Сярод гэтай прыгажосцi i сама душою прыгажэеш

Общество

Часта можна бачыць, як жыхары  ды наведвальнікі пасёлка Смілавічы міжволі запавольваюць крок і ўрэшце прыпыняюцца ля цэнтральнага сквера каледжа, каб палюбавацца тутэйшай прыгажосцю. А дэлегацыя расіян з горада-пабраціма Юбілейнага падчас наведвання нашага раёна нават стварыла фільм аб добраўпарадкаванні тэрыторыі гэтай навучальнай установы. Яны будуць у сябе ўкараняць смілавіцкі вопыт.

Вачэй не адарваць ад казачных герояў. Дзеткі бягуць да сіўкі-буркі, каб пагладзіць яе, датыкнуцца да чароўнага воза, у якім цудаў усялякіх шмат.

Дызайн атрымаўся арыгінальны. Выкарыстана наша родная бяроза. Вабяць вока ветраны млын, сапраўдная колішняя калода для пчол, сячкарня пужае злыя духі — парэжа іх, як салому. Вылазіць з балотца жаба-царэўна. Буслы вітаюць наведвальнікаў. Два камяні “хаваюць” пад сабою падземныя каштоўныя самацветы. Сустракае ўсіх багіня. Яна запрашае:”Адпачніце! Палюбуйцеся нашымі кветкамі, зялёнымі дыванамі. Удыхніце водар ліпы, блакітных елак”. Паходзіць чалавек — грыб-баравік з чорнай галоўкай “знойдзе”.

Не менш прывабны і двор каля навучальнага корпуса нумар 5. Тут масток вядзе ў казку, зачароўвае калодзеж з чыстаю вадою… Не пералічыць усяго, што вабіць вока. Тэрыторыя каледжа ажно патанае ў кветках, утульная, дагледжаная.  Маладыя маці прыходзяць сюды са сваімі дзеткамі не толькі палюбавацца казачнымі героямі, але каб яны і паспалі ў гаючым паветры.

Чарадзей-стваральнік прыгажосці — дырэктар каледжа Тамара Канстанцінаўна Сень. Яе памочнікі-аднадумцы — загадчыкі аддзяленняў Марыя Іванаўна Катлінская і Таццяна Аляксандраўна Ляўкоўская. Шчыруюць на добраўпарадкаванні  выкладчыкі Валянціна Мікалаеўна Варэнік, Наталля Пятроўна Снітко, Надзея Ільінічна Ярахавец, Галіна Рыгораўна Канарская, Вера Міхайлаўна Малмыга, навучэнцы каледжа.

Вельмі шмат увагі надаецца сёлета добраўпарадкаванню каледжа. Увогуле, рашучыя змены адбываюцца на ўсіх накірунках яго дзейнасці. Планы дырэктара тут успрынялі супрацоўнікі і навучэнцы і справай ператвараюць іх у яву. Яна — прыемная рэчаіснасць сённяшніх Смілавічаў. А сярод прыгажосці, як вядома, і сам прыгажэеш, робішся больш добрым, спагадлівым.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *