Спартсменам можна i не стаць, а з фiзкультурай сябраваць нiкому не пашкодзiць

Общество

Сёння – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту.

Ігар ФІЛІЧОНАК, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

У  фізкультурна-спартыўнай галіне раёна працуе 57 чалавек. Наша матэыяльная база — гэта два стадыёны, 19 спартыўных залаў, 16 прыстасаваных для заняткаў памяшканняў, 26 комплексных гульнявых пляцовак.

Штогод на Чэрвеньшчыне праводзіцца 60-65 фізкультурна-масавых мерапрыемстваў, у якіх бярэ ўдзел каля 6500 чалавек. Традыцыйнымі і найбольш масавымі сталі спаборніцтвы круглагадовай спартакіяды школьнікаў  па 12 відам спорту, зімовая і летняя спартакіяды дапрызыўнай і прызыўной моладзі, спартакіяда працоўных калектываў па 10 відам спорту, якая праводзіцца сумесна з раённай арганізацыяй прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, спаборніцтвы «Лыжная гонка», турніры і першынствы па відах спорту. Адкрыццё у 2008 годзе пры аддзеле фізкультурна-спартыўнага клуба дало магчымасць актывізаваць работу з сельскім насельніцтвам. Штогод у кожным сельсавеце раёна праводзяцца спартакіяды па сямі відах спорту.

Акрамя фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў, аздараўленню насельніцтва спрыяюць заняткі ў спартыўных секцыях і гуртках, аздараўленчых групах па інтарэсах. У асенне-зімовы перыяд на Чэрвеньшчыне працуе больш за 20 такіх груп агульнай колькасцю да 500 чалавек. Добрыя ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам створаны ў Смілавіцкім філіяле Чэрвенскай СДЮШАР. Да паслуг наведвальнікаў — сучаснае трэнажорнае абсталяванне, більярдны і тэнісны сталы, 2 залы для заняткаў адзінаборствамі, зала рытмічнай гімнастыкі. Штогод зборныя каманды раёна і асобныя спартсмены бяруць удзел у 70-80 абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Падрыхтоўкай спартыўнага рэзерву займаецца Чэрвенская СДЮШАР. Летась школа падрыхтавала 4 кандыдаты ў майстры спорту і аднаго майстра спорту. З цяперашніх выхаванцаў СЮДШАР варта адзначыць Паўла Марозава (лёгкая атлетыка), Ангеліну Юдо і Яўгена Васілеўскага (вольная барацьба) Івана Андрончыка (самба), Дзяніса Вараву і Анастасію Серпітоўскую (таэквандо). Гэтыя навучэнцы неаднаразова станавіліся пераможцамі абласных і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сёлета ў сярэдзіне красавіка выдатна выступіў на Чэмпіянаце Еўропы па самба сярод моладзі, які праходзіў у Празе, выхаванец школы Дзмітрый Яроцкі. Ён стаў бронзавым прызёрам спаборніцтваў у вагавай катэгорыі да 100 кілаграмаў.

У састаў розных нацыянальных каманд Беларусі па відах спорту сёння ўваходзяць шэсць выхаванцаў Чэрвеньскай СДЮШАР. Гэта Святлана і Ілона Усовічы, Кацярына Шыдлоўская (лёгкая атлетыка), Алена Кароль (вольная барацьба), Аляксандр Мрынскі (футбол), Анастасія Навумчык (таэквандо). Асаблівы гонар раёна — член нацыянальнай Паралімпійскай зборнай РБ Людміла Валчок.

Па выніках мінулага года наш раён заняў 2-ое месца ў абласной круглагадовай спартакіядзе сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства і 3-е — у абласных Алімпійскіх днях моладзі.

Шчыра віншую з Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту ўсіх, хто працуе ў гэтай сферы, спартсменаў, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Жадаю моцнага здароўя, аптымізму і дабрабыту.

Сёння на гарадскім стадыёне ў Чэрвені пройдуць фізкультурна-спартыўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да нашага прафесійнага свята. У праграме — спаборніцтвы па міні-футболу, лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў, фінальны матч розыгрышу Кубка газеты «Раённы веснік» па футболу паміж камандамі СДЮШАР-1 і Смілавіцкага аграрнага каледжа, спартакіяды работнікаў і ветэранаў фізічнай культуры і спорту раёна. Прыходзьце!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *