Без тэрмiну даўнасцi

Общество

Вось ужо і сем дзесяцігоддзяў прамінулі з таго трагічнага досвітку 22 чэрвеня, калі фашысты пайшлі вайной на нашу краіну. Менавіта тады пачаўся для яе жыхароў новы адлік горкага часу — бяды, ліхалецця, гора.

Сёння — гэта ўжо гісторыя. Адна з шматпакутных  старонак, на якой, ледзь кранеш яе згадкаю, праступае кроў. Кроў байцоў, партызан, падпольшчыкаў, кроў незлічоных ахвяр мірнага насельніцтва.

Гэта была вайна герояў за Айчыну. Героем у ёй быў кожны, хто мог і не мог стаяць у ваенным страі: баец партызанскага атрада і вясковы хлопчык, які стаў сувязным, і сівы дзядок, які паказваў партызанам сцяжынкі праз непраходныя балоты, і жанчына, якая выходжвала раненага. Героямі былі ўсе, у кім жыла вялікая любоў да Радзімы і  нянавісць да фашызму.

Так было. І мужныя партызаны, і бясстрашныя хлопчыкі, самаадданыя жанчыны і мудрыя дзядулі — усе яны ваявалі з ворагам за сабоду сваёй краіны.

Сотні, тысячы, мільёны савецкіх людзей удзельнічалі ва ўзброенай партызанскай вайне, у падпольнай дзейнасці, зрывалі ваенныя, эканамічныя і палітычныя мерапрыемствы акупантаў, абараняючы свой родны край.

У День усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны мы схіляем галовы перад подзвігам тых, хто змагаўся за свабоду на франтах, у партызанскіх атрадах, працаваў у тыле.

Беларусь стала адной з самых крывавых ахвяр масавага тэрору гітлераўцаў. Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны  ў германскім ваенным дырэктыўным дакуменце ад 13 мая 1941 года “Аб ваеннай падсуднасці ў раёне ”Барбароса” (раён ваенных дзеянняў, тыл арміі і раён палітычнага кіравання), які падпісаў начальнік штаба Вярхоўнага камандавання узброеных сіл Германіі Вільгельм Кейцель, аб’яўлена вайна грамадзянскаму насельніцтву СССР.

Гісторыя не ведала такіх разбурэнняў, такога варварства і бесчалавечнасці, якімі быў адзначаны крывавы шлях нацыстаў па нашай зямлі. Вайна прынесла гора ў кожную беларускую хату. Гітлераўцы ператварылі ў руіны 209 з 270-ці беларускіх гарадоў, знішчылі 9200 населеных пунктаў, у тым ліку 628 вёсак і пасёлкаў разам з людзьмі, расстралялі, замучылі і спалілі больш як 2 мільёна 200 тысяч чалавек, вывезлі на прымусовыя работы ў Германію 399374 чалавекі, адтуль вярнуліся на Радзіму толькі 124267. 186 вёсак так і не адрадзіліся з попелу. Сёння толькі абеліскі і мемарыялы нагадваюць пра тое, што тут жылі людзі, сеялі хлеб, гадавалі дзяцей і марылі аб будучым, якое перакрэслілі гітлераўцы.

Беларусь страціла больш палавіны свайго нацыянальнага багацця. За гады акупацыі разбурана большасць прамысловых прадпрыемстваў, вывезена альбо знішчана 96 працэнтаў энергетычных магутнасцей, 90 працэнтаў станочнага і тэхналагічнага абсталявання, узарваны і знішчаны ўсе буйныя і сярэднія масты чыгуначных і шасейных дарог, будынкі вакзалаў, дэпо, чыгуначных майстэрняў і больш як 6 тысяч кіламетраў чыгункі.

Глыбока падарванай аказалася сельская гаспадарка. Поўнасцю была знішчана грамадская жывёлагадоўля калгасаў і саўгасаў, 60 працэнтаў сялянскіх сем’яў засталіся без кароў і свіней. Акупанты забілі ці вывезлі ў Германію амаль тры мільёны галоў буйной рагатай жывёлы, 2350 тысяч свіней, захапілі 1220 тысяч тон запасаў збожжа. Былі разбураны ўсе машынна-трактарныя станцыі, разрабавана вялікая колькасць сельскагаспадарчага інвентару, у выніку чаго пасяўныя плошчы скараціліся да 40 працэнтаў ад даваеннага ўзроўню.

Прамыя страты, якія прычынілі нямецка-фашысцкія захопнікі народнай гаспадарцы Беларусі, склалі, па ўлічаных дадзеных, 75 мільярдаў рублёў у даваенных цэнах.

Усяму гэтаму варварству быў дадзены дазвол Гітлера. Яшчэ перад пачаткам вайны ён заявіў: “Салдаты! Я вызваляю вас ад такой хімеры, як сумленне! Забівайце, рабуйце, паліце!”

І гітлераўскія малодчыкі старанна ўзяліся выконваць гэтае прадпісанне. Яны падверглі наш народ нябачным дагэтуль у гісторыі мучэнням і пакутам, паслядоўна праводзілі масавыя знішчэнні мірнага насельніцтва, расстрэльвалі, вешалі, палілі жывымі невінаватых людзей, знішчалі іх у спецыяльна абсталяваных газавых камерах-“душагубках”. Ад рук акупантаў загінулі мільёны людзей, кожны трэці беларус. Наша рэспубліка страціла ў вайне самую актыўную, самую кваліфікаваную частку насельніцтва.

За тры гады акупацыі гітлераўцы правялі на тэрыторыі Беларусі 140 буйных карных аперацый. Нацысты цынічна планавалі насельніцтва рэспублікі “скараціць”: 75 працэнтаў знішчыць і дэпартыраваць, а астатнія 25 працэнтаў — ператварыць у рабоў.

Вось некалькі лічбаў па Чэрвеньскаму раёну ў дапаўненне да тых, якія называе на першай старонцы Алена Забаронак. Яны пазначаны ў Акце чэрвеньскай раённай камісіі аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне:

“…Вывезена ў нямецкае рабства 660 грамадзян, з іх мужчын — 414, жанчын — 246; расстраляны 6321 чалавек, спалена 1240 чалавек.

Вёскі, знішчаныя разам з жыхарамі і неадноўленыя пасля вайны: Буда Калодзежскага сельсавета (у лістападзе 1942 года спалена 19 двароў, загінуў 61 чалавек); Папова Града Грабянецкага сельсавета (у маі 1944 года спалена 11 двароў, загінула 55 чалавек).

Вёскі, знішчаныя разам з жыхарамі і адноўленыя пасля вайны: Дубаўручча Раваніцкага сельсавета (у лістападзе 1942 года спалена 78 двароў, загінула 240 чалавек); Усохі Грабянецкага сельсавета ( у маі 1944 года спалена 36 двароў, загінула 84 чалавекі).

Вёскі, знішчаныя з  часткай насельніцтва і адноўленыя пасля вайны: Аточная Слабада Кліноцкага сельсавета (у ліпені 1943 года спалілі 46 двароў, загінула 10 чалавек); Ачыжа Грабянецкага сельсавета (у маі 1944 года спалілі 55 двароў, загінула 180 чалавек); Азёрны Кліноцкага сельсавета (у ліпені 1944 года спалілі 6 двароў); Ваўкавыск Валевачоўскага сельсавета (у чэрвені 1944 года спалілі 12 двароў, загінула 2 чалавекі); Гарадзішча Вайнілаўскага сельсавета (у чэрвені 1944 года спалілі 23 двары, загінула 3 чалавекі); Зенанполле Лядзенскага сельсавета (у ліпені 1943 года спалілі 23 двары, загінула 2 чалавекі); Іванічы Кліноцкага сельсавета (у ліпені 1943 года спалілі 86 двароў, загінула 19 чалавек); Клінок Кліноцкага сельсавета (у ліпені 1943 года спалілі 242 двары, загінула 78 чалавек); Кобзевічы Лядзенскага сельсавета (у студзені 1943 года спалілі 29 двароў, загінула 7 чалавек); Чырвоны Бераг Кліноцкага сельсавета (у красавіку 1944 года спалілі 26 двароў, загінулі 3 чалавекі); Кутузаўка Руднянскага сельсавета (у чэрвені 1944 года спалілі 101 двор, загінула 14 чалавек); Луніца Хутарскага сельсавета (у чэрвені 1944 года спалілі 41 двор, загінула 15 чалавек); Маконь Раваніцкага сельсавета (у сакавіку 1943 года спалілі 12 двароў, загінула 34 чалавекі); Петравінка Кліноцкага сельсавета (у ліпені 1943 года спалілі 51 двор, загінула 4 чалавекі); Перуноў Мост Грабянецкага сельсавета (у лістападзе 1942 года спалілі 26 двароў, загінула 5 чалавек); Пятроўка Хутарскага сельсавета (у студзені 1943 года спалілі 26 двароў, загінула 7 чалавек); Раваніцкая Слабада Раваніцкага сельсавета (у лістападзе 1942 года спалілі 63 двары, загінула 40 чалавек); Смоленка Кліноцкага сельсавета (у ліпені 1944 года спалілі 42 двары, загінула 28 чалавек); Станаўка Валевачоўскага сельсавета (у лістападзе 1942 года спалілі 6 двароў, загінула 13 чалавек); Убель Кліноцкага сельсавета (у красавіку 1944 года спалілі 38 двароў, загінула 10 чалавек).

Яшчэ на вуліцах  пераможанага Берліна не знік ваенны дым, як з’явіліся разважанні аб рэалізацыі амерыканскай пасляваеннай дактрыны супраць СССР. Яе змест гэтакі ж ваяўніча-нахабны: “Скончыцца Другая сусветная вайна. Нейкім чынам усё ўтрасецца, уладкуецца. І мы кінем усё, што маем, усё золата, усю матэрыяльную моц і рэсурсы на адурачванне і абалваньванне людзей… Пасеяўшы там хаос, мы непрыкметна падменім іх каштоўнасці на фальшывыя і прымусім іх у гэтыя фальшывыя каштоўнасці верыць. Мы знойдзем сваіх аднадумцаў, сваіх саюзнікаў і памочнікаў у самой Расіі. Эпізод за эпізодам будзе разыгрывацца грандыёзная трагедыя гібелі самага непакорлівага на зямлі народа, канчатковага згасання яго самасвядомасці. З літаратуры і мастацтва мы паступова вытравім сацыяльную сутнасць, адвучым, адаб’ём у іх ахвоту займацца выяўленнем, даследаваннем тых працэсаў, якія адбываюцца ў глыбінях народных мас. Літаратура, тэатр, кіно — усё будзе адлюстроўваць і ўслаўляць самыя нізкія чалавечыя пачуцці. Мы будзем усяляк падтрымліваць і ўзнімаць так званых мастакоў, якія стануць укараняць і ўдаўбліваць у чалавечую свядомасць культ сэксу, насілля, садызму, здрады — словам, усякай амаральнасці. У кіраванні дзяржавай мы створым хаос, блытаніну. Мы будзем непрыкметна, але актыўна і пастаянна спрыяць самадурству чыноўнікаў, хабарнікаў, беспрынцыповасці. Сумленнасць і прыстойнасць будуць абсмейвацца і нікому не стануць патрэбныя, ператворацца ў перажытак мінулага. Хамства і нахабства, хлусня, падман, п’янства і наркаманія, жывёльны страх і бессаромнаць, здрадніцтва, нацыяналізм і варожасць народаў, перш за ўсё варожасць і нянавісць да рускага народа — усё гэта мы будзем спрытна і непрыкметна культываваць. І толькі нямногія, вельмі нямногія будуць здагадвацца або нават разумець, што адбываецца на самой справе. Але такіх людзей  мы паставім у бездапаможнае становішча, ператворым у пасмешышча, знойдзем спосаб іх абылгаць і абвясціць адкідамі грамадства.

Мы будзем расхістваць такім чынам пакаленне за пакаленнем. Мы будзем брацца за людзей з дзіцячых, юнацкіх гадоў, будзем заўсёды галоўную стаўку рабіць на моладзь, станем разбэшчваць яе. Мы зробім з іх касмапалітаў”.

 

Тое, што зараз адбываецца з прыніжэннем некаторымі ролі савецкага народа ў перамозе над нямецка-фашысцкай зграяй,  гэта таксама  ажыццяўленне дактрыны Алена Далеса.

Вось чаму праўдзівасць і памяць аб тых трагічных і гераічных падзеях патрэбна ўсім нам як жыватворная крыніца патрыятычных пачуццяў, як фундамент нацыянальнага гонару і грамадскай згоды. Мы не маем права ні забываць, ні дазваляць усялякім несумленным людзям скажаць нашу слаўную гераічную гісторыю.

А.РУЖЫН

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *