Усе пытанні – на кантролі ў старшыні Дзяржкантролю

Власть

На мінулым тыдні старшыня Камітэта Дзяржкантролю Мінскай вобласці Уладзіслаў Цыдзік у чарговы раз наведаў наш раён. У пазначаны дзень ён правёў  асабісты прыём грамадзян. А папярэднічаў гэтаму прамы тэлефонны дыялог.

Жадаючых мець стасункі са старшынёй па тэлефоне  было няшмат: паступіла ўсяго 4 тэлефанаванні.  Нераўнадушная жыхарка Чарнавы прасіла пасадзейнічаць, каб хутчэй у вёсцы адчынілася бібліятэка. Па яе словах, ужо месяц кнігі ляжаць перавязанымі. Іх павінны перавезці ў іншае памяшканне. Але гэта зацягнулася, і чытачы пакуль не маюць доступу да кніг. Праблема сапраўды існуе ў вёсцы. Каб паскорыць яе рашэнне, Галіна  Васільеўна магла патэлефанаваць непасрэдна ў аддзел культуры, але чамусьці палічыла за лепшае звярнуцца да старшыні Камітэта Дзяржкантролю. Ён запатрабаваў хутчэй вырашыць гэтае пытанне.

Жыхарку г. Чэрвеня з вуліцы Зяневіча цікавіла, калі, нарэшце, у раёне будзе пабудавана станцыя абезжалезвання. Дарэчы, з гэтым  пытаннем  жыхары раёна неаднойчы звярталіся да прадстаўнікоў мясцовай, абласной і рэспубліканскай улад. Адказ быў атрыманы з кампетэнтных крыніц, яго друкавалі на старонках раённай газеты. Тыя, хто ўважліва яе чытае, не задаюць такога пытання. Нагадваем, што  наш раён увайшоў у праграму «Чыстая вада», згодна якой будаўніцтва  станцыі прадугледжана на 2011-2015 гады. Як патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалай Канапака, уся праектная дакументацыя для яе падрыхтавана. Калі адкрыюць фінансаванне з абласного бюджэту, распачнуцца работы.

Жыхарка г.п. Смілавічы звярнулася з пытаннем: ці можа яна адмовіцца ад платы за ацяпленне, якім не карысталася амаль усю зіму па прычыне яго няспраўнасці, хаця заяўку на рамонт падавала. Акрамя таго, папрасіла праверыць камунальную службу Смілавіч, ці на назначэнню  расходуюцца  будаўнічыя і аддзелачныя матэрыялы. Уладзіслаў Цыдзік даручыў намесніку старшыні райвыканкама Мікалаю Канапаку асабіста разабрацца з гэтым пытаннем.

А шматдзетная маці з в. Луч паскардзілася на няўважлівыя  адносіны  да яе кіраўніцтва ААТ “Лядзенскі”. У кватэры,  дзе яна жыве адна з трыма малалетнімі дзецьмі, няма нармальных умоў: вельмі малая плошча памяшкання—нават мэблю няма дзе паставіць, прагніла падлога. Некалькі разоў яна звярталася ў ААТ “Лядзенскі” па дапамогу, але не знайшла паразумення. А калі ўсё ж ей быў выдзелены пабудаваны дом, радасці наваселля жанчыне не давялося адчуць. Бо на другі дзень дом быў перададзены даярцы гаспадаркі. Гэты выпадак асабліва ўсхваляваў  старшыню райвыканкама Івана Муха, які таксама прымаў удзел ў “прамой лініі” і прыёме грамадзян. Рэакцыя яго была адназначнай: дасканала разабрацца і пакараць  вінаватых. Уладзіслаў Цыдзік пацвердзіў правільнасць рашэння і загадаў да 1 верасня вырашыць пытанне з забеспячэннем сям»і новым жыллём і правядзеннем якаснага рамонту падлогі ў цяперашняй кватэры.

У перапынках паміж  рэдкімі тэлефанаваннямі старшыня Дзяржкантролю вобласці вёў канструктыўную размову з прысутнымі кіраўнікамі структурных падраздзяленняў райвыканкама, цікавіўся  праблемамі, з якімі даводзіцца сутыкацца, перспектывамі развіцця кожнай галіны.

— Аналізуючы эканамічны стан спраў у раёне, — зазначыў Уладзіслаў Цыдзік, — хачу сказаць, што  ёсць шмат рэзерваў  у вытворчасці прадукцыі, яе рэалізацыі на экспарт, зніжэнні затрат, навядзенні належнага парадку на зямлі, больш эфектыўнай работы прадпрыемстваў.  Гэтыя  праблемы існуюць амаль у кожным раёне. Але хацелася б, каб у вашым іх было менш.

Уважліва заслухаў старшыня Дзяржкантролю інфармацыю намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы, начальніка аддзела эканомікі Алены Шлома, якая дэталёва расказала аб цяперашнім эканамічным становішчы раёна, перспектывах развіцця  кожнага прамысловага прадпрыемства. Пры гэтым яна дэталёва распавяла аб праблемах, што існуюць на КУП «Веска-ЭмульБіт», у Чэрвеньскім леспрамгасе, Смілавіцкім скураным заводзе.

Такі ж канструктыўны  дыялог ішоў па кожнай галіне вытворчасці: з першым намеснікам старшыні райвыканкама па  сельскай гаспадарцы і харчаванню Жаннай Церан, намеснікам старшыні райвыканкама па будаўніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Мікалаем Канапакам, намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Сяргеем Варанько.

Адразу пасля «прамой лініі» Уладзіслаў Цыдзік на працягу  больш чым двух гадзін прымаў грамадзян па асабістых пытаннях. Жадаючых мець непасрэдныя стасункі з ім было 12 чалавек. Шмат пытанняў, з якімі звярнуліся па дапамогу да Уладзіслава Цыдзіка, тычылася зямельнай службы: правільнага падзелу ўчасткаў, раўнацэннай замены іх пад будаўніцтва гандлёвага павільёна, прамаруджвання ў афармленні дакументацыі,  канфіскацыя зямлі ў асоб, якія не прыступілі да забудовы і іншыя.  Звярталіся таксама с просьбамі пасадзейнічаць у рамонце і грэйдзіраванні дарог у вёсках Турэц і Ведрыца,  хутчэйшым заканчэнні будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ЖБК «Радость и уют», у правядзенні праверкі аплаты камунальных плацяжоў, фінансавай дысцыпліны падчас рамонту фермы, засяленні жылога дома і некаторых пытанняў гандлю.

Па кожнаму з іх прынята адпаведнае рашэнне, акрэслены канкрэтныя тэрміны і адказныя за гэта. Усе, хто звярнуўся да Уладзіслава Цыдзіка, атрымаюць адказы ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны. Іх пытанні —  у яго на асабістым  кантролі.

Людміла РАБЕЦКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *