ШТО ЗРОБЛЕНА ПА НАВЯДЗЕННЮ ПАРАДКУ НА ТЭРЫТОРЫІ СЕЛЬСАВЕТА?

Местная власть

Людміла ПАСУДЗЕЎСКАЯ, старшыня Калодзежскага сельскага Савета:
— Гэтую работу мы праводзім у адпаведнасці з зацверджаным сёлета ў сакавіку на сесіі сельскага Савета планам на 2011-2015 гады па добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Ён уключае падтрыманне чысціні на прысядзібных участках жыхароў і прылеглай тэрыторыі да іх домаўладанняў, адміністрацыйных, сацыяльных і вытворчых аб»ектаў, ля помнікаў загінуўшым у вайну, на могілках. Сюды ўваходзяць таксама запланаваныя мерапрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ДРБУ-121, сферы культуры, бытавых паслуг, аховы здароўя, адукацыі па рамонту і добраўпарадкаванню размешчаных на тэрыторыі сельсавета аб»ектаў, якія знаходзяцца на іх балансе.
Усяго ў нас у 38 вёсках 1149 домаўладанняў. У іх жывуць пастаянна прапісаныя. Акрамя таго, 600 хат займаюць дачнікі. На пасяджэнні сельвыканкама замацавалі за кожнай вёскай, вытворчымі аб»ектамі гаспадарак, арганізацый і ўстаноў адказных за выкананне зацверджаных сесіяй мерапрыемстваў. Пераважная большасць — дэпутаты сельскага Савета. Менавіта ад іх уздзеяння ў многім залежыць ажыццяўленне намечанага. Усведамляючы гэта, мэтанакіравана працуюць у сваіх акругах Валянціна Міралевіч, Леанід Савіч, Таццяна Карачун, Алег Раманоўскі. Арганізаваць людзей на падкошванне травы і пустазелля, падтрыманне чысціні і парадку на ўласным падвор»і і вакол яго дапамагаюць таксама старасты. Найбольш актыўныя з іх — Ліда Зыль з Асінаўкі, Люба Клындзюк з Дамавіцка, Валянціна Маруга са Старога Пруда.
Цяжэй даводзіцца ў вёсках, дзе заселена толькі па аднаму падвор»ю пераважна старымі, нямоглымі людзьмі. У прыватнасці, Осава, Навазер»е, Каліта, Падсосны, Гарадзішча. А ў пяці вёсках увогуле няма пастаянных жыхароў. У такіх месцах непасрэдна сельвыканкам прымае належныя захады па падтрыманню чысціні і парадку. У прыватнасці, арганізоўвае падкошванне травы і пустазелля. Апроч таго, праблемай з»яўляюцца пустуючыя ўчасткі. У адпаведнасці з заканадаўствам вырашэнне яе патрабуе даволі шмат турбот і пэўнага часу. Усё, што магчыма, мы робім па пошуку спадчыннікаў, каб тыя пацвердзілі падтрыманне пабудоў і зямлі ў належным стане ці, адмовіўшыся ад спадчыны, дазволілі гэта рабіць сельскаму Савету. Пад такімі ўчасткамі занята 16,48 гектара зямлі. Дзевяць участкаў у 2,6 гектара мы ўжо зааралі. Работу гэтую працягваем.
Заключылі 632 дагаворы на вываз смецця. Некаторыя адмаўляюцца, хаця грошы за гэтую паслугу невялікія — 500 рублёў у месяц. Кажуць, будзем закопваць у зямлю. Даводзіцца тлумачыць, што такім чынам зямля таксама засмечваецца. Дамовіліся з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, што іх машына будзе збіраць і вывозіць смецце ад усіх. А затым выстаўляць грошы на аплату.
Убралі 6 самавольна зробленых звалак смецця. Раней даводзілася ліквідоўваць іх па 20. Людзі прызвычаіліся ўжо вывозіць смецце на міні-палігоны. Іх у нас 13. Сем падбуртавалі. А ўвогуле, давядзецца іх закрываць.
Пад кіраўніцтвам стараст даволі шмат зроблена людзьмі па добраўпарадкаванню сямі могілак. Толькі з размешчаных у Фёдараўску вывезена восем МАЗаў смецця, а ў Ведрыцы — сем трактарных прычэпаў яго.
Увогуле, прыкметна імкненне людзей да прыгажосці. У многіх агародчыках чысціня. Вабяць вока кветкі. Прыбрана ля дамоў. Вызначаюцца ў гэтым і дачнікі. Сёлета пафарбавана ля сядзіб 1140 пагонных метраў плоту. Устаноўлена 512 пагонных метраў новага плоту. Ну, а тым, хто напачатку не далучаўся да агульнай справы па падтрыманню чысціні і парадку, вымушаны былі выдаць 124 афіцыйныя прадпісанні. Пэўны вынік ёсць. Толькі на чатырох, хто не адрэагаваў на папярэджванні, давялося накіраваць дакументы ў райвыканкам на адміністрацыйную камісію для прыняцця мер.
Актыўныя захады даводзіцца рабіць па знішчэнню ядавітай расліны — баршчэўніка Сасноўскага. І адначасова працягваць увесь комплекс прадугледжаных планам работ па падтрыманні на тэрыторыі сельсавета чысціні і парадку.

Занатаваў А.РУЖЫН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *