Аднойчы надвячоркам…

Общество

На дварэ стаяла сярэдзіна сакавіка, але сапраўдная вясна пазнілася. Ноччу ціснуў добры марозік, а днём са змрочнага неба не пераставаў сыпацца снег.

Але вясна — яна і ёсць вясна. Праз колькі дзён разарвала хмары і выглянула, засвяціла сонца. Пайшоу дожджык. I ўсё наўкола ажыло, нават на душы пасвятлела.

На вярбе і ляшчыне з’явіліся коцікі. Загаманілі ручайкі, а ў небе зазвінелі жаўрукі.

Аднойчы ціхім прыгожым надвячоркам выйшаў я ў сад паслухаць вясну. I здзівіўся. За садам, ля сажалкі, дзе ледзьве карпела старая, пашкоджаная Перуном ліпа, барабаніў па ствале дрэва дзюбай дзяцел.

Падышоў да плота, прысеў на кукішкі за кустом агрэсту — у ім ужо шчыравалі пчолы — і стаў моўчкі назіраць за птушкай.

Брушка ў яе, было белае з вохрыстым адценнем і бурымі падоўжнымі штрыхамі. Спінка і крылы чорныя з белымі папярочнымі палоскамі і плямамі, а верх галавы чырвона-стракаты. Гэта быў дзяцел малы стракаты.

Назаўтра раненька, як толькі паказаўся з-за лесу ражок чырвонага сонца, дзяцел прыляцеў да сажалкі зноў. I зноў на ўсю аколіцу, ажно да змяркання, быў чутны яго часты барабанны пошчак.

«Мілая работа, ды дзень малы», — гледзячы на птушку, радаваўся я.

А летам, у чэрвені, калі ля сажалкі, шукаючы жаб, шпацыравалі даўганогія буслы, а ў густой траве ваўсю стракаталі конікі, у садзе, знішчаючы шкоднікаў, разам з бацькамі пераляталі з дрэва на дрэва ажно дзевяць дзятлікаў. Маладзенькіх, у прыгожых малінавых шапачках.

Восенню сям’я зляцела ў лес. Назаўсёды.

А дупло дзятлаў занялі вераб’і. Зімою яны рата-валіся ў ім ад марозу, а летам выводзілі дзетак.

Янка Галубовіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *