Успамінаецца мне мая школа, настаўнікі і незабыўны выпускны вечар…

Общество

Скончыўся чарговы навучальны год, празвінеў апошні званок, наперадзе выпускны баль… А мне ўспомнілася мая школа, настаўнікі і той далёкі, але незабыўны выпускны вечар.

Заканчвала я Велікапольскую сярэднюю школу — у 1956 годзе. Менавіта тут прайшлі мае юнацкія гады, чароўная школьная пара. З таго часу мінула больш за паўстагоддзя, а ўсё памятаецца, як быццам бы было ўчора: наш выпуск, настаўнікі, прыгожы школьны двор…

Праглядаючы выпускны фотаздымак, які ў мяне захаваўся і да гэтага часу, узгадваю ўсіх пайменна. А гэта — 35 вучняў. Які моцны быў наш клас! Двоечнікаў амаль не было. Больш за палову класа — добрыя і выдатныя вучні. Асабліва адклаліся ў памяці моцныя матэматыкі. Гэта Косця Манулік з в.Язоўкі, Віця Паўловіч з в.Клімаў Лог, Мікалай Гук з в.Велікаполле, Галіна Верабей з в.Калодзежы ды іншыя. Яны лёгка спраўляліся з рашэннем любых задач і нават маглі паспрачацца з настаўнікам наконт варыянтаў рашэння.

З удзячнасцю прыгадваю сваіх незабыўных настаўнікаў, якія ад усёй душы, ад усяго сэрца стараліся даць нам грунтоўныя веды. І гэта ў іх атрымалася! Больш за палову выпуску набылі ў далейшым вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Назаўсёды ў памяці — нашы любімыя настаўнікі: Гук Мікалай Пятровіч (дырэктар школы, выкладчык гісторыі), Абрамава Маргарыта Міхайлаўна (намеснік дырэктара, настаўнік фізікі), Парцянка Кацярына Мікалаеўна (матэматык), Пікус Блюма Абрамаўна (нямецкая мова), Дзерах Вольга Пракопаўна (беларуская мова і літаратура), Глушанава Дыяна Іванаўна (руская мова і літаратура), Філічонак Наталля Ермалаеўна (геаграфія)…

А які адметны вечар (баль) падрыхтавалі настаўнікі і выпускнікі! Якія ўсе былі летуценныя, закаханыя, прыгожыя, у новых святочных уборах… Дзяўчаткі — у белых сукенках, хлопцы — у касцюмах пад гальштукамі. Усё вакол спявала, кружылася, цвіло, як вясновы сад. А ў вушах гучалі развітальныя словы настаўнікаў, іх пажаданні…

Здавалася, век не скончыцца гэтае прыгожае бесклапотнае жыццё! Але час няўмольны. Назад не вернешся. Вось ужо і старасць абдымае нас. Жыццё вельмі хуткаплыннае. Здаецца, не так даўно мы былі маладымі, юнымі. А зараз толькі ва ўспамінах вяртаешся ў тое прыгожае мінулае. І гэтым задавальняешся.

Паважаны наш выпуск! Я дасылаю ўсім вам шчырае сардэчнае прывітанне! Жадаю дастойнай старасці, не хварэць, быць любячымі сярод сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, прыгожа пражыць і гэты адрэзак нашага жыцця.

Да маіх прывітальных слоў далучаюцца і аднакласнікі, з якімі я падтрымліваю сувязь: Марыя Ладуцька і Марыя Тарасік з в.Клімаў Лог, Тамара Буйневіч з в.Калодзежы.  Чакаю вашых водгукаў. Мой тэлефон — 37-7-97.

 

Рэгіна ШАЛУПЕНКА

(РУНЦО), в.Рэчкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *