Заўтра была вайна

Общество

У краязнаўчым музеі Хутарскай школы захоўваецца фотаздымак, зроблены 70 гадоў назад. На ім —  першы выпуск 10-га класа 1941 года. Па святочнаму апранутыя, з прыўзнятым настроем сабраліся юнакі і дзяўчаты ў роднай школе на свой выпускны баль. Зараз юных краязнаўцаў школы зацікавіла, як склаўся далейшы лёс гэтых першых выпускнікоў 10-га класа.

… 21 чэрвеня 1941 года, у суботу, у школе панавала святочная абстаноўка. На ўрачысты вечар сабраліся выпускнікі, настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, госці з раёна. Да позняй ночы гучала музыка. Толькі пад раніцу выпускнікі пакінулі родную школу, каб сустрэць світанак новага дня і пачатак самастойнага жыцця.

У кожнага з іх былі вялікія планы, мары і задумы. Амаль усе збіраліся паступаць у інстытуты і тэхнікумы. Але іх планам, надзеям і марам не давялося збыцца. Усё гэта абарвала вайна.

Вестка аб нападзе фашысцкай Германіі на нашу радзіму з болем у сэрцы была ўспрынята савецкім народам, выклікала пачуццё патрыятызму ў моладзі. Многія выпускнікі-дзесяцікласнікі пайшлі ў партызаны, каб абараняць родную зямлю ад фашыстаў. У вёсцы Новая Ніва жыве адна з таго далёкага даваеннага выпуску — Бярнацкая (дзявочае прозвішча Харытановіч) Соф’я Пятроўна (на здымку — першая злева ў першым радзе).

Я завітаў да яе, каб больш падрабязна даведацца пра лёс яе былых аднакласнікаў.

…Побач са мной сядзіць пажылая жанчына з сівымі скронямі і маршчынкамі на твары. Калі я паказаў ёй здымак, то іскрынкі радасці засвяціліся ў вачах. Соф’я Пятроўна пачала пільна ўглядацца ў маладыя твары сваіх былых аднакласнікаў, а потым  распавяла пра кожнага з іх.

Ладуцька Міхаіл Барысавіч, ураджэнец вёскі Пятроўка, партызанскі сувязны. Бацька яго быў перад вайной старшынёй калгаса, актывіст, камуніст. Знайшоўся здраднік, які пра ўсё гэта расказаў немцам. Цяжкія здзекі і катаванні перанёс Міхаіл, але не выдаў сваіх таварышаў. Загінуў у пачатку вайны як сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы. У школьным музеі захоўваецца партрэт Міхаіла Ладуцькі. Соф’я Пятроўна расказвае пра свайго аднакласніка і слёзы раз-пораз сцякаюць па яе твары.

Панасенка Яўгеній Дзмітрыевіч — у маладым узросце пайшоў у партызаны. Пасля вайны працяглы час працаваў завучам СШ№3 г.Чэрвеня, стаў  Заслужаным настаўнікам Беларусі.

Харытановіч Мікалай Мікалаевіч — партызан. Пасля вайны закончыў Беларускі політэхнічны інстытут, быў выкладчыкам гэтай установы, кандыдат тэхнічных навук.

Белабровік Мікалай — партызан. Пасля вайны стаў інжынерам чыгуначнага транспарту, начальнікам “Мостбуда” Беларусі і рэспублік Прыбалтыкі.

Ладуцька Мікалай Ільіч — партызан. Пасля вайны шмат гадоў быў дырэктарам Горкаўскай школы.

Пяхота Сяргей Іванавіч — партызан. Пасля вайны працяглы час узначальваў Краснадарскую васьмігадовую школу.

Шапавалава (Дзенісевіч) Паша Дзмітрыеўна — шмат гадоў працавала пасля вайны ў роднай школе настаўніцай біялогіі.

Рабцэвіч Ніна Іванаўна, Любавіцкая Анелія, Мірановіч Фёдар Пятровіч, Лепеш Іван

У класе быў 21 вучань. Амаль усе яны пайшлі ўжо з жыцця: хто ў маладым узросце загінуў у час вайны, а хто — у сталыя гады. Маладосць іх была апалена вайной, поўная трывог і вялікіх выпрабаванняў.

Паважаныя чытачы, вы заўважылі, што многія вучні таго выпуску сталі настаўнікамі. Гэтая прафесія ў той час лічылася вельмі ганаровай.

Мая субяседніца Соф’я Пятроўна таксама працавала ў маладосці настаўніцай.

Як толькі Чырвоная Армія вызваліла Чэрвеньскі раён, пачалі адкрывацца школы.  Настаўнікаў не хапала. Для моладзі, якая мела сярэднюю адукацыю, арганізоўваліся кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння маладая дзяўчына працавала настаўніцай пачатковых класаў у Хутарскай школе, потым — у Барсуках, а пазней узначальвала Юравіцкую пачатковую школу. Затым была накіравана на працу ў былую Заходнюю Беларусь. Яна мела вялікае жаданне працаваць настаўніцай, таму паступіла ў Мінскі педінстытут, каб стаць выкладчыцай роднай мовы і літаратуры. Але не змагла вучыцца: інтэрната не было, стыпендыю не плацілі, а бацькі не мелі магчымасці аказваць матэрыяльную дапамогу. Таму вымушана была пакінуць вучобу ў інстытуце, хаця ў яе быў добры атэстат і вучылася яна старанна. У гэтую хвіліну Соф’я Пятроўна цяжка ўздыхнула і прамовіла: “Вінавата ва ўсім вайна.”

Закончыць свой артыкул мне хочацца словамі беларускага пісьменніка Івана Навуменкі, якія ён напісаў у адной са сваіх аповесцей: “Даруйце нам, нашы дзяўчаты, што мы былі дрэннымі кавалерамі і не ўмелі вас кахаць. Мы, можа, і навучыліся б, але вайна залішне зацягнулася, дый і мала нас вярнулася з вайны. З дзевятага класа пайшло на фронт шаснаццаць, прыйшло толькі чацвёра…”

Пётр САКАЎ, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *