І марам волю даў руплiвец на нiве радзiмазнаўства

Общество

У выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі” пабачыла свет чарговая кніжка вядомага радзімазнаўцы, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Алеся Карлюкевіча “І марам волю даў: літаратурная карта Пухавіччыны”. Несумненна — з’ява адметная ў культурным жыцці рэспублікі. Выданне — жадаемае, патрэбнае людзям.
На старонках кнігі вядзецца аповед пра сорак паселішчаў Пухавіцкага раёна, якія калісьці ўваходзілі ў Ігуменскі павет і да якіх маюць дачыненне шмат слынных сыноў і дачок беларускай зямлі, асабліва літаратараў. Іх цяжкі лёс — боль аўтара, і ён імкнецца данесці да сучаснікаў светлыя вобразы. Хтосьці з паэтаў і празаікаў нарадзіўся, вырас, жыў, іншыя працавалі, адпачывалі, сябравалі з тутэйшымі жыхарамі. Усе артыкулы прасякнуты гонарам за гэтых людзей, за свой край.

Ён звяртае ўвагу чытачоў на прыгажосць, якую, магчыма, яны самі і не ўбачылі б. Кожная пухавіцкая травінка, рэчачка — найпрыгажэйшыя, непаўторныя, асаблівыя. Ён умее іх слухаць і разумець:
“… Чуе жальбу
Вады,
Зямлі,
Цішыні,
Птушак,
Што ляцяць у вышыні.
Чуе адвечную малітву-сум
Пушчы Дукорскай шум.”
Вас чакаюць цікавыя сустрэчы не толькі з вядомымі ў грамадстве і літаратуры асобамі, але, у першую чаргу, з тымі, хто быў забыты па незалежных ад іх абставінах. Алесь Мікалаевіч вярнуў з небыцця шмат прозвішчаў. Зараз іх зоркі зіхацяць на небасхіле нашай гісторыі.
Лічу невыпадковым, а сімвалічным выданне кніжкі энцыклапедычным выдавецтвам. Сёння Алесь Карлюкевіч — энцыклапедыст, класік радзімазнаўства, якое руплівец падняў на небывалую дагэтуль вышыню. Ён абверг сцвярджэнне аб вялікай і малой гісторыі. У Алеся Карлюкевіча яна вялікая ў маленькім урочышчы, хутары, вёсачцы, мястэчку, горадзе і раёне.
Праз краязнаўства ён канкрэтызаваў глабальныя гістарычныя працэсы, зрабіў іх зразумелымі для любога чалавека незалежна ад адукацыі. Дзякуючы яму, нам бачацца адценні, робяцца высновы. На справе ажыццяўляецца палажэнне “Гісторыя — настаўніца жыцця”. Краязнаўства ў яго стала радзімазнаўствам, а не мясцовай гісторыяй. Зараз ён прыклад для ўсіх вучоных, творцаў. І я лічу яго сваім настаўнікам.
Алесь Карлюкевіч — адкрывальнік новых рупліўцаў гісторыі, мастацтва. Ён умее паказаць самыя цікавыя рысы такіх людзей, прыкладае ўсе намаганні, каб іх творы прачыталі. Менавіта гэтае шчыраванне падкрэсліў у сваім лісце да мяне вядомы маскоўскі вучоны і публіцыст, ураджэнец Ігуменшчыны А.Каўка.
Адам Мальдзіс заўважыў на прэзентацыі кнігі, што калі б былі вучоныя званні кандыдатаў, дактароў, акадэмікаў радзімазнаўства, то Алесь Карлюкевіч заслугоўвае апошняга. Ім створана школа, да яго едуць вучыцца з іншых краін. Менавіта за гэта дзякаваў Алеся Карлюкевіча на прэзентацыі кнігі першы сакратар пасольства Рэспублікі Казахстан у Беларусі Кіікоў Аскер Мейрамбекавіч.
Нельга не сказаць аб мове ўсіх яго твораў. Яна ў Алеся Карлюкевіча — родная, чыстая:
“Мая спадчына —
мова матчына
З жыццём падараваная,
Ля калыскі праспяваная,
У горы — гаючая,
У шчасці — пявучая,
У барацьбе — палымяная”.
Цалкам гэтыя радкі адпавядаюць аўтару кнігі. Ён умее знайсці простае, зразумелае, трапнае слова для характарыстыкі самых складаных з’яў, пачуццяў. Чытач з любым узроўнем адукаванасці зразумее думкі аўтара. Ён абыходзіцца без замежных слоў і выразаў (такіх ужываемых у іншых аўтараў).
Калі чытаеш Алеся Карлюкевіча, не патрэбны іншамоўныя слоўнікі. Тэкст насычаны народнай мудрасцю. У яго адсутнічаюць “шматпавярхоўныя” сказы.
Чытаецца кніга адным подыхам, нельга адарвацца. Ад старонкі да старонкі прысутнічае інтрыга — жаданне хутчэй даведацца пра наступную навіну. Сюжэтная лінія ідзе паступова, але ў суладдзі, цалкам захоплівае ў палон чытача.
Кампазіцыя твораў — народная, якасная, ад простага да складанага, з апорай на веды чалавека, на яго развагу і думку.
У кожным радку адчуваецца добразычлівасць, цеплыня, удзячнасць, хваляванне, клопат, падтрымка. Усім яго творам уласцівы высокі мастацкі густ.
Кніга стане настольным дапаможнікам у патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Зараз вельмі шмат інфармацыі ідзе да моладзі, але не хапае той, якая закранае сардэчныя чалавечыя струны падрастаючага пакалення на яго асабістую і народа карысць. Кніга адпавядае такім высокім мэтам. Аўтар паказвае, што вывучэнне гісторыі родных мясцін — аснова выхавання патрыётаў, грамадзян. Любоў да Радзімы пачынаецца з ушанавання мясцін, дзе нарадзіўся, вырас, дзе знаходзяцца магілы продкаў, карані імі зробленага, якое павінен падоўжыць нашчадак. Тут пупавіна кожнага чалавека, яго будучыня. Радзімазнаўства адкрывае людзей, іх справы, герояў, таленты, ідэалы, праблемы. І моладзі ёсць з каго браць прыклад, на каго раўняцца. Яно дапамагае выхоўваць адказнае, свядомыя адносіны да помнікаў гісторыі, прыроды. Менавіта такія функцыі выконваюць творы Алеся Карлюкевіча. Яны ж з’яўляюцца метадалагічным кіраўніцтвам у правядзенні аматарамі гістарычных росшукаў у сваіх мясцовасцях на карысць Айчыны.
Маленькі Алесік лічыў вёску Зацітава Слабада самай прыгожай мясцінай усяго свету і які пачынаўся менавіта тут. Адсюль ён марыў яго агледзець і расказаць аб сваім цудзе. Мары збыліся. Паездзіў, пабачыў ён шмат. І сапраўды — нідзе не сустрэў нават роўні роднай вёсачцы.
… Тут кахання куточак,
Маладосці цвітучы вяночак,
Незабыўная сэрцам
мясцінка,
Кожная часцінка, хвілінка,
Нагрэтая сонцам сняжынка,
Вольхі чорнай галінка.
У шматдзённай дзейнасці, у кожнай сваёй кніжцы не забывае Алесь Карлюкевіч родную Пухавіччыну, сваю пупавіну. Людзі праз яго творы даведаліся пра Зацітаву Слабаду, Пухавіцкі край — вось вам і цэнтр свету. Уздзеншчыну, Стаўбцоўшчыну вельмі часта называюць калыскай беларускай літаратуры. Мне здаецца, што вёску Зацітава Слабада і ўвесь Пухавіцкі раён прыйшоў час называць радзімай класіка нашага радзімазнаўства. Такіх вяршынь да яго ніхто не дасягнуў. Алесь Карлюкевіч ужо сёння — класік, прызнаны не вузкім колам вучоных, літаратараў, мастацтвазнаўцаў, а шырокай грамадскасцю і дзяржавай адзначаны.

***
Нельга не сказаць пра якасную працу выдавецтва ў асобах яго дырэктара Таццяны Бяловай, галоўнага рэдактара Ларысы Языковіч. Арыгінальнасць, навізна прысутнічае нават у нумарацыі старонак. Адкрываеш любую з іх — і адразу разумееш, якому артыкулу яна адпавядае.
Дарэчы, само выдавецтва арганізавала і прэзентацыю кнігі Алеся Карлюкевіча “І марам волю даў: літаратурная карта Пухавіччыны” ва ўласнай утульнай кніжнай краме. Вяла мерапрыемства прыгажуня-кіраўнік Таццяна Бялова. На ім прысутнічалі землякі Алеся Карлюкевіча, літаратары, вучоныя.
Друкары таксама вельмі добра выканалі сваю справу. Кніга атрымалася не толькі змястоўнай, але і прыгожай.
Іван ЯРАШЭВІЧ,
г.п.Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *