АРКАДЗЬ ХРОМАЎ І ЯГО ДАРОГА ПРАЗ ЧУЖЫНУ

Общество

Нягледзячы на шаноўны ўзрост, а яму першага студзеня споўнілася 83 гады, гэты чалавек вызначаецца бадзёрасцю, выдатнай памяццю і не жадае здавацца старасці. Ён заўжды акуратна апрануты, прыязны ў размовах з людзьмі. У агародзе пры драўляным доме на скрыжаванні вуліц Гарбачова і Кастрычніцкай ў Чэрвені сам зладзіў дзве шкляныя цяпліцы, якія радуюць ураджаем. Ведаючы яго адмысловае  майстэрства,  багаты вопыт наладчыка вымяральных прыбораў і аўтаматыкі, кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгулярна запрашае памагчы ў падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезону і забеспячэнні надзейнай работы абсталявання газавай кацельні. Гэтае адчуванне сваёй патрэбнасці таксама прыдае яму сілы.

У невялічкім светлым пакойчыку голас Аркадзя Антонавіча гучыць выразна і пранікнёна.  А размаўляем мы аб яго прымусовым знаходжанні падлеткам у фашысцкай Германіі. Падобны лёс у вайну выпаў многім малалетнім вязням, якія траплялі ў чужую варожую краіну. Цяжка нават уявіць, колькі роспачы, колькі страху, колькі адчайнага, безвыходнага гора дасталася ім… Многае перажыў  і  Аркадзь Хромаў. А было яму ў той час пятнаццаць гадоў.

— Нагадайце, калі ласка, як сталася, што Вы апынуліся ў Германіі?

— Было гэта ў красавіку 1944 года. Немцы ўздумалі напрыканцы Чэрвеня з боку Магілёўскай шашы ставіць загароджу з дроту і мініраваць. Па цяперашніх вуліцах Гарбачова, Кастрычніцкай ажно да Барыкіна яна існавала ўжо. І пасты меліся…

— Навошта?

— Лес блізка быў, баяліся партызан. Часам даходзіла да смешнага. Нашы суседзі трымалі свінню. Карміць не было чым, дык выпускалі на траву, якой па вуліцы шмат мелася. Жывёліна бывае дакранецца да загароджы, міны спрацуюць і немцы бягуць сюды: што такое, што здарылася, ці не дыверсія якая? Залатаюць у тым месцы загароджу, а праз некаторы час свіння зноў “дыверсію” ім падстроіць. Дык яны ўрэшце яе застрэлілі.

— А партызаны трывожылі?

— Падбіраліся. Некалькі мясцовых жыхароў, якіх сілком узялі ў паліцыю, падтрымлівалі з імі сувязь. Падчас адной з аперацый яны разам з партызанамі таксама падаліся ў лес. Неўзабаве фашысты даведаліся пра гэта і ўсе іх сем’і расстралялі…  Яны прадчувалі небяспеку з боку Магілёўскай шашы, таму спяшаліся паставіць і там агароджу. Патрэбны былі памагатыя — падносіць колікі, да якіх прымацоўвалі дрот. Сярод іншых загадалі і мне гэта рабіць. А якраз самае веснавое разводдзе, ногі вымаклі. Два дні пахадзіў — на трэці тэмпература падскочыла, губы абсыпала ад прастуды. Застаўся дома. І вось грукае ў дзверы паліцай, пытае: “Чаму не з’яўляешся на работу?”.

— Бачыш, кажу, — у якім я стане, не магу…

Ён за мяне і прыводзіць у турму да немца. Той праз перакладчыка гаворыць: “За непавінаванне нямецкай уладзе будзеш пакараны.” Ну што ж — чакаю таго пакарання…

— Дамоў пусцілі?

— Не, у камеру адвялі. А раніцай разам з іншымі на машыну — і павезлі. Куды — не ведалі. Хтосьці ў надзеі кажа: ”Мо партызаны па дарозе адаб’юць нас?” Але тое жаданнне не збылося. Прывезлі ў Мінск ў турму  на Валадарскага. Адтуль праз два дні — на вакзал, загрузілі ў вагоны і цэлым эшалонам па чыгунцы ў Германію. Цесната ў вагоне — не прадыхнуць. Глытнуць свежага паветра выпадала толькі тады, калі зрэдку цягнік спыняўся на некалькі хвілін. Прыехалі ў Берлін — і раптам паветраная трывога. Сірэны  равуць — жах! Нас усіх у метро пагналі. Перачакалі там — і зноў у вагоны. Ноч яшчэ ехалі. Раніцай поезд спыніўся, затым загадалі пастроіцца ў калону і ісці ў лагер. Там выдалі робу, драўляныя кандалы, куртку і пагналі за тры кіламетры на завод. Займаў ён даволі вялікую тэрыторыю, быў удала замаскіраваны. На жалезных слупах і дахах нацягнута сетка зялёнага колеру. Ад слупоў адыходзілі зялёныя, нібы сапраўдныя, галінкі.

— І які гэта быў завод?

— Самалёты “юнкерсы” выраблялі.

— А малалеткі навошта там былі? Яны ж нічога, можна сказаць, не ўмелі.

— Нас вучылі, меркавалі, што будзем увесь час рабамі Германіі. Гітлер жа паабяцаў сваім суайчыннікам, што калі заваюе Расію, яны дваццаць гадоў не будуць працаваць… Кожнаму з нас вызначылі, якую будзем выконваць работу — токара, фрэзероўшчыка, зваршчыка… Мяне і яшчэ аднаго хлопца павялі ў цэх, дзе збіралі маторы самалётаў. Прыставілі да немца. Той праз перакладчыка загадвае: “Разбірайце!”. А я так аслаб за дарогу, што не магу скрануць гайку. Напарнік таксама. Падышоў яшчэ адзін немец і зрабіў  гэта,  паказаў, як складваць дэталі. Праз некаторы час камандуе: “Збірайце!” А як? Нічога ж не запомніў. Зноў паказвае…

— І доўга асвойвалі гэтую навуку?

— Амаль паўгода, пакуль навучыліся самастойна працаваць.

— А чым вас кармілі?

— Якая там яда… Прывязуць бручку, памыюць, засыплюць у штосьці падобнае на  сіласарэзку — чах-чах-чах — і ў кацёл. Звараць вось такой баланды, часам некалькі бульбін дадуць, на падліўку — вустрыцы, салёныя-салёныя, не ўзяць у рот. Хлеба амаль не бачылі. Мне зрэдку немец лустачку прыносіў.

— З чаго б гэта?

— Казаў, што ён — камуніст-тэльманавец. Але  тое было на іншым заводзе. Я ўжо з суцэльнай нямецкай тарабаршчыны пачаў разумець асобныя словы, пасля і сказы. Гэты немец быў з Лейпцыга.

— А  чаму патрапілі на іншы завод?

— Мясцовасць, дзе мы працавалі, пачалі “прашчупваць” самалёты. Як толькі сірэны заравуць, спецыяльна абучаныя людзі дымавыя завесы рабілі. Мы ў такія моманты павінны былі пакідаць цэх і хавацца ў прызначаным месцы. Але я падумаў: калі скіне бомбу — усім капец, альбо засыпле і доўга мучыцца будзеш. Нагледзеў сабе схованку за высокім бардзюрам. Паглядаю адтуль у неба і душа радуецца ад таго, што на немцаў страх наганяе. Некалькі дзён запар з’яўляўся гэты самалёт. Але ляцеў ён высока і, мабыць, не бачыў замаскіраваны завод. Толькі нейкі кружок у небе пакідаў. А аднойчы з’явіліся некалькі самалётаў. Першы паставіў у небе кружочкі і пачалі бамбіць. Ды так дакладна! За агароджу ніводная бомба не патрапіла — усе на завод ляглі. Назаўтра яшчэ дабавілі — ушчэнт і разбілі яго.

— Сярод зняволеных ахвяры былі?

— З нас ніхто не пацярпеў. Немцы падагналі да баракаў машыны і павезлі ў іншае месца. Там у лесе таксама завод быў. Адразу яго і не згледзіш. Метраў на 20 увышыню участак зямлі, за якім абрыў і далей зямля роўная. Немцы пракапалі ў сярэдзіне зямлю і пабудавалі там гэты завод. А наверсе раслі дрэвы, кусты.

— І што там выраблялі?

— Ракеты далёкага палёту “фау-1” і “фау-2”. Імі немцы бамбілі Лондан. Мяне ад аднаго майстра перадавалі другому, трэцяму, каб асвоіў тэхналагічны працэс канвеера. Тут таксама каля шасці месяцаў працаваў. Кожны дзень адно і тое ж: знясільваючая работа, галоднае існаванне. А ў снах — родныя краявіды, родная гаворка, родная хата на Чэрвеньшчыне… Нібы прадчуванне. Аднойчы той мой знаёмы немец паехаў у Лейпцыг, але ў сваю кватэру не трапіў, яе разбамбілі. Вярнуўся і кажа: “Хутка тут будуць рускія”. Неўзабаве стала вядома, што ў гэтым накірунку наступаюць з аднаго боку амерыканцы, з другога — савецкія войскі. На завод нас ужо не ганялі. Мы думалі, што немцы рыхтуюцца яго ўзарваць. З лагера нікога не выпускалі. Есці ўвогуле нічога не давалі. Дык мы паздымалі з падушак навалачкі, прымацавалі да змайстраваных драўляных рагатак і лавілі ў рэчцы рыбу. Ёю харчаваліся два дні. На трэці немец гаворыць: “Дзеці, уцякайце! Заўтра вас усіх расстраляюць”. Мы раніцай, ледзь свет, на прахадную — ён і выпусціў…

— Многа вас было?

— Чалавек сорак, увесь барак — беларусы, украінцы, рускія. А ў іншых жылі французы, італьянцы. Што з імі сталася, не ведаю.

— І што пасля? Вакол жа немцы.

— Мы ўцякалі лесам. Вёскі абміналі. Арыентаваліся па сонцу на ўсход. Для бяспекі падзялілія на некалькі груп.  І што цікава… У мяне даты супалі. З Чэрвеня 19 красавіка 1944 года вывезлі ў Германію і вось праз пакутлівы год 19 красавіка давялося вырвацца на волю. Праз некалькі дзён выйшлі да дарогі. Па ёй рухаліся машыны. З адной нас заўважылі на ўскрайку лесу, выстралілі і загадалі па нямецку: “Рукі ўгору!” Потым агледзеліся,  пытаюцца: “Вы нашы, рускія?” Так, крычым у адказ, свае, рускія! Расказалі, адкуль уцяклі, паказалі, у якім накірунку знаходзіцца ракетны завод. Аказваецца, яго хацелі захапіць амерыканцы, але бліжэй за іх былі ўжо савецкія войскі…

— Вы з імі засталіся?

— Не, нам выдзелілі суправаджаючага і накіравалі ў штаб.

— Што Вы адчувалі ў той момант?

— Радасць ад таго, што неўзабаве дома буду. Але насамрэч здзейснілася гэта не так хутка.

— Чаму?

— У штабе быў асобны аддзел. Пэўны час правяралі кожнага: хто, адкуль, як трапіў у Германію. Потым старэйшых у войска ўзялі, а мой год не падыходзіў. Сказалі: будзеш пакуль што ў прыёмна-перасыльным пункце па рэпатрыяцыі савецкіх грамадзян. Працаваў на падсобнай гаспадарцы, якая засталася ад немца-уцекача. І вагоны разгружаў, кідаючы позірк на вялікі прымацаваны на пероне плакат “Родина вас не забыла. Родина вас ждёт!”  А затым мне і яшчэ некалькім даручылі гнаць з Германіі на ўсход  статак чорна-пярэстых кароў. Немцы ж за вайну амаль што ўсю жывёлу вывезлі ці парэзалі. Калі прыйшлі да мяжы з Польшчай, нас спынілі. Ветэрынары павінны былі агледзець кароў, каб не занесці якую-небудзь хваробу. І вось аказалася, што яны хворыя на яшчур. Капыты гнілі, каровы не маглі ўжо ісці. Гнаць іх далей забаранілі. Побач знаходзіўся перасыльны пункт, нас туды накіравалі. І ўжо адтуль праз некаторы час — вагон, дарога, мінскі вакзал, Чэрвень, радасць сустрэчы з роднымі.

— Пэўна ж, нейкія дакументы мелі на руках, бо некаторым з тых, хто знаходзіўся ў Германіі, не было даверу…

— Мяне гэта абмінула. А з дакументаў даведкі меў. Да сённяшняга дня захоўваю іх.

— Цікава, што там напісана?

— Зараз прачытаю: ”Прыёмно-передаточный пункт г.Азенах па репартриации советских граждан. Выдано Хромову Аркадию Антоновичу в том, что он с 5 мая 1945 г. по 17 ноября 1945 г. работал в лагере приёмно-передаточного пункта г. Айзенах…” А вось з гэтым пасведчаннем я павінен быў з’явіцца ў мясцовы орган НКВД. У ім напісана: “Выдано Хромову Аркадию Антоновичу в том, что он с 14 по 20 декабря 1945 года содержался в лагере 256 проверочно-фильтрационного пункта НКВД СССР и следует к избраннному месту жительства — Минская область, город Червень. Удостоверение должно быть сдано в местный орган НКВД для получения вида на жительство…”

— Як склаўся,  Аркадзь Антонавіч, Ваш далейшы лёс?

— Неўзабаве ў ваенкамаце прапанавалі паехаць у Шчокіна Тульскай вобласці вучыцца ў ФЗО на шахцёра. Патлумачылі, што буду на поўным дзяржаўным забеспячэнні: адзенне, ежа — 600 грамаў чорнага хлеба, 600 — белага, супы і ўсё астатняе… Закончыўшы, працаваў на шахце. Масква ў той час абагравалася вуглём, вось мы і дабывалі яго. А праз пяць гадоў вярнуўся дамоў. Закончыў у Мінску курсы наладчыка вымяральных прыбораў і аўтаматыкі, працаваў на малочным заводзе ў Чэрвені, затым працяглы час на пуска-наладачным участку будаўніча-мантажнага ўпраўлення Міністэрства мяса-малочнай прамысловасці. Увесь час ездзіў у камандзіроўкі.

Маскоўскае кіраўніцтва нашай арганізацыі заказвала за мяжой малочныя заводы. Завозілі іх са Швецыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, а мы манціравалі абсталяванне, рабілі наладку аўтаматыкі.

— І дзе, у прыватнасці?

— У Брэсце, Кобрыне, Асіповічах, Маладзечне, Беразіно. Я быў вядучым спецыялістам, хоць і не меў вышэйшай адукацыі. Галава добра працавала. Калі ўсе заводы запусцілі ў работу, мне выдзелілі напарніка і даручылі забяспечваць тэхнічнае абслугоўванне Асіповіцкага, Пухавіцкага, Бярэзінскага, Барысаўскага і Чэрвеньскага малочных заводаў. Аднойчы дырэктар Чэрвеньскага завода пытаецца: “Не надакучыла, Антонавіч, па камандзіроўках ездзіць?” “Ды ўжо і надакучыла“, — адказваю. Прапанаваў перайсці на завод. Я згадзіўся і працаваў тут да пенсіі.

— Бачу, у Вас на стале стос грамат…

— Гэта ўсё за маю працу і грамадскую работу ў народным кантролі. А вось пасведчанні рацыяналізатара. Пятнаццаць іх маю. Захоўваю і віншаванні Прэзідэнта з Днём Перамогі.

— Карціць запытацца, Аркадзь Антонавіч, кім даводзіцца Вам жанчына, якая гасцінна прапанавала накрыць стол.

— Далёкая сваячка маёй памерлай жонкі. Яна ўвогуле дзіцём трапіла на чужыну.

 

Да расповяду Аркадзя Антонавіча з хваляваннем далучаецца сваім шчымлівым успамінам Тамара Лявонаўна Шымонава:

“Вёску нашу на Віцебшчыне немцы спалілі, а людзей вывезлі ў Германію. Я была самая меншая — усяго два з паловай гады, брат і сястра трохі старэйшыя. Спачатку нас з бацькамі памясцілі ў канцлагер. Умовы там былі жудасныя. Да таго ж у брата і сястры, іншых вывезеных дзяцей бралі кроў для нямецкіх параненых салдат. Потым нас выкупіў баўэр, працавалі ў яго на гаспадарцы. Цяжка было, мама вельмі перажывала за нас, там і памерла. А мы ў 1945 годзе з бацькам вярнуліся. Мне было ўжо пяць гадоў. На месцы спаленай вёскі бацька зладзіў зямлянку, у ёй і туліліся. Цяжка было, пакуль выбіліся ў людзі…”

 

Калі гэты ўспамін саступае месца прыемнаму для іх абодвух клопату збірацца на адпачынак і лячэнне ў ваенны шпіталь, мы развітваемся.

Аляксандр БУШЭНКА.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 

У тэму:

У нямецкай мове ёсць слова “цвангсарбайтэр”. Калі перакласці яго, то атрымаецца “прымусовыя работнікі”. З Беларусі больш як 24 тысячы хлопцаў і дзяўчат, часам амаль дзяцей, былі насільна вывезены ў Германію на прымусовыя работы. А ўсяго каля 400 тысяч жыхароў, з іх 1040 чалавек — з Чэрвеня.

Гвалтоўны вываз на катаржныя работы ў Германію з’яўляўся часткай палітыкі каланізацыі і генацыду фашыстаў. Ён насіў масавы, планамерны характар і меў пэўныя мэты. На Нюрнгбергскім судовым працэсе над нямецкімі ваеннымі злачынцамі  быў прадстаўлены гітлераўскі сакрэтны мемарандум ад 12 мая 1944 г., у якім прама адзначалася, што намечаная адпраўка з Беларусі ў Германію 40-50 тыс. падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў “мае мэту не толькі прадухіліць умацаванне ваеннай сілы ворага, але таксама скараціць яго біялагічны патэнцыял у будучым”.

Па-рознаму склаўся іх лёс. Многія восенню 45-га вярнуліся дамоў, некаторыя засталіся на захадзе, а хтосьці загінуў і назаўсёды застаўся ляжаць у чужой зямлі…

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *