчыны прайшоў педагагічны марафон «Інтэлект. Інавацыі. Поспех». Раённыя мерапрыемствы адбыліся на базе гімназіі №1, СШ №3, СШ №4, ясляў-сада №1 г.Чэрвеня, Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Удзел у іх узялі 200 педагогаў. Хацелася б распавесці пра найбольш яркія моманты марафону.

У яго рамках праведзены конкурсы метадычных распрацовак «Мой любімы ўрок» і «Партфоліа педагога». Пераможцамі першага прызнаны настаўнікі: пачатковых класаў СШ №4 — Н.Шмідава, рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 г.Чэрвеня — Н.Камінская, англійскай мовы Новазелянкоўскага д/с-СШ — Г.Зыль, геаграфіі і гісторыі Турэцкага д/с-БШ — В.Уласавец. Усе яны занялі вышэйшую прыступку п’едэстала гонару. А ў конкурсе партфоліа месцы размеркаваліся наступным чынам. Першае аддадзена настаўніку працоўнага навучання СШ №2 г.п.Смілавічы А.Кулага, другое — настаўніку фізікі СШ №1 г.п.Смілавічы А.Шабусаву, трэцяе — настаўніку матэматыкі гімназіі №1 г.Чэрвеня Н.Пабойкінай і настаўніку гісторыі Лядзенскага д/с-СШ Г.Бабічу. Усе яны ў Дзень настаўніка-прадметніка атрымалі ад начальніка аддзела адукацыі Л.Асановіч Дыпломы і памятныя падарункі.

У гэты ж дзень педагог-псіхолаг Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Н.Роскач прапанавала прысутным тэст. Адказаўшы на яго пытанні, настаўнікі змаглі даведацца пра свой творчы патэнцыял. Таксама яны прысутнічалі і на шэрагу іншых мерапрыемстваў.

Падчас Дня маладога спецыяліста аддзел па справах моладзі райвыканкама ўзнагародзіў за актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах памятнымі сувенірамі і падарункамі настаўнікаў: СШ №4 — Г.Кудзіну і Ю.Рэуцкага, гімназіі №1 г.Чэрвеня — П.Алексіевіча, Запольскай СШ — В.Палячкова, Раваніцкага д/с-СШ — Х.Судак. Дарэчы, двое апошніх, а таксама настаўнік Руднянскага д/с-СШ Н.Дзяруга і настаўнік СШ №4 Г.Савайтан прадставілі яркія самапрэзентацыі па тэме «Мая прафесія — настаўнік». Усе маладыя спецыялісты наведалі прэзентацыю эфектыўнага педагагічнага вопыту — урок рускай мовы настаўніцы СШ №3 г.Чэрвеня Л.Качан.

У рамках правядзення Дзён работніка дадатковай адукацыі, класнага кіраўніка, работніка сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы настаўнік геаграфіі СШ №3 г.Чэрвеня І.Русіновіч прачытала лекцыю «Роля дарослага ў фарміраванні грамадзяніна і патрыёта», у якой пазнаёміла з вопытам работы сваёй установы адукацыі па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню.

Як заўсёды, запамінальнымі і карыснымі сталіся майстар-класы, падчас якіх прысутныя шмат чаму навучыліся. Іх правялі кіраўнікі гурткоў «Цуда-гліна» К.Асадулаева, бісерапляцення — Н.Кучук (Цэнтр дзіцячай творчасці г.Чэрвеня), «Дзіцячая майстэрня» — І.Пазняк, «Мяккая цацка» — Т.Ваўчок (Цэнтр дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы).

У Дзень работніка метадычнай службы за «круглым» сталом сабраліся настаўнікі-філолагі. Размова тут ішла пра інавацыі. У прыватнасці — пра выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўсіх этапах традыцыйнага ўрока. Бо яна — не толькі экран для паказу мультымедыйных прэзентацый, але і зручнасць пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні навыкаў і ўменняў, правядзенні рэфлексіі, абагульнення, кантролю.

Кіраўнік метадычнага аб’яднання філолагаў СШ №4 г.Чэрвеня С.Няборская пазнаёміла прысутных з інфармацыяй, атрыманай на мэтавых курсах у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, па выкарыстанню праграм, якія дазваляюць самастойна рыхтаваць тэсты для камп’ютарнага выкарыстання, ажыццяўляць дыстанцыйнае навучанне.

СШ №2 г.Чэрвеня прэзентавала работу школьнага навуковага таварыства пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара І.Сармант. Яно ўключае ў сябе секцыі эка-біёлагаў, лінгвістаў, гісторыкаў і секцыю «Юны даследчык». А такая іх форма работы, як экспертыза-прэзентацыя даследаванняў, ужо мае свае значныя вынікі.

А яшчэ ў Дзень работніка метадычнай службы педагогі і намеснікі дырэктараў прадставілі цікавыя справаздачы па самаадукацыі. Пра творчыя самаразвіццё і самарэалізацыю настаўніка ў розных відах дзейнасці распавяла намеснік дырэктара гімназіі №1 г.Чэрвеня Г.Драздова, вопыт практычнага выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў, якія забяспечваюць аптымізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу, — намеснік дырэктара СШ №2 г.п.Смілавічы А.Ільясевіч, пра імідж сучаснага настаўніка — настаўнік матэматыкі Руднянскага д/с-СШ Л.Шыдлоўская. Прысутныя наведалі таксама ўрок гісторыі ў сёмым класе СШ №4 г.Чэрвеня «Вытокі Адраджэння і гуманізму», які правяла настаўнік С.Няборская.

Падчас Дня кіраўніка прэзентацыю вопыту пераможцаў спаборніцтва «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» сярод устаноў адукацыі Чэрвеньшчыны ў 2010-2011 навучальным годзе прадставілі кіраўнікі СШ №2 г.п.Смілавічы, Руднянскага д/с-СШ, СШ №4 г.Чэрвеня, Запольскай і Валевачоўскай СШ, Турэцкага д/с-БШ, Цэнтра дзіцячай творчасці г.Чэрвеня.

Пра ўплыў рэалізацыі педагагічных праектаў на імідж установы адукацыі распавяла выконваючы абавязкі дырэктара гімназіі №1 г.Чэрвеня Ю.Сударыкава, укараненне аўтарскай праграмы выхавання вучняў сродкамі музейнай педагогікі — дырэктар Грабянецкага д/с-БШ А.Пінчук.

Падчас падвядзення вынікаў педагагічнага марафону начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Асановіч прапанавала праводзіць такія мерапрыемствы і ў наступным навучальным годзе. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі адзначылі, што марафон — гэта метадычная вучоба ў спалучэнні з прэзентацыяй, распаўсюджваннем эфектыўнага педагагічнага вопыту ўсіх катэгорый педагогаў.

Вольга ЛОСІК,

загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама.

Падчас педагагічнага марафону. Фота Вольгі Лосік.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *